Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы спазьняліся на свой цягнік


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Сто гадоў таму ў нашым Берасьці адбываліся мірныя перамовы, якія да сёньня — чульлівая рана ў беларускай душы. Як жа так: у нашым Брэст-Літоўску, а бяз нас? Гэта ж ня Брэст-Падольск нейкі. Ды яшчэ Ўкраіне «выцыганіць» сам горад сабе карцела? Хоць локці кусай.

Аб захопе бальшавікамі ўлады стала вядома на наступны дзень — 8 лістапада (паводле новага стылю) 1917 году. Захоп адбыўся ў ноч з 7 на 8-га. У іншыя гарады навіна дайшла азбукай морзэ, выпаўзла стужкамі з тэлеграфных апаратаў. І вельмі хутка — 20-га — у Кіеве ўжо была абвешчаная Ўкраінская Народная Рэспубліка. У фэдэрацыі з Расейскай рэспублікай, мэты дражніць бальшавікоў «чырвонай анучай» у той дзень не было.

А неўзабаве, празь месяц у Берасьці распачаліся мірныя перамовы паміж немцамі, аўстрыйцамі (плюс балгарамі і туркамі) ды бальшавікамі. І Ўкраіна сядзела за сталом таксама. І пры гэтым успаміне мы адчуваем маральную рану, колькі б ні ўспаміналі: а мы, як жа мы?

Факты — упартая рэч. І даводзіцца сабе сёньня нагадваць, што Ўсебеларускі зьезд у Менску сабраўся толькі напярэдадні перамоваў у Берасьці. Але штось не прадумалі, не падстрахаваліся. Зьезд быў разагнаны бальшавікамі. І таму ніякай БНР, якая б магла прэтэндаваць на ўдзел у перамовах зь немцамі, блізка не было. Значыць — на цягнік спазьніліся. Так што хочаш ня хочаш, даводзіцца жыць надалей з той даўняй крыўдай нашай. І сёньня, у сотую гадавіну падзей. Ты яе кудысь у далёкі кут, ня думаць як пра старую рану стараесься, а яна ўсё роўна смыліць. Такая ўласьцівасьць мінулых паразаў. Што рабіць? Тады хапаеш сябе за плечы і ставіш на месца: але Берасьце, яно само ў Беларусі — кропка. Не журыся больш!

Але не атрымліваецца, калі думкі пра падзеі тых часоў, якім сто год. Урэшце разважаць пра старыя ўрокі ніколі ня шкодна, хутчэй наадварот.

25 студзеня 1918-га ў Вільні зьбіраецца канфэрэнцыя, каб паяднаць розныя сілы: зьехаліся ўдзельнікі з акупаваных немцамі тэрыторый. Вынікам стала стварэньне Віленскай беларускай рады. Пра магчымасьць БНР мовы не было.

А тым часам перамовы немцаў з бальшавікамі працягваліся. І аднойчы выканкам Усебеларускага зьезду, што існаваў у падпольлі, страціўшы нэрвы, дашле ў Берасьце сваіх эмісараў. 15 лютага яны на месцы. Але там усё збольшага вырашана. Лічы, тыдзень назад падпісаная сэпаратная мірная дамова з Украінай. Калі ласка, сказаў «гер германіш» і аддаў украінцам Берасьце, Пінск. Мазыр, Рэчыцу, Гомель. Прыбыўшы пасьля шапачнага разбору, беларускія прадстаўнікі чакалі ў сенцах размовы зь немцамі. Але цягнік ужо сышоў. На што яны спадзяваліся? Што надзея памірае ў апошнюю чаргу?

Мы цешым сябе кволай ілюзіяй, што «дэлегацыя непрызнанай БНР не была дапушчаная да перамоваў», як можна прачытаць часам сёньня. Але хіба ўжо існавала БНР?

Мы папросту вымушаныя працягваць жыць эмоцыямі. Падсьвядома разумеючы, што лепей не зьвяртацца да фактаў: яны — соль на раны. Ну сапраўды: 3 сакавіка нарэшце бальшавікі пагадзіліся падпісаць умовы міру зь Нямеччынай, войскамі якой была ўжо занятая значная частка беларускіх зямель. І толькі 9 сакавіка Другой статутнай граматай, падпісанай камітэтам рады Першага Ўсебеларускага зьезду, Беларусь была абвешчаная Народнай Рэспублікай, БНР. Гучала даволі дэкляратыўна. Ня кажучы: месцы ў цягніку былі занятыя. «Пасуньцеся», сьціпла папрасілі беларусы.

Можна сказаць, у Брэст-Літоўску вызначаўся лёс заходняй часткі былой Расейскай імпэрыі, царскія генэралы былі ў складзе бальшавіцкай дэлегацыі. Але калі глядзець праўдзе ў вочы: ня толькі беларусаў не было там, уласна кажучы, палякаў таксама. І аб сваёй незалежнасьці Польшча заявіць ледзь не праз год пасьля пачатку берасьцейскіх перамоваў. Аднак палякі гэтым часам дбайна стваралі сваё войска. Каб паваяваць за сваю незалежнасьць не на словах. А ў беларусаў і з гэтым нічога ня выйшла. Нібыта беларускія гурткі ў войску пачалі ствараць своечасова, у першай палове 1917-га, на Балтыйскім флёце пры канцы году было васемсот матросаў, гатовых пазмагацца за Беларусь. На ўсіх франтах былі беларускія вайсковыя арганізацыі. Генэралы далучыліся. Але дзейнічалі нерашуча, па-беларуску, вычэквалі. А падзеі трэба было апярэджваць, час быў такі, пільна вымагаў гэтага.

18-24 кастрычніка 1917 году ў Менску адбываўся зьезд беларусаў, што ваявалі на Заходнім фронце, былі прадстаўнікі зь іншых месцаў. Вярхоўны галоўнакамандуючы генэрал Духонін дазволіў, прапанаваў Часоваму ўраду празь месяц распачаць фармаваньне нацыянальна-тэрытарыяльных частак, каб спыніць развал арміі. Генэрал Цыпрыян Кандратовіч атрымаў ад Духоніна дазвол стварыць беларускі полк у Менску, а пасьля гэтага — беларускі корпус на Заходнім фронце.

Але ўладу празь некалькі дзён захапілі бальшавікі. На беларускай арміі можна было паставіць крыж. Рэвалюцыя бальшавікоў, як вядома, — сёньня дзяржаўнае сьвята ў РБ. Іншай краіны з такім сьвятам няма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG