Супраць жыхара расейскага гораду Арол Аляксандра Быўшава, якога абвінавацілі ў распальваньні нянавісьці за верш «На независимость Украины», пачалі справу аб перашкодзе сьледзтву. Падсудны распавёў выданьню «ОВД-Инфо», што падставай паслужылі яго кантакты з журналістамі і публікацыя інфармацыі пра судовы працэс.
Паводле Быўшава, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, абвінавачваньне дамагаецца, каб яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар і канфіскавалі ў яго кампутар.
Да жніўня 2014 году Аляксандар Быўшаў працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў сярэдняй школе, аднак пасьля публікацыі ў мясцовай газэце «Заря» верша «Украинским патриотам» яго адхілілі ад працы, а былыя калегі і вучні выступілі супраць яго ў судзе.
Вершы «Украинским патриотам» і «Украинские повстанцы», у якіх асуджаюцца дзеяньні Расеі ў адносінах да Ўкраіны і анэксія Крыму, прызнаныя экстрэмісцкімі. Сам паэт унесены ў фэдэральны спіс экстрэмістаў, яго банкаўскія рахункі заблякаваныя.
Улетку 2015 года Быўшава за вершы асудзілі на 300 гадзін абавязковых работ паводле артыкулу аб «распальваньні нянавісьці ці варожасьці» у дачыненьні да групы асоб «расейцы».