Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханых не забіваюць


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Мае стужкі навінаў запоўнены абмеркаваньнямі таго, як маскоўскі студэнт забіў сваю суседку па кватэры і некалькі разоў згвалціў яе мёртвае цела. Чамусьці ў абмеркаваньнях вельмі часта ўсплывае слова «каханьне».

Кажуць, што ён «забіў каханую», «забіў дзяўчыну праз безадказнае каханьне». Але забіваюць ня тых, каго кахаюць, а тых, каго ненавідзяць.

Забіваюць ня тых, каго кахаюць, а тых, каго ненавідзяць.

Я памятаю, як яшчэ на школьных уроках літаратуры настаўніца расказвала, што ад каханьня да нянавісьці адзін крок, і гэта гучала рамантычна. Але ў разьбітым носе, парэзаным горле і засунутых у рот калготах няма нічога рамантычнага: гэта жорсткае злачынства, а ўсе адсылкі да таго, як «пакутаваў хлопец, бо дзяўчына не хацела быць разам з ім» — гэта самае звычайнае абвінавачваньне ахвяры.

Каханьне праяўляецца праз клопат і добрыя ўчынкі, а не праз нажавыя раненьні і згвалтаваньне. Але асабліва жудасна тое, што гвалт рамантызуецца ня толькі «на кухнях», але і ў сродках масавай інфармацыі.

У 2015 годзе у Гомелі мужчына так прыраўнаваў жанчыну, што ўдарыў яе кулаком у твар, а пасьля біў нагой у жывот. У жанчыны разарваліся ўнутраныя органы, і яна памерла. Эўрарадыё апісала здарэньне наступным чынам: «У Гомелі мужчына забіў каханую ў свой дзень народзінаў». У 2016 годзе ў тым жа горадзе хлопец забіў сякерай дзяўчыну, і Наша Ніва, пішучы пра гэта, таксама чамусьці называе ахвяру «каханай»: «У Гомелі ў сварцы хлопец забіў сякерай 19-гадовую каханую і адправіў смс яе бацькам».

У дзяржаўных СМІ таксама сустракаюцца падобныя загалоўкі. Напрыклад, на пачатку 2017 году газэта «Звязда» перадрукавала навіну БелТА пра тое, як у Жлобіне мужчына зарэзаў жанчыну нажом: «У Жлобіне мужчына забіў каханую і павесіўся сам».

Масавая культура сфармавала ўяўленьне аб каханьні як аб нейкім прыродным катаклізьме.

Такі падыход да апісаньня забойстваў — гэта не выпадковасьць, а сумная тэндэнцыя. Масавая культура даўно сфармавала ўяўленьне аб каханьні як аб нейкім прыродным катаклізьме, які немагчыма кантраляваць. Колькі непрыстойных и злачынных учынкаў было апраўдана словамі «Гэты чалавек ня змог пераадолець запал! Каханьне было надта моцным!»

Безумоўна, існуе паняцьце афэкту, аднак каханьне, здаецца, само па сабе час ад часу лічыцца афэктам. Але ж трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Забіваюць не праз каханьне, а праз рэўнасьць, нежаданьне прызнаць права жанчыны на ўласнае жыцьцё, жаданьня ўлады. І, вядома ж, забіваюць проста таму, што могуць.

І, вядома ж, забіваюць проста таму, што могуць.

Паміж выразамі «мужчына забіў каханую» і «муж забіў жонку» ёсьць велізарная розьніца, бо яны апісваюць розныя рэчы. «Каханая» — гэта эмацыйна афарбаваная адзінка, і яна дакладна недарэчна глядзіцца пры апісаньні ахвяры забойства. Ахвяра можа быць суседкай, дзяўчынай, жонкай, калегай забойцы, але ня можа быць ягонай каханай.

Каханых не забіваюць, іх мёртвыя целы ня гвалцяць, не спрабуюць спаліць, ня рэжуць на часткі і не рассоўваюць у пакеты.

Калі таму студэнту было так невыносна бачыць, як дзяўчына мае стасункі ня зь ім, ён мусіў пераехаць і спыніць з ёй усе кантакты. Гэта была толькі ягоная праблема. Але ён так моцна яе ненавідзеў, што забіў, некалькі разоў згвалціў і апісаў усё зробленае. Гэта ня мае аніякага дачыненьня да каханьня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG