Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу беларускага добраахвотніка часова прыпынілі, ён застанецца ў псыхіятрычнай бальніцы


Ігар Кляўко. "Калі б не вайна", сацыяльны валянтэрскі фотопраект.

Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко, які падазраецца ў выкраданьні і наўмысным забойстве жыхара паселішча Мангуш Данецкай вобласьці, яшчэ два месяцы будзе праходзіць лячэньне ў Дняпры ва Ўкраінскай псыхіятрычнай бальніцы са строгім наглядам Міністэрства аховы здароўя, а справа супраць яго прыпыненая да выздараўленьня.

Як адзначаецца ў адпаведным судовым рашэньні, якім падоўжана знаходжаньне Ігара Кляўка ў бальніцы да 16 сакавіка, цяперашні цяжкі дэпрэсіўны стан Ігара Кляўка «пазбаўляе яго здольнасьці ўсьведамляць свае дзеяньні і кіраваць імі».

На думку пракурора, які зьвярнуўся з такім хадайніцтвам да суда, падоўжаньне прымусовага псыхіятрычнага лячэньня ёсьць мэтазгодным і выключае магчымыя небясьпечныя паводзіны беларускага добраахвотніка.

Ігар Кляўко затрыманы летась у лютым паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве. Паводле матэрыялаў справы, ён разам зь іншымі добраахвотнікамі-украінцамі, прыкладна ў другой палове кастрычніка 2014 года, атрымаў заказ «ад асобы, якую зараз намагаецца ўстанавіць сьледзтва, на выкраданьне, незаконнае пазбаўленьне волі і ліквідацыю, то бок наўмыснае забойства» жыхара аднаго з прылеглых да Марыюпалю паселішчаў. Сьледзтва ўстанавіла, што ахвяру вывезьлі 2 лістапада 2014 года ў лесапаласу, расстралялі з аўтамату Калашнікава ў сьпіну і закапалі на месцы. Паводле сьледзтва, выстралы зрабіў менавіта Ігар Кляўко, але ён не прызнае сваё віны.

У чэрвені Ігар Кляўко абвясьціў галадоўку, патрабуючы замены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя кропкі антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG