Як заявіў на мінулым тыдні іранскі заканадаўца-рэфарміст Махмуд Садэгі, падчас пратэстаў, якія прайшлі па ўсёй краіне, было арыштавана каля 3700 чалавек. Пратэсты былі выкліканыя незадаволенасьцю эканамічнай сытуацыяй у Іране і карупцыяй і перарасьлі ў заклікі да зьвяржэньня іранскіх клерыкальных кіраўнікоў.
7 студзеня парлямэнт Ірану заявіў, што дэманстранты, якія не ўяўляюць небясьпекі, асабліва студэнты, павінны быць вызваленыя, у час як лідэры пратэстаў павінны быць пакараныя.
Намесьнік кіраўніка судовай улады Ірану Хамід Шахрыары заявіў на мінулым тыдні, што лідэры антыўрадавых пратэстаў павінны панесьці «максымальнае пакараньне» у адпаведнасьці з іранскім заканадаўствам за арганізацыю таго, што Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі неаднаразова называў «мяцяжом».
Сьмяротнае пакараньне зьяўляецца самым суровым пакараньнем, якое выносяць суды ў Іране. Яго можна ўжываць для цэлага шэрагу злачынстваў, у тым ліку за здраду, забойства і незаконны абарот наркотыкаў.