Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ў ЗША і Расеі ядзерных боегаловак і балістычных ракет


Бамбавікі В-52, разрэзаныя згодна з пагадненьнем з Расеяй і пакінутыя ў полі для кантролю.
Бамбавікі В-52, разрэзаныя згодна з пагадненьнем з Расеяй і пакінутыя ў полі для кантролю.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў справаздачу аб выкананьні Злучанымі Штатамі і Расеяй Дамовы аб мерах па далейшым скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў, вядомую як СНВ-3.

Дамова была падпісаная ў 2010 годзе ў Празе прэзыдэнтамі ЗША і Расеі Баракам Абамай і Дзьмітрыем Мядзьведзевым і ўступіла ў сілу ў лютым 2011 году.

Згодна з умовамі дамовы, ЗША і Расея абавязаліся скараціць агульную колькасьць міжкантынэнтальных балістычных ракет да 700 кожная. Гэта памяншала лік боегаловак да 1550 і пускавых установак — да 800.

Паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту, да 1 верасьня мінулага году ЗША мелі ў сваім арсэнале 1 393 ядзерных боегалоўкі і 660 носьбітаў. На ўзбраеньні ў Расеі знаходзіўся 501 носьбіт усіх тыпаў, а таксама 1 561 ядзерны боезарад. У той жа час сумарная колькасьць разгорнутых і ня разгорнутых носьбітаў склала 800 у ЗША і 790 — у Расейскай Фэдэрацыі.

У пачатку студзеня кіраўнік амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства Рэкс Тылерсан паведаміў, што Вашынгтон і Масква плянуюць бліжэйшым часам правесьці новы раунд перамоваў аб выкананьні дзьвюма краінамі дамоваў СНВ-3 і Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці.

У апошнія гады Вашынгтон і Масква неаднаразова абменьваліся абвінавачваньнямі ў парушэньні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. У ЗША лічаць, што расейскі бок распрацаваў і выпрабаваў крылатую ракету, далёкасьць палёту якой парушае ўмовы дамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG