Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў заявіў, што зьніклага сьпевака маглі забіць сваякі


Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і сьпявак Зэлімхан Бакаеў
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і сьпявак Зэлімхан Бакаеў

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што зьніклы чачэнскі сьпявак Зэлімхан Бакаеў, магчыма, быў забіты. 17 студзеня на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур Кадыраў фактычна абвінаваціў сваякоў Бакаева ў яго забойстве. Відэа з выступам Кадырава зьявілася ў эфіры чачэнскага дзяржаўнага тэлеканалу «Грозны».

Чаму вы ўцягваеце нас у свае разборкі?

«Свой сын, праз тое, што яны не могуць сказаць, што ён іх, самі яго ня збераглі. Цяпер кажуць, што яго забралі на загад Кадырава, Кадыраў яго забраў. Вы бачылі, што я даваў загад? Вы бачылі, што яго ловяць? Вы бачылі, што яго пасадзілі? У вас ёсьць якія-небудзь доказы, [каб] гэта сьцьвярджаць? Я па тэлевізары выступіў і сказаў пра яго? Ці сказаў схапіць яго? Ці паліцыянты яго затрымалі? У сябе ўнутры сямейныя праблемы, ня змаглі яго спыніць. Потым [сказалі яму] "прыяжджай", а калі ён прыехаў тыя, мабыць, стрыечныя або траюрадныя браты прад’явілі яму, што ты тыпу гэта [гей]. Праз гэта кажуць, што Кадыраў яму нешта зрабіў? У іх што, у вёсцы наогул няма мужчын? У іх у родзе няўжо няма мужчын нармальных? Яны ж ведалі, чым займаўся іх сваяк. Не хочуць казаць, сказаць, тыпу, гэта мы [забілі], гэта наш мужчына, гэта мы зрабілі. Яны выдатна ведаюць, хто іх сваяк. А потым, тыпу, гэта Кадыраў ўсё зрабіў. У іх у родзе няма нікога, хто б сказаў, тыпу, гэта наш мужчына, нашы справы, і мы самі разьбярэмся. Да гэтага мы ведалі, чым ён займаецца ў Маскве і заплюшчвалі вочы на гэта. Адкуль нам ведаць, дзе ён. Чаму вы ўцягваеце нас у свае разборкі?» — сказаў Кадыраў.

Ніхто яго ў родзе не чапаў, і чапаць не было за што.

Бацька зьніклага сьпевака Хусэйн Бакаеў у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што родныя ў выкраданьні ягонага сына удзелу не прымалі: «Ніхто яго дадому не забіраў, ён нармальны чалавек, а ня той, кім яго хочуць зрабіць у вачах грамадзкасьці. Ніхто яго ў родзе не чапаў, і чапаць не было за што», — сказаў ён. Сябры сьпевака, з якімі ўдалося пагаварыць журналісту Радыё Свабода, таксама ня вераць у тое, што Бакаева маглі забіць сваякі.

На тое, што Зэлімхана Бакаева выкралі менавіта чачэнскія сілавікі, паказвае і відэа, якое зьявілася 24 верасьня 2017 году ў эфіры грозьненскага тэлебачаньня. На ім Бакаеў, зьвяртаючыся да сябра Іслама, паведамляе, што знаходзіцца ў Нямеччыне. Блізкія сьпевака і праваабаронцы тады назвалі відэа пастановачным і сфабрыкаваным. У Эўракамісіі пацьвердзілі, што зьніклы сьпявак не заяжджаў на тэрыторыю Эўразьвязу.

Зэлімхан Бакаеў на відэа з Youtube
Зэлімхан Бакаеў на відэа з Youtube

Што казалі сябры Бакаева казалі ў верасьні 2017 году пра «Бакаева» на відэа

  • На відэа Бакаеў «схуднелы, змарнелы, ацёк нейкі на твары», кажа М., блізкая сяброўка сьпевака. «Я Зэліма ведаю як аблупленага, я ведаю, як ён сябе паводзіць, калі вып’е, калі яму дрэнна, калі яму добра. Ён сьпявак, ён не актор, ён не ўмее граць, акрамя таго, ён ніколі ня стаў бы запісваць такое відэа: Зэлім заўсёды дасылаў галасавыя паведамленьні». Зэлім паводзіць сябе ненатуральна, гаворыць паводле завучанага тэксту, паведамляючы, як для справаздачы, месца знаходжаньня, пару году і нават паказваючы ў якасьці рэпэрнага пункту на новую песьню сьпявачкі Рыяны Wild Thoughts, якая выйшла ў чэрвені 2017 году.
  • «І бараду яму зрабілі сьпехам, так, як ён ніколі не зрабіў бы, і стрыжку яму зрабілі агідную», — кажа прыяцель Зэлімхана — Б.
  • «Ён ад прыроды досыць дужы, біцэпсы буйныя, а тут ён вельмі худы, я ніколі яго такім ня бачыў, у яго рэмень вакол таліі ледзь не два разы, па-мойму, абкручаны», — заявіў яшчэ адзін сябар КЧ. «Ён сеў за столік, як нейкі барон з 80-х. Ён так сябе не паводзіў, ён быў як усе маладыя людзі. Ну хто цяпер п’е энэргетыкі, каб кайфануць?»
  • «Яго паводзіны на відэа — гэта поўная яго супрацьлегласьць яму. Недарэчныя танцы, скаваныя рухі, ідыёцкая фрызура», — сябар Р., які гаварыў з Зэлімханам Бакаевым за дзень да яго зьнікненьня. Тады «ён амаль нагала пагаліўся. У відэа кажа, што сярэдзіна жніўня, — як за такі кароткі час маглі валасы адрасьці?»
Зэлім Бакаеў: зьлева — скрыншот зь відэа ЧГТРК, справа — апошняе сэлфі перад адлётам у Чачэнію, зьнятае ў самалёце. У самалёце ў Бакаева амаль выгаленыя віскі, на відэа «зь Нямеччыны» валасы доўгія
Зэлім Бакаеў: зьлева — скрыншот зь відэа ЧГТРК, справа — апошняе сэлфі перад адлётам у Чачэнію, зьнятае ў самалёце. У самалёце ў Бакаева амаль выгаленыя віскі, на відэа «зь Нямеччыны» валасы доўгія

На што пасьля відэа зьвярнулі ўвагу псыхолягі

Відэа паказалі псыхолягу Вользе Махоўскай і прэзыдэнту міжрэгіянальнай грамадзкай арганізацыі «Ліга абароны лекараў», лекару-неўролягу Сямёну Гальперыну.

  • «Я зьвярнула ўвагу, што герой не ў найлепшым стане: кругі пад вачыма, як быццам ён ці то ня спаў, ці то рыдаў тры дні, — кажа Махоўская. — Уражаньне, што ён вельмі стаміўся і яго радасьць паказная, што ён спрабуе размаўляць весела, але гэта ажытацыя на фоне дэпрэсіі. Мы [псыхолягі] заўсёды адрозьніваем, які ўзровень вітальнасьці ў чалавека, тут вось ёсьць неадпаведнасьць паміж гэтым бравурным тэкстам і змардаваным выглядам».
  • Сямён Гальперын адзначыў, што Бакаеў «рэляксаваны і зьлёгку затарможаны, магчыма, пад дзеяньнем алькаголю або нейкага іншага сродку», зрэшты, сьлядоў катаваньняў спэцыяліст ня ўбачыў: «Ён самастойна перасоўваецца, відавочных траўмаў не відаць, але ці перанёс ён катаваньні, казаць без агляду няма сэнсу», — кажа Сямён Гальперын.

Што дзіўнага ў самім відэа

  • Абстаноўка ў памяшканьні, дзе запісана відэа, ня толькі не падобная на нямецкую кватэру, але нагадвае дэкарацыі: «Яны там пастаянна займаюцца такімі фэйкамі, — кажа знаёмая сьпевака Л., якая працавала на ЧГТРК. — Яны маглі, калі забыліся нешта зьняць на якой-небудзь важнай нарадзе з чыноўнікамі, узнавіць падобнае памяшканьне ў рэдакцыі і даздымаць патрэбныя кадры са статыстамі».
  • Выданне «Медиазона» са спасылкай на прэс-службу PepsiCo напісала, што адзін з энэргетыкаў, што стаяць на стале — Drive Meне прадаецца ў Нямеччыне.
  • У пакоі зашморгнуты шторы, незразумела ня толькі дзе знаходзіцца Бакаеў, але нават час сутак і пара году, калі зьнята відэа.
  • Прадметы абстаноўкі і дэкор тыповыя для Чачні:
  1. На відэа Бакаеў сядзіць на канапе «Нова 140» ад маскоўскай фабрыкі Rival.
  2. Побач з канапай стаіць крэсла-качалка «Вега» вытворчасьці расейскай кампаніі «Элегія» з Баравічоў.
  3. ТВ прыстаўка і побач два пульты на этажэрцы — ад тэлевізара і ад «Трыкалора» («Трыкалор ТВ» — папулярная, у тым ліку на Каўказе, тэлекамунікацыйная кампанія).
  4. Разэткі, танныя кветкі ў вазе — паводле сяброў Бакаева, любімы элемэнт дызайну чачэнцаў.
  5. Дыван на падлозе.

Чаму сябры асьцерагаліся за жыцьцё сьпевака

Сябры сьпевака баяліся, што зьяўленьне відэа можа канчаткова забраць надзею на вызваленьне Зэлімхана: «Каб зьняць яго, яму, напэўна, паабяцалі, што яго адпусьцяць, але па факце яны ўсім паказалі, што ён за мяжой і гэта ня іх праблема, і цяпер ад яго могуць проста пазбавіцца», - казаў сябар КЧ.

Паводле сяброў Бакаева, у Грозны яго выцягвалі даўно: «Пра яго хадзілі розныя чуткі, што ён у Маскве жыў няправільна, частка зь іх — проста фантазіі, але яны маглі кагосьці раззлаваць», — кажа сябар сьпевака М.

Адзін з рабочых кантактаў Бакаева настойліва прапаноўваў яму вярнуцца ў Чачню, пра гэта ў інтэрвію «Кавказ.Реалии» заявіла і Зэлімава маці: «У Зэліма 10 жніўня быў кастынг у Маскве на «Фабрыцы зорак» (на сайце Муз-ТВ ёсьць анкета сьпевака), — кажа М. — І вось ХХ тэлефануе яму і кажа, што ён тэрмінова павінен прыехаць, таму што ў Грозны прыяжджае нейкі прадзюсэр з Муз-ТВ і ён хоча іх пазнаёміць, каб у Зэліма было 10-га „зялёнае сьвятло“. Зэлім пытаецца, чаму ён у Маскве ня можа з гэтым прадзюсэрам пазнаёміцца, тым больш што ён, паводле ХХ, на другі дзень у Маскву вяртаўся, але ён яму сказаў, што гэта немагчыма, што трэба абавязкова ў Грозным сустракацца», - распавядае М.

Два відэа з Бакаевым зьявіліся ў YouTube на старонцы нейкага Арцёма Лебедзева, іншых матэрыялаў на гэтай старонцы няма. ЧГТРК выдала навіну літаральна празь дзьве гадзіны, прычым подпіс пад відэа ў Лебедзева падобны паводле стылістыкі на тэкст чачэнскага тэлебачаньня.

Бакаеў знаходзіцца ў пакоі зь нейкім Русам, які трымае камэру, і зьвяртаецца да сябра Іслама. Радыё Свабода ўдалося высьветліць, што Іслам і праўда пражывае ў Галяндыі, але ніякага відэа ад Бакаева не атрымліваў і апошнім часам зь ім ня меў зносінаў. «Так Іслам — гэта наогул „прывітанне-пакуль“, - кажа М., — калі б Зэлім з кімсьці хацеў зьвязацца, ён бы мне напісаў».

Рус — таксама Зэлімаў прыяцель, які ня бачыўся зь ім з моманту свайго ад’езду з Расеі, прычым жыве Рус далёка ад Нямеччыны і з Зэлімам таксама даўно не размаўляў. Іслам і Рус знаёмыя, Рус на відэа не прамаўляе ні слова, а Зэлім пры гэтым абяцае пазнаёміць Іслама зь нейкім сваім «сябрам», не ўдакладняючы, мае ён на ўвазе Руса ці не.

Што казалі раней улады Чачні пра зьнікненьне сьпевака

  • Сьпявак мог уцячы з краіны адразу, калі вакол зьнікненьня сьпевака разгарэўся скандал. Ужо на другі дзень пасьля зьяўленьня навіны ў СМІ міністар Чачэнскай рэспублікі па нацыянальнай палітыцы, зьнешніх сувязях, друку і інфармацыі Джамбулат Умараў назваў «глупствам» паведамленьні аб зьнікненьні Бакаева. Паводле Ўмарава, сьпявак зьявіцца «празь некаторы час».
  • Былы мэнэджэр Бакаева з Чачні Гілані Стаднік паведаміў, што сьпявак мог схавацца з-за канфлікту ў сям’і, выкліканага нэгатыўным стаўленьнем родных да яго творчасьці, якая не прыносіла грошай і здавалася «экстравагантнай».
Зэлім Бакаеў вучыўся ў Маскве ў школе, потым сям’я вярнулася ў Грозны, Зэлім паўтара года прапрацаваў у Дэпартамэнце культуры мэрыі Грознага — быў адным з салістаў ансамблю песьні і танцу «Сталіца», выступаў з канцэртамі ў Чачні і іншых паўночнакаўкаскіх рэспубліках. «Тады ён зрабіў і гэтую фатаграфію з Кадыравым. Кадыраў любіць артыстаў, машыны ім купляе. Аднойчы іх усіх сабралі ў яго ў рэзыдэнцыі на чай», — распавядае КЧ. У дэпартамэнце ён прапрацаваў «года паўтара», яго звольнілі «зь незразумелай прычыны», пасьля чаго ён прыехаў у Маскву, дзе спрабаваў зрабіць кар’еру артыста
Зэлім Бакаеў вучыўся ў Маскве ў школе, потым сям’я вярнулася ў Грозны, Зэлім паўтара года прапрацаваў у Дэпартамэнце культуры мэрыі Грознага — быў адным з салістаў ансамблю песьні і танцу «Сталіца», выступаў з канцэртамі ў Чачні і іншых паўночнакаўкаскіх рэспубліках. «Тады ён зрабіў і гэтую фатаграфію з Кадыравым. Кадыраў любіць артыстаў, машыны ім купляе. Аднойчы іх усіх сабралі ў яго ў рэзыдэнцыі на чай», — распавядае КЧ. У дэпартамэнце ён прапрацаваў «года паўтара», яго звольнілі «зь незразумелай прычыны», пасьля чаго ён прыехаў у Маскву, дзе спрабаваў зрабіць кар’еру артыста

Ці зьбіраўся Бакаеў эміграваць у Нямеччыну

Сябры і родныя сьпевака ў адзін голас казалі, што не.

  • Ён не хацеў пакінуць маці адну. «Я яму пастаянна казала: «Едзь», але ён казаў, што зараз другая сястра замуж выйдзе, мама застанецца адна. Ён наогул хацеў маму забраць у Маскву», — паведаміў сябар М. «Яны былі вельмі блізкія з маці і зь іншымі роднымі — зь яго стрыечнай сястрой, да прыкладу. Ён бы сапраўды ім паведаміў, што зь ім усё ў парадку», - кажа КЧ.
  • «Нямеччына— апошняе месца, куды б я паехаў», — цытуе Зелімхана Р., дадаючы, што сябры запрашалі маладога чалавека і ў іншыя краіны, але ён наадрэз адмаўляўся зьяжджаць з Расеі.

Чым вядомы сьпявак Бакаеў

Бакаеў выступаў з канцэртамі ў Дагестане, Інгушэціі і Маскве. У асноўным ён сьпявае на чачэнскай мове.

У Чачні, паводле аднаго сьпевака, яму забаранілі выступаць з прычыны таго, што яго музыка нібыта «занадта адрозьнівалася ад той, што разумеюць у рэспубліцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG