Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя знайшла хуліганаў, якія зьбілі анархіста Касінерава


Вячаслаў Касінераў пасьля бойкі ў Маладэчне

Хуліганаў, якія зьбілі анархіста Вячаслава Касінерава і ягоных знаёмых на Цэнтральнай плошчы 21 чэрвеня 2017 году ў Маладэчне, знайшлі і асудзілі.

Хоць пацярпелыя так і не зьвярнуліся ў міліцыю, хуліганаў адшукалі, паведамляе прэс-служба УУС Менаблвыканкаму.

Чацьвярых хлапцоў затрымалі ў пачатку верасьня: тром зь іх па 20 гадоў, аднаму — 22, яны жыхары Маладэчна, Вілейскага раёну і Смаргоні. Усе чацьвёра віны не адмаўлялі, суд прызначыў усім ім пакараньне ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы. У тэрмін адбыцьця пакараньня залічыўся час утрыманьня пад вартай з моманту затрыманьня і да заканчэньня суду, таму пакараньне палічылі адбытым.

«Пацярпелы павёў сябе вельмі своеасабліва»

У паведамленьні прэс-службы гаворыцца, што ў міліцыю Вячаслаў Касінераў не зьвярнуўся, і пра бойку ў Маладэчне міліцыянты «даведаліся ад мэдыкаў, да якіх зьвярнуўся хлопец зь пераломам носа і чэрапна-мазгавой траўмай». Міліцыя зьвязалася з самім Касінеравым, але той нібыта заявіў, што ўсё гэта — «вынік няўдалага падзеньня». Затое на наступную раніцу загалоўкамі «на тэму дзёрзкага зьбіцьця застракацеў інтэрнэт».

Пасьля гэтага, паведамляе афіцыйны прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкаму, СМІ, якія напісалі пра здарэньне, званілі ў міліцыю, цікавіліся падрабязнасьцямі здарэньня, казалі пра «нейкую палітычную падаплёку. (...) У якасьці варыянту разглядалася нават тое, што тое, што адбылося, ледзь не правакацыя нейкіх сілавікоў у дачыненьні да актывіста».

«Нягледзячы на зьедлівыя сумневы»

У афіцыйным паведамленьні гаворыцца таксама, што ў інтэрнэце было багата камэнтароў кшталту «ніколі ня знойдуць, ды і шукаць ня будуць...», але «нягледзячы на зьедлівыя сумневы, супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі асобаў, якія маюць дачыненьне да зьбіцьця кампаніі Вячаслава Касінерава».

«Неймавернымі высілкамі ўдзельнікаў судовага працэсу літаральна па крупінках прыйшлося аднаўляць падзеі ў памяці пацярпелых», якія, маўляў, на пытаньні пра тое, што адбылося ў той вечар, увесь час адказвалі «ня памятаю» і ўсяляк «перашкаджалі сьледзтву», гаворыцца ў паведамленьні, але ўрэшце рэшт «зь неахвотай Вячаслаў Касінераў прызнаў, што ён і яго кампанія былі зьбітыя групай незнаёмых яму маладых людзей».

У мінулым годзе увечары 21 чэрвеня на Цэнтральнай плошчы Маладэчна кампанія хуліганаў на вачах у мінакоў напала на двух хлопцаў і дзьвюх дзяўчат, якія гулялі па горадзе. Сярод пацярпелых быў анархіст Вячаслаў Касінераў. Паводле Касінерава, на іх напалі каля 20-25 чалавек нэанацысцкіх поглядаў, за палітычныя погляды, ягоныя сябры бачылі некалькі «бітком набітых машынаў, якія езьдзілі па горадзе і шукалі яго і сяброў», білі ў тым ліку дзяўчат..

Вячаслаў Касінераў — актывіст анархісцкіх поглядаў, фігурант «справы графіцістаў», у 2017 годзе аштрафаваны таксама за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Штраф за пэрформанс са скульптурай далі нягледзячы на тое, што пракурор запатрабаваў для Касінерава 2 гады «хатняй хіміі», а начальнік менскай міліцыі Аляксандар Барукоў называў скульптуру «сьвятым месцам». Пасьля суду Касінераў мяркуе, што за ім могуць сачыць спэцслужбы: так, яго хацелі затрымаць, калі ён адпраўляў лісты ў турму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG