Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Канфлікт на Данбасе можна спыніць за год», — спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне


Спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне Курт Волкер

Спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне Курт Волкер мае ў пятніцу сустрэцца з памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым. Бакі працягнуць перамовы аб магчымасьці ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе.

Напярэдадні сустрэчы Курт Волкер даў інтэрвію карэспандэнту ВВС і распавёў пра сваё разуменьне таго, як можна скончыць баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны.

На думку Волкера, з моманту ягонага прызначэньня на пасаду спэцпрадстаўніка ў ліпені 2017 году прагрэсу ў перамовах няма, але ён перакананы, што калі Расея нарэшце прыняла іншы пункт погляду і выйшла б з канфлікту, гэта было б у інтарэсах усіх бакоў.

«Мы хацелі б бачыць міратворчую місію, якая гарантавала б бясьпеку, наперш для людзей, якія жывуць у зоне канфлікту», — сказаў Волкер і дадаў, што на дадзены момант колькасьць загінулых і вымушаных перасяленцаў на Данбасе зьяўляецца жахлівай.

Спэцпрадстаўнік ЗША адзначыў, што гэта стварыла б падмурак, на якім можна было б праводзіць мясцовыя выбары, амністыю, увядзеньне палажэньня пра асаблівы статус Данбасу і выкананьне менскіх пагадненьняў — і ў завяршэньні гэтых працэсаў, як і гаворыцца ў пагадненьнях, вяртаньне гэтых тэрыторыяў пад кантроль Украіны. І ўсяго гэтага можна дасягнуць за 12 месяцаў, перакананы Волкер.

Гаворачы пра будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Расеі, Волкер адзначыў, што пакуль невядома, чаго хоча Расея на дадзены момант, але выбары ў Расеі «адкрыюць новую старонку», бо чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна ставіць перад ім пытаньне, якім ён хоча бачыць сваю спадчыну? І ў сувязі з гэтым Волкер спадзяецца, што Пуцін захоча, каб яго бачылі міратворцам:

«Каб, у рэшце рэшт, ён паклаў канец баям паміж расейцамі і ўкраінцамі і аднавіў павагу да Расеі на міжнароднай арэне».

Гэта непатрэбны канфлікт, перакананы спэцпрадстаўнік ЗША, і ў расейцаў няма прычынаў ваяваць з украінцамі на ўсходзе Ўкраіны: па ўсёй Украіне рускамоўныя людзі жывуць звычайным жыцьцём, яны ня церпяць ад дыскрымінацыі.

«Але мы бачылі рэзкае павелічэньне колькасьці парушэньняў палажэньня аб спыненьні агню ў 2017 годзе ў параўнаньні з папярэднімі двума гадамі. І гэта адбываецца пры ўдзеле сіл, якія кантралюе і інструктуе Расея», — з шкадаваньнем адзначыў Волкер.

Менавіта таму, каб прадэманстраваць наяўнасьць сур’ёзнай палітычнай падтрымкі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, ЗША прапанавалі Ўкраіне абарончае ўзбраеньне, хаця «аб’ёмы паставак даволі невялікія ў параўнаньні з колькасьцю танкаў, якія Расея разьмясьціла на ўсходзе Украіны» і гэта ўзбраенне не эфэктыўнае для наступальных апэрацый і эскаляцыі канфлікту, падкрэсьліў спэцпрадстаўнік.

«Украіна, будучы самастойнай краінай, мае права абараняць сябе ад агрэсіі», — дадаў ён.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG