Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль бяруцца паштовыя маркі БНР


Сяргей Астраўцоў

Маркам БНР — амаль сто гадоў! У савецкія часы іх наяўнасьць у альбоме, напэўна, магла лічыцца крамолай. Ці гэта павярхоўная думка? Адзін гарадзенскі гісторык лічыць, што яны былі проста рэдкія, мала хто аб іх ведаў, а тым болей меў. І каштавалі, маўляў, даволі дорага.

Калекцыянэр з Горадні Андрэй Мялешка выказвае іншую вэрсію: іх залічвалі да дзіўных паштовых выпускаў незразумелых або неіснуючых краін альбо нават «фальсыфікатаў». Словам, не лічылі асабліва вартымі. Тым больш вядомыя каталёгі іх звычайна абыходзілі ўвагай.

Сёньня гэтыя маркі свабодна можна купіць на інтэрнэт-аўкцыёнах. Прычым іх стала шмат, яны наваднілі рынак. Ажно міжволі ўзьнікае сумнеў: ці не падробкі часам? Настолькі шмат іх выявілася ва Ўкраіне, прапануюць на продаж у Ізраілі, Штатах, распавядае Лявон Карповіч з Лунна, стары калекцыянэр.

Лявон Карповіч
Лявон Карповіч

Чаму я запытаўся ў гэтага чалавека? Патлумачу: самай нечаканай для мяне сярод выдадзеных за апошні год у Горадні стала кніжка пра паштовыя маркі. БНР, эмігранцкія і першыя маркі незалежнай Беларусі. Выйшла ў прыватным выдавецтве ўласным коштам аўтара, восемдзесят асобнікаў. Хто аўтар? Жыхар Лунна, гэта сорак кілямэтраў ад Горадні. Зваць Лявонам Карповічам. Краязнаўца, філятэліст і наогул нацыянальна сьвядомы і актыўны чалавек.

Вокладкі кніжкі «Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасьці»
Вокладкі кніжкі «Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасьці»

Андрэй Мялешка дапамагаў краязнаўцу з матэрыяламі. Ён падказвае, што, напрыклад, марак «Асобнага атраду БНР» нават у Горадні адзін час было​шмат. Адкуль яны ўзяліся? Яшчэ нядаўна жыў чалавек, у якога можна было набыць іх цэлымі аркушамі. Усе думалі, што могуць быць падробкай і спачатку асьцярожнічалі, кажа Андрэй. Але высьветлілася, што яны яму дасталіся ад дзеда, які меў іх з тых самых часоў, калі іх выпусьцілі. Гэта менавіта выпускі «Асобнага атраду БНР», пяць розных марак. З жаўнерамі атраду імі разьлічваліся. Існавалі гэтак званыя вайсковыя боны, якімі можна было нешта аплаціць. Частка накладу рабілася на паперы, на якой друкаваліся грошы. І на некаторых зь іх з адваротнага боку пазначана, што яны замянялі грошы.

Паходжаньне такой вялікай колькасьці выпускаў «Асобнага атраду БНР» удалося высьветліць гісторыку Андрэю Вашкевічу. Паводле яго, яны — з асабістага архіву Сымона Якавюка. Чалавек, які ў 2000-х гадах стаў іх распаўсюджваць у горадзе, быў ягоным пляменьнікам. Адкуль іх мог узяць Якавюк, які ня меў дачыненьня да асобнага атраду БНР? Вэрсія такая, кажа Андрэй: маркі той мог атрымаць хутчэй за ўсё ад Паўла Алексюка, вядомага дзеяча з Горадні. Або, можа, ад Езавітава. Той, хто іх друкаваў, прывёз у Горадню. І пазьней яны трапілі да Якавюка, распавядае Вашкевіч.

Калі ўнук Якавюка вырашыў іх рэалізаваць, то цана на гэтую сэрыю ўпала.

Мноства марак БНР цяпер ёсьць ва Ўкраіне. Чаму? Там вельмі шмат падробак, мовіць Андрэй Мялешка і ўдакладняе: «Як казалі, усю кантрабанду робяць у Адэсе». Сам ён набыў ва Ўкраіне некалькі дзесяткаў асобнікаў, зь якіх бадай больш за палову — падробленыя, сьцьвярджае калекцыянэр. Празь ягоныя рукі прайшло сэрый дзьвесьце з гэтых пяці марак ці можа нават болей, і яму няцяжка вызначыць сёньня, якія зь іх сапраўдныя. «Ёсьць падробкі, зробленыя некалі ў Злучаных Штатах і Канадзе, у іх якасьць добрая. А тое, што робіцца цяпер — горшае, досыць параўнаць тып паперы, друк», зазначае Мялешка. У свой час выйшла навуковая праца, прысьвечаная гэтым выпускам, яна дапамагае выяўляць падробкі.

У пляменьніка Якавюка Андрэй Мялешка набыў некалі дзесяць сэрый, усяго пяцьдзясят асобнікаў: прадаваў танна, па паўдаляра за адну.

Што датычыць Лявона Карповіча, Андрэй зазначае, што ніхто ў Беларусі дагэтуль не рабіў такой кніжкі пра беларускія паштовыя маркі. Пад адной вокладкай зьвесткі аб іх сабраў чалавек з Лунна. Само па сабе гэта незвычайна. Спачатку Карповіч надрукаваў артыкул аб іх у зборніку «БіНіМа» ў Нью-Ёрку, а затым падрыхтаваў кніжку. Рады, што ён гэта зрабіў, кажа Андрэй Мялешка.

Карповіч удзельнічае ў выставах, сам ладзіў на мясцовым узроўні — у Скідзелі, Луньне, у Гудзевічах. Няхай сьціплыя, але гэта былі першыя філятэлістычныя выставы часоў незалежнай Беларусі, кажа калекцыянэр.

Маркі, што выпускала эміграцыя, прапагандавалі за мяжой Беларусь, зазначае ён у сваёй кнізе. І нагадвае, што ў часы СССР з больш чым шасьці тысяч паштовых знакаў толькі дзевяноста былі нейк зьвязаныя з Беларусьсю. Можна назваць, напрыклад, выпускі з партрэтамі Купалы, Коласа або Скарыны.

Здавалася б, сёньня краіна выпускае мноства марак. Але што не зусім так? Не адзначаюцца многія лёсавырашальныя падзеі, піша ён. Досыць сказаць пра 500-годзьдзе бітвы пад Воршай. Дагэтуль існуе падзел на пажаданых і непажаданых гістарычных асобаў, адны на паштовыя знакі могуць трапіць, іншыя — не. Альбо такі прыклад: філятэлісты з Горадні прапанавалі Белпошце надрукаваць на марках гравюры Скарыны да 500-годзьдзя першай кнігі, прапанову не задаволілі. Наогул на філятэлістычных выставах у Беларусі бываюць толькі па дзьве-тры калекцыі, якія афармляюцца на роднай мове, піша аўтар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG