Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў паведаміў пра рашэньне правесьці шэсьце на Дзень Волі


Уладзімер Някляеў

Аргкамітэт па сьвяткаваньні 100-годзьдзя з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў рашэньне аб правесьці 25 сакавіка ў Менску сьвяточнае шэсьце.

Адзін з чальцоў аргкамітэту, былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што збор удзельнікаў шэсьця заплянаваны а 14.00 на плошчы Якуба Коласа, адкуль людзі рушаць па праспэкце Незалежнасьці да пляцу Волі. У Менгарвыканкам будзе пададзеная адпаведная заяўка, піша Някляеў.

«Паседжаньне аргкамітэту было пашыраным, у ім прынялі ўдзел кіраўнікі практычна ўсіх дэмакратычных партый і арганізацый. Рашэньне па сьвяточным шэсьці прынятае аднагалосна — і гэта першае супольнае рашэньне пасьля доўгага пэрыяду спрэчак і ўзаемных абвінавачваньняў, што стварае надзею на кансалідацыю беларускага дэмакратычнага руху.
Аргкамітэт прыняў таксама зварот да кіраўніцтва краіны з тым, каб дзень 25 Сакавіка, у які была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка, стаў сьвяточным. Усенародным, нацыянальным сьвятам».

8 студзеня адбылася сустрэча грамадзкіх і палітычных дзеячоў, якія падтрымалі ідэю рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу стварыць аб’яднаны аргкамітэт па падрыхтоўцы масавага сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР 25 сакавіка ў Менску. У паседжаньні працоўнай групы ўзялі ўдзел Яўген Афнагель, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч і Генадзь Фядыніч.

Прадстаўнікі «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч і Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, у сваю чаргу, тады заявілі, што год таму ўжо створаны грамадзкі аргкамітэт дзеля сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР на чале з Радзімам Гарэцкім, і таму няма сэнсу ўваходзіць у новы аргкамітэт.

Аднак Уладзімер Някляеў напісаў у камэнтарах да свайго паведамленьня, што на паседжаньні аргкамітэту 15 сутдзеня «былі і рух "За свабоду", і БНФ, і БХД, і АГП». А старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў агенцтву БелаПАН, што прадстаўнікам розных структур «удалося дасягнуць кансэнсусу».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч раней сказаў карэспандэнту Свабоды, што сябры працоўнай групы вітаюць працу грамадзкага аргкамітэту пад кіраўніцтвам Радзіма Гарэцкага і могуць стаць яго структурнай часткай.

Статкевіч паведаміў пра стварэньне аргкамітэту масавай акцыі на Дзень Волі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG