Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы ўручаюць дыплёмы ўдзельнікам «Маршаў недармаедаў»


Прадстаўнік БХК у Воршы Васіль Берасьнеў з дыплёмам Асамблеі НДА
Прадстаўнік БХК у Воршы Васіль Берасьнеў з дыплёмам Асамблеі НДА

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый назвала «Маршы недармаедаў», якія прайшлі летась у Воршы, Слоніме і Гомлі, пераможцамі ў намінацыі «Рэгіянальная падзея году». Аршанскія актывісты, атрымаўшы дыплём «Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці», вырашылі ўзнагародзіць падобным чынам усіх мясцовых удзельнікаў тагачасных падзеяў.

17 студзеня прайшоў першы этап узнагароджаньня: удзельнікаў аршанскага «Маршу недармаедаў» запрасілі ў офіс незалежнага прафсаюзу РЭП і ўручылі дыплёмы тым, хто адгукнуўся на запрашэньне, разьмешчанае на сайце orsha.eu.

Пэрсанальныя дыплёмы — гэта копіі дыплёма, атрыманага прадстаўнікамі аршанскіх дэмакратычных сілаў на цырымоніі 21 сьнежня ў Менску, патлумачыў прадстаўнік РПГА БХК у Воршы Васіль Берасьнеў.

«У „Маршы недармаедаў“ бралі ўдзел да дзьвюх тысяч чалавек — аршанцаў, а таксама жыхароў Дубровенскага і Горацкага раёнаў. Гэта сьмелыя, мужныя людзі, якія не пабаяліся выйсьці пратэставаць супраць дэкрэту № 3. Кожны з удзельнікаў „Маршу недармаедаў“ — гэта, безумоўна, актывіст, бо ў яго актыўная грамадзкая пазыцыя», — лічыць Васіль Берасьнеў.

Паводле спадара Берасьнева, які ўручаў дыплёмы, такія цырымоніі будуць адбывацца двойчы на тыдзень, па серадах і суботах аб 11-й гадзіне.

«Хоць цяпер дэкрэт № 3 і прыпынены, ён дапрацоўваецца, але з працаўладкаваньнем у Воршы анічога не зьмянілася. Хоць Лукашэнка і заяўляў, што будзе падымаць Аршанскі раён „з руінаў і попелу“, сёньня Ворша — другі горад пасьля Маладэчна, дзе найбольшыя ў Беларусі праблемы з працаўладкаваньнем», — кажа ўдзельнік аршанскага «Маршу недармаедаў» Віктар Кірэеў.

Беспрацоўная Ганна Агеенкава расказала сваю гісторыю, тыповую для Воршы. Жанчына мае вышэйшую адукацыю, працавала эканамістам, але падпала пад скарачэньне. З тае пары ўжо сем гадоў ня можа ўладкавацца на працу, таму й пайшла на «Марш недармаедаў».

Леташнія аршанскія падзеі 12 сакавіка прадэманстравалі, наколькі незадаволеныя сытуацыяй мясцовыя жыхары. У той дзень адбыліся два мітынгі: на цэнтральнай плошчы і каля райвыканкаму, да якога рушылі вялікай калёнай. Каля дзясятка мясцовых актывістаў былі асуджаныя за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пацярпелі і незалежныя журналісты, у тым ліку журналістка «Свабоды» Галіна Абакунчык, якую на суткі зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым пакаралі штрафам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG