Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пачатку студзеня UNESCO апублікавала абноўлены Атляс моваў сьвету ў небясьпецы. У Расеі арганізацыя налічыла 136 моваў, якія знаходзяцца пад пагрозай. Зьніклымі прызнаныя 20 моваў, лічыцца, што яшчэ 22 у крытычным стане.

Чаму выміраюць мовы, што робяць людзі для іх захаваньня і якой павінна быць дзяржаўная палітыка ў гэтым кірунку?

Само паняцьце «мова пад крытычнаю пагрозаю», паводле клясыфікацыі UNESCO, азначае, што наймаладзейшыя яе носьбіты — пажылыя людзі, якія гавораць на мове толькі часткова і робяць гэта рэдка. Структура ААН, якая займаецца пытаньнямі адукацыі, навукі і культуры, уключыла ў сьпіс алеуцкую, якая выкарыстоўваецца на Камандорскіх выспах, тэрска-саамскую, на якой, паводле зьвестак на 2010 год, размаўлялі ня больш за 10 чалавек на поўначы Кольскага паўвостраву. У сьпісе апынулася ітэльмэнская (ня больш за 100 носьбітаў), водзкая (ня больш за 15), мовы орак (не больш за 60) і ульч (каля 700 носьбітаў) і іншых.

Атляс сусьветных моваў UNESCO
Атляс сусьветных моваў UNESCO

Зьвесткі UNESCO пра 136 моваў народаў Расеі, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, выклікаюць сур’ёзную трывогу, лічыць дырэктар Інстытуту лінгвістычных дасьледаваньняў РАН Яўгеній Галаўко. Аднак, на яго думку, гэтая праблема тычыцца ня толькі Расеі, але і ўсяго свету. Зьнікненьне моваў адбываецца ня гэтулькі з прычыны спэцыфікі краіны і яе палітыкі, колькі праз гістарычную спадчыну. Зь ім згодны і навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялёгіі РАН Андрыян Валахаў. «У кожнай дзяржаве, дзе заканадаўча замацаваны статус аднай мовы (як у нас — расейскай), мова той ці іншай этнічнай меншасьці будзе знаходзіцца пад пагрозай», — сказаў ён Радыё Свабода.

Каб спыніць выміраньне мовы, трэба прышчапіць людзям жаданьне яе выкарыстоўваць, пераканаць іх, што гэта неабходна, разважае Галаўко.

«Але нават калі дзяржава паставіць сваёй мэтай ажыцьцявіць гэтыя захады і яны будуць выкананыя, гэта не гарантуе посьпеху, таго, што мова захаваецца. Так можа адбыцца толькі пры прапагандзе культурнай каштоўнасьці мовы, астатніх традыцыйных культурных практык. Недапушчальна грэбліва ставіцца да моваў, разважаць пра тое, што яны нікому не патрэбныя», — кажа ён.

Рэктар Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Санкт-Пецярбурзе Нікалай Вахцін лічыць, што важна засяродзіцца на выкладаньні мовы малодшаму пакаленьню, растлумачыць дзецям, чаму трэба вывучаць родную мову.

У сучасным сьвеце ў папулярызацыі моваў і традыцыяў народаў дапамагае інтэрнэт, упэўнены Галаўко. У канцы 2016 году блогер Ірына Сьмелая пад псэўданімам Tatarka выпусьціла кліп на песьню «Алтын» (у перакладзе з татарскай — «Залаты»). Відэа клаўд-рэпу на татарскай мове набрала на YouTube звыш 30 мільёнаў праглядаў. Іншая сьпявачка з Татарстану Айгел Гасіна (Аігел) таксама выпускае некаторыя песьні на татарскай.

«Ужо цяпер зьяўляюцца новыя формы, якіх раней не было, — музычныя гурты, якія сьпяваюць на сваёй нацыянальнай мове, ці гульні, фэстывалі, якія малыя народы праводзяць у сваіх абласьцях. Гэта дае стымул мовам не зьнікаць так хутка, як яны маглі», — тлумачыць ён.

Сама мова — гэта магутны ідэнтыфікацыйны чыньнік, які дапамагае людзям адчуваць, чым яны розьняцца адзін ад аднаго. І гэта тармозіць поўнае зьнікненьне моваў. «Дзяржава на ўзроўні моўнай палітыкі павінна падтрымліваць жаданьне да лякальнай самаідэнтыфікацыі», — лічыць Галаўко.

Некаторыя народы самі спрабуюць захоўваць сваю мову. Акадэмік Галаўко распавядае, што на Камандорскіх выспах блізу Камчаткі жывуць алеуты, але яны амаль не выкарыстоўваюць нацыянальнай мовы для зносін. Тым ня менш прыхільнікі руху моўнай рэвіталізацыі імкнуцца складаць песьні, вершы на алеуцкай. На выспах жыве кампазытар, які піша музыку для гэтых песень. Малалікія народы імкнуцца выкарыстоўваць мову ў штодзённых зносінах, кажа Вахцін. У якасьці прыкладаў прафэсар прыводзіць ненецкую, эвэнскую і карацкую мовы. У гэтых народаў існуюць спэцыяльныя праграмы падтрымкі роднай мовы, таму пытаньне аб іх захаванасьці не ключавое.

І хаця алеуцкая мова, паводле UNESCO, знаходзіцца «ў крытычным стане», зусім не канечне, што яна хутка зьнікне. Андрыян Валах тлумачаць, што само паняцьце «мова ў стане выміраньня» — адноснае. «Ёсьць мовы, якімі ўжо доўгі час размаўляе ня так шмат людзей — дзясяткі, часам сотні. Але гэта не азначае, што мова зьбіраецца выміраць. Калі старэйшае пакаленьне натуральным чынам перадае мову малодшаму, то яна можа выжыць цягам некалькіх стагодзьдзяў», — распавядае ён. Як прыклад экспэрт падае юкагірскую мову, на якой гаварылі жыхары Паўночна-Ўсходняга Сыбіру. Яшчэ ў канцы XVIII стагодзьдзя дасьледнікі сьцьвярджалі, што яна неўзабаве зьнікне, але яна жывая дагэтуль.

Вахцін кажа, што ня ведае прыкладаў у Расеі, калі мова ў стане выміраньня адрадзілася. Але ў сусьветнай гісторыі такія выпадкі ёсьць. Некалькі стагодзьдзяў на тэрыторыі Ўэльсу людзі гаварылі на валійскай мове. Але праз прамысловую рэвалюцыю ў пачатку XIX стагодзьдзя ва Ўэльс пайшла плынь ангельскіх працоўных, што прывяло да паступовага размываньня валійскага насельніцтва і фармаваньня двумоўя. Да пачатку XX стагодзьдзя колькасьць носьбітаў валійскай мовы скарацілася да ўзроўню, пры якім ёй прадказвалі зьнікненьне цягам некалькіх пакаленьняў. Сытуацыя пачала мяняцца ў 1920–30-я гады, калі за выкарыстаньне мовы стала выступаць Партыя Ўэльсу. У краіне запусьцілі радыё на валійскай, актывісты дамагліся судаводзтва на роднай і ангельскай мовах. І хоць уплыў ангельскай мовы не паменшыўся, паводле перапісу 2011 году, 20% жыхароў Уэльсу размаўляюць на валійскай.

Недапушчальнае грэблівае стаўленьне да моваў, разважаньне, што яны нікому не патрэбныя

На думку Вахціна, несуцяшальныя прагнозы UNESCO аб разьвіцьці моваў малых народаў — часткова вынік неразумнай дзяржаўнай палітыкі, якую праводзілі савецкія ўлады на мяжы 70 —80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У якасьці яшчэ адной прычыны ён называе добраахвотную адмову выкарыстоўваць мовы ў некаторых супольнасьцях. «Малыя народы мелі ілюзію, што сваю мову дзеці і самі ведаюць, таму яны не надавалі ёй належнай увагі, у той жа час расейская мова патрэбная, каб дасягнуць посьпеху ў жыцьці. Праз пакаленьне высьветлілася, што дзеці ня ведаюць роднай мовы. Але да таго моманту шматлікія праграмы захаваньня моваў былі згорнутыя», — распавядае прафэсар.

Валахаў ўпэўнены, што палітыка мясцовых уладаў «значнага нэгатыўнага ўплыву на мовы ня робіць». На ягоную думку, зьніжэньне частаты выкарыстаньня тых ці іншых моваў зьвязана з працэсамі, якія доўжацца ўжо каля двух стагодзьдзяў: гэта рост гарадзкога насельніцтва, глябалізацыя, замацаваньне за расейскай мовай статусу дзяржаўнай. Цяпер перад уладамі стаіць задача — падтрымліваць разьвіцьцё моваў малых народаў, уводзіць выкладаньне і ўкараняць у паўсядзённым жыцьці, упэўнены Галаўко. Дзяржава павінна пасьлядоўна, цягам многіх гадоў праводзіць комплексную палітыку на выкарыстаньне моваў, як гэта адбылося, напрыклад, у Ізраілі.

Мікалай Вахцін, наадварот, лічыць, што гэта не праблема дзяржавы, а праблема мясцовых супольнасьцяў і мясцовай ўлады. На яго думку, сытуацыю ня можа выправіць вылучэньне дадатковых грошай зь бюджэту на разьвіцьцё моваў, тут ня можа быць цэнтралізаванага рашэньня. Валахаў заявіў, што «гэта павінны быць агульныя намаганьні: дзяржаўных, культурных установаў, але галоўнае, каб самі людзі паверылі, што мова — добрая рэч, яе трэба захоўваць і разьвіваць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG