Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаблі, апэльсіны і гарэлка для дэпутатаў


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Апошнім часам «навіны» наконт пачаткаў беларускай дзяржаўнасьці ў Полацку даходзяць нават да начальства. І яно іх агучвае. Цікава, аднак, што менавіта полацкая шляхта карысталася асаблівымі прывілеямі ўжо ў Рэчы Паспалітай. Да самага канца кіраваньня каралёў. Пакуль пецярбурская царыца не анэксавала беларускія землі.

Асаблівасьцю Полацкага ваяводзтва было тое, што «мясцовы ваявода тут не адразу прызначаўся каралём, а спачатку абіраўся на элекцыйным сойміку і толькі потым выбар шляхты зацьвярджаўся каралём», піша гісторык Андрэй Мацук у кнізе «Полацкае ваяводзтва ў ХVІІІ стагодзьдзі. Ваявода, шляхецкая эліта, соймікі».

Нярэдка даходзіла папросту да баламуцтва

Калі чытаеш кнігі пра тыя часы, сутыкаесься, я б сказаў, са сьветам свавольства, чым вылучалася некалі шляхецкая дэмакратыя. Нярэдка даходзіла папросту да баламуцтва. На соймікі, як вядома, зьяжджаліся як на кірмаш. Сарваць пасяджэньне, памахаць шабелькай, учыніць бойку і — у карчму ці ў шынок! Што азначала цікава правесьці час, вырваўшыся з гаспадарчых будняў на сваёй сядзібе.

Уласна кажучы, тым самым мог займацца (і займаўся!) той жа Радзівіл на сойме ў Варшаве ці ў Горадні. А «мода», як вядома, распаўсюджваецца са сталічных гарадоў.

Галасы, калі іх не хапала для твайго абраньня, можна было купіць

Не, з аднаго боку, шляхта магла мець асабістыя прыхільнасьці, што можна было б назваць «палітычнымі сымпатыямі», самастойна выбіраць — да якога лягеру далучыцца, якога кандыдата падтрымаць. З другога, так ці інакш мясцовым палітычным жыцьцём кіравалі магнаты, чыімі людзьмі ствараліся асноўныя «партыі». І галасы, калі іх не хапала для твайго абраньня, можна было купіць. Што звычайна і рабілася. За нейкія рэчы, даброты, за будучыя пасады. З аднаго боку, нібы незалежныя шляхцюкі, з другога, можна сказаць, галасы — на продаж.

Самым выдатным чынам гэтыя звычкі, атмасфэру мясцовых соймікаў у літаратуры перадаў некалі Ігнат Ходзька ва «Ўспамінах зборшчыка ахвяраваньняў» (пісаў ён, як вядома, па-польску). Калісьці я быў так захоплены творам, што пачаў перакладаць яго, але не закончыў. («Успаміны…» выйшлі нядаўна ў «кішэннай» сэрыі, што выдае Уладзімір Сіўчыкаў, пераклаў — Мікола Хаўстовіч). Героямі ў Ходзькі выступаюць якраз Рэўт, Сулістроўскі, Бжастоўскі ды іншыя, прозьвішчы якіх трапляюцца і ў кнізе гісторыка Мацука.

Указвалася, што ўрады ў ВКЛ павінны былі надавацца толькі літвінам

У аснову палітычнага жыцьця, ажыцьцяўленьня ўлады былі закладзеныя канкрэтныя мэханізмы, аб чым піша аўтар. Таму жыцьцё ў ВКЛ нельга было назваць царствам хаосу ці бязладзьдзя. Напрыклад, калі полацкая дэпутацыя зьбіралася на будучы сойм, дзе будзе абраны новы кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, была складзеная «інструкцыя». Што было ў гэтым дакумэнце? Перш, патрабаваньне, каб каралём абралі паляка (а не саксонцаў, як было ў папярэднія часы). Тым жа часам указвалася, што ўрады ў ВКЛ павінны былі надавацца толькі літвінам. Далей: каб адна асоба атрымлівала ў падпарадкаваньне ня больш за адно староства, калі ўжо мела прыбыткаў больш за пяцьдзесят тысяч. Патрабавалася дамагацца кампэнсацыі за шкоды, нанесеныя маршам праз ваяводзтва расейскіх войскаў, што адбыло ў 1756 годзе. Шляхта выказвала падтрымку уніятам у канфліктах з праваслаўнымі і з габрэямі. Інструкцыя ўтрымлівала і абавязковы пункт — патрабаваньне зноў пацьвердзіць «канстытуцыяй» сойму права на вольны выбар мясцовай шляхтай полацкага ваяводы.

Хапала і іншых патрабаваньняў у такіх дакумэнтах менавіта ў гэты час. Напрыклад, шляхта жадала, каб расейскі бок кампэнсаваў захоп і вываз у Расею (!) сялян. Але даваўся дэпутатам і наказ, каб «Фамілія» (так называлі Чартарыйскіх, што правялі свайго кандыдата на караля) рэфармавала дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай (потым спробы ажыцьцявіць гэта будзе рабіць, пры супраціве магнатаў, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі).

Адным словам, усё магло быць нядрэнна, каб не мышыная валтузьня ўнутрыпалітычных груповак. Вынікі прыводзіць Андрэй Мацук: з 1717 да 1763 году з дваццаці двух полацкіх соймікаў, на якіх выбіраліся дэпутаты, дзесяць закончыліся нічым. Соймікі іншага ўзроўню зрываліся яшчэ часьцей. З чаго вынікае: дзяржаўны мэханізм дзейнічаў значна горш, чым мог бы. Да такіх высноваў прыходзіць чытач кнігі пра Полацкае ваяводзтва ў ХVІІІ стагодзьдзі. Усе пазьнейшыя высілкі новага караля рашуча палепшыць становішча ў межах усяе Рэчы Паспалітай вялікіх вынікаў не далі. Што, як вядома, выкарысталі суседнія Расея, Прусія і Аўстрыя, каб скасаваць краіну. Да слова: як вядома, частка гэтых фатальных падзеяў адбылася ў Горадні.

З 1728 да 1753 году ў Полацку не было ваяводы

Рашучасьць полацкай шляхты трымацца свайго права самой выбіраць ваяводу ня можа не выклікаць павагі. Але чым у рэчаіснасьці яна абарочвалася? Аб гэтым піша Андрэй Мацук. 25 год, з 1728 да 1753 году ў Полацку не было ваяводы! Наогул. І ўладу на месцы ажыцьцяўляў прадстаўнік, прызначаны каралём.

Хто ведае, магчыма шляхта ўрэшце засумавала без уласнага ваяводы і нарэшце дазволіла сябе ўгаварыць. У 1753 годзе на пасаду быў абраны Аляксандар Міхал Сапега. Выбарчая кампанія была надзвычай складанай для Сапегаў. Напрыклад, для прымірэньня двух значных шляхецкіх груповак патрэбна было дзьве тысячы талераў. У сярэдзіне сьнежня 1752 адчулася, што грошай на кампанію можа не хапіць. Сапегу давялося пазычыць значныя сумы ў сваіх палітычных прыхільнікаў. Каб залагодзіць патрэбных шляхецкіх выбаршчыкаў, Сапегі дасылаюць дзесяць бочак вэнгерскага віна, зь Вільні і з Рыгі, піша аўтар кнігі. Мёд і гарэлку закупілі на месцы, у полацкіх езуітаў. Быў падрыхтаваны воз шабель і шапак. Лічба шапак называецца — шэсьцьдзесят штук. Шаблі і шапкі мелі раздаць прыхільнай шляхце.

Сам соймік закончыўся за паўгадзіны

Пасьпяховыя выбары ваяводы тлумачацца выдатнай падрыхтоўчай працай, зазначае гісторык: «Быў праведзены грунтоўны аналіз унутрыпалітычнага становішча Полацкага ваяводзтва, вылучаны асноўныя шляхецкія групоўкі… абгавораныя асноўныя ўмовы іх магчымай згоды на кандыдатуру Аляксандра Сапегі. Больш за тое, была праведзеная ўдалая праца па выяўленьні варожых захадаў іншых магнацкіх груповак (Радзівілаў і Агінскіх) для зрыву элекцыйнага сойміка па абраньні полацкага ваяводы». Усе перашкоды былі зьліквідаваныя за тры дні да падзеі, а сам соймік закончыўся за паўгадзіны. Рэкорд!

Шляхта была такой задаволенай, што адны лямантавалі, другія ад радасьці плакалі і амаль што на руках занесьлі новага ваяводу ў касьцёл.

І як жа ён быў зьдзіўлены, калі падлічылі, што ўсе выдаткі на выбары аказаліся меншымі, чым чакалася. Агулам — чатыры тысячы чырвоных злотых. На падарункі пайшоў — мізэр. Усяго 104 злотыя віленскім купцам за раздадзеныя шляхце шаблі, шапкі і галянтарэю. Раздавалі таксама, між іншым, соль.

Ня выпітымі засталіся шэсьць бочак «заморскага» і частка бочкі вэнгерскага віна

Але гэта яшчэ ня ўсё. Выявілася, што ня выпітымі засталіся шэсьць бочак «заморскага» і частка бочкі вэнгерскага віна. Апроч таго, пяцьдзесят шабляў з возу засталіся неразабранымі. Што зь імі рабіць? Пакінуць у Полацку на будучыню, ці вярнуць віленскім купцам? Пакуль Сапега мучыўся дылемай, у езуітаў, бэрнардынцаў і ў місіянэраў у катэдральным саборы адбыліся сьвяточныя службы з нагоды яго абраньня.

Калі ў прачытанай кнізе трапляюцца факты, узьнікае думка напісаць раман. Адно перашкаджала мне як чытачу: бясконцае паўтарэньне слова «полацкі». У адным, вельмі расьцягнутым сказе, яно трапляецца ажно дзевяць разоў! Аднак чытачу і так зразумела, аб якой шляхце мова ў кнізе, калі на вокладцы напісана, што яна прысьвечаная Полацкаму ваяводзтву. Гэта — мінус выданьня, хаця яно ажыцьцёўлена пад шапкай Акадэміі навук «Беларускай навукай».

Шапкі, шаблі? Дэпутаты — таксама людзі. І былі імі ва ўсе часы. Пісьменьнік Аляксей Карпюк пісаў пра савецкага дэпутата-жанчыну. Што было на сэсіі? — пацікавіліся ў яе. Давалі апэльсіны ў буфэце, адказала яна. Больш нічога цікавага не адбывалася.

Самым цікавым быў фуршэт у вэстыбюлі ў перапынку

Я сам прыпамінаю сэсіі Горадзенскага абласнога Савету. Мы хадзілі на іх з маім загадчыкам аддзелу з «Гродненской правды». Сядзелі «на другім паверсе» ў ложы. Нічога цікавага сапраўды не адбывалася. Да наступленьня позьнегарбачоўскіх часоў. Самым цікавым былі фуршэт у вэстыбюлі ў перапынку (усё вельмі смачнае!) і талёны на дэфіцытныя кнігі. Мне загадчык таксама даваў. Але такая літаратура — раманы пра Сьцяпана Разіна ці Емельяна Пугачова — мяне не цікавіла.

Пасьля сэсіі дэпутаты разьяжджаліся па вобласьці з апэльсінамі і раманамі. Раздача шапак і шабель засталіся ў далёкім мінулым. Чаго ня скажаш аб гарэлцы. Калісьці мы з рэдактарам газэты «Свабода» Герменчуком хадзілі перакусіць у дэпутацкі буфэт у будынку на Карла Маркса, 38, першы раз там убачыў новую гарэлку «Белая Русь». Цяпер гмах займае прэзыдэнцкая адміністрацыя.

Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста пяты» распавядае аб драматычных падзеях 11–13 красавіка, як можна расцаніць тое, што адбывалася тады ў Вярхоўным Савеце:

«Нарэшце, дэпутаты, якія засталіся ў Авальнай залі, зацьвердзілі ўсе пытаньні рэфэрэндуму ды з энтузіязмам абвясьцілі 7 лістапада, дзень «кастрычніцкай рэвалюцыі» — дзяржаўным сьвятам.

Лукашэнка зноў і зноў браў слова, агітаваў за саюз з Расеяй, прагаворваўся, што выбары не адбудуцца, што ніводзін дэпутат Апазыцыі БНФ у новы Вярхоўны Савет не патрапіць.

А ў буфэце пад Авальнай заляй ужо былі накрытыя сталы.

Урыўкі са стэнаграмы:

Лукашэнка: «… я приглашу сейчас этот весь зал за счёт государства. Слышите? Я имею право. И выпьем и по сто, и по двести граммов…»

Грыб: «Дзякуй. Усіх вас чакаюць у буфэце.»

Вяртаючыся да выбараў полацкага ваяводы: чаму тады, у 1753 годзе, засталося ня выпітым віно? Вэнгерскае і заморскае? Можа ўся прычына ў надвор’і? Сярэдзіна зімы, сьнег, мароз! Шляхта аддала перавагу чарцы, каб пагрэцца? Самаробнай, ад езуітаў. Да «Белай Русі» яшчэ было бясконца далёка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG