Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскаму сьледчаму за фабрыкацыю справы супраць беларуса-бізнэсоўца пагражае да 5 гадоў турмы


Пракуратура Кіева падазрае начальніка сэктара крымінальнай паліцыі Галасееўскага раёна ўкраінскай сталіцы ў фабрыкацыі справы супраць бізнэсоўца, ураджэнца Беларусі, цяпер грамадзяніна Ўкраіны Цімафея Кахновіча.

Сьледзтва ўстанавіла, што ператрус у будынку Цімафея Кахновіча праводзіўся незаконна, на падставе ілжывых паказаньняў сьведкаў аб датычнасьці бізнэсоўца да незаконнага захоўваньня зброі і боепрыпасаў. Менавіта на падставе гэтых сфабрыкаваных пратаколаў суд дазволіў сьледчым правесьці ператрус. Найбліжэйшым часам суд мае абраць для былога сьледчага меру папярэдняга стрыманьня. Яго падазраюць (па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу Ўкраіны) -у складаньні заведама фальшывых паказаньняў сьведкаў, унясеньні ілжывых зьвестак у афіцыйныя дакумэнты і незаконным правядзеньні ператрусу. Былому паліцэйскаму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Па выніках службовага расьсьледаваньня Дэпартаменту ўнутранай бясьпекі Нацпаліцыі Ўкраіны, паліцэйскі звольнены з пасады. Пасьля завяршэньня дасудовага расьсьледаваньня, суд вызначыць яму меру пакараньня.

Цімафей Кахновіч
Цімафей Кахновіч

Супрацоўнікі Галасееўскага раённага ўпраўленьня паліцыі Кіева 29 сьнежня 2017 году правялі ператрус у доме Цімафея Кахновіча і затрымалі яго спачатку як грамадзяніна Ўкраіны, а пазьней — як грамадзяніна Беларусі, якога вышукваюць беларускія праваахоўнікі паводле абвінавачаньняў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці на падставе запыту ад 2008 году. Кіеўскія сьледчыя хадайнічалі перад судом аб арышце Цімафея Кахновіча, але суд адмовіўся ўхваліць адпаведнае рашэньне.

Цімафей Кахновіч кажа, што зброю яму падкінулі падчас ператрусу, у пацьвярджэньне чаго абнародаваны відэазапіс.

Пасьля таго як гэтая справа займела ва Ўкраіне вялікі рэзананс, пракуратура Кіева адкрыла крымінальную справу паводле прыкмет перавышэньня ўлады ды службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі Галасееўскага ўпраўленьня паліцыі, а справу супраць Цімафея Кахновіча закрылі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG