Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 60 разоў больш наркотыкаў канфіскавалі мытнікі Беларусі ў 2017 годзе ў параўнаньні з 2016-м


Аб’ём канфіскаваных мытнікамі Беларусі ў 2017 годзе наркотыкаў і псыхатропных рэчываў павялічыўся ў 60 разоў у параўнаньні з 2016-м, паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько, перадае БЕЛТА.

Мытныя органы завялі 41 крымінальную справу па фактах незаконнага перамяшчэньня наркотыкаў, што на 17% больш, чым у 2016-м.

«Зь незаконнага абароту канфіскавана больш за 1 тону наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў, што больш як у 60 разоў перавысіла паказьнік 2016 году», — сказаў Юры Сянько.

Паводле яго, практычна 80% наркатычных прэпаратаў, у тым ліку цяжкіх наркотыкаў, накіроўваліся транзытам у Расею.

Раней паведамлялася, што больш за 80% наркотыкаў і псыхатропаў у Беларусі распаўсюджваецца праз інтэрнэт. Таму, паводле МУС, зьяўляюцца новыя формы выяўленьня і стрымліваньня распаўсюду псыхатропаў: інтэрнэт-выведка і праграмнае забесьпячэньне, якое дазваляе выяўляць наркадылераў.

У Беларусі пакараньне за абарот наркотыкаў жорсткае. Згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў» чалавек, датычны да такога абароту пры абцяжарваючых акалічнасьцях, можа атрымаць ад 15 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. І нават да 25, калі ад прададзенага ім рэчыва нехта памрэ. А адказнасьць наступае з 14 гадоў.

XS
SM
MD
LG