Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Гавары праўду» зарэгістравалі 100 кандыдатаў, ад руху «За свабоду» — паўтара дзясятка


Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарны пікет апазыцыі ў Менску. 18 студзеня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Перадвыбарны пікет апазыцыі ў Менску. 18 студзеня 2018 году

Большасьць апазыцыйных кандыдатаў на мясцовых выбарах 18 лютага складаюць афіцыйна зарэгістраваныя партыі АГП, «Справядлівы сьвет», БСДП (Грамада) і БНФ, якія разам вылучылі 174 чалавекі.

Дзьве апазыцыйныя арганізацыі («Гавары праўду» і рух «За свабоду») разам вылучылі супастаўны лік кандыдатаў — каля 120.

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» ўжо мае болей за 100 зарэгістраваных кандыдатаў.

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк

«Выйдзем дзесьці на 103-104 прэтэндэнты. Учора менская гарадзкая выбарчая камісія аднавіла правы Аляксандра Камарова, які балятуецца ў 49-й сталічнай акрузе. Спадзяёмся, што яшчэ пару-тройку чалавек вернуць у выбарчую кампанію: у каго камісіі, у каго суды. Мы „страцілі“ за 60 чалавек, асабліва ў сталіцы, дзе адмовілі палове вылучэнцаў „Гавары праўду“. Аднак па Беларусі будзем мець сотню зь невялікім гакам» — сказаў Свабодзе кіраўнік выбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк.

Ён адзначыў, што параўнальна з папярэднімі мясцовымі выбарамі колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў мала зьмянілася.

«І тады нас было каля ста. Але цяпер ёсьць прынцыповая розьніца. Сёлета з усіх нашых прэтэндэнтаў толькі чатыры — партыйцы. Усе астатнія — беспартыйныя. А ў 2014 годзе шмат было партыйцаў», — тлумачыць спадар Вазьняк.

Ад руху «За свабоду» пакуль дакладна зарэгістравана 14 чалавек. Гэтую лічбу Свабодзе называе кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Нашых дваіх ужо ўзнавілі. Спрабуюць узнавіцца праз суд Вольга Быкоўская, Віктар Янчурэвіч, яшчэ некалькі чалавек. Усе нашы кандыдаты — рухаўцы. Сярод іх ёсьць некалькі чалавек з Партыі БНФ. Але і яны вылучыліся не ад партыі, а праз збор подпісаў», — адзначыў кіраўнік руху.

У 2014 годзе рух меў каля 60 кандыдатаў у дэпутаты.

«Але тады абсалютная бальшыня зь іх належалі да палітычных партыяў», — тлумачыць сытуацыю Юрась Губарэвіч.

Ні рух «За свабоду», ні кампанія «Гавары праўду» па выніках мінулых мясцовых выбараў не атрымалі ніводнага дэпутацкага мандату, які і зарэгістраваныя апазыцыйныя партыі.

Падчас папярэдніх мясцовых выбараў па ўсёй Беларусі быў выбраны толькі адзін апазыцыйны кандыдат — у Першамайскім сельсавеце Бярозаўскага раёну дэпутатам стаў сябра аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Валер Білібуха.

Колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў ад апазыцыі ўпала на чвэрць за чатыры гады

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG