Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхію чакае друг тур прэзыдэнцкіх выбараў. Хто такія Зэман і Драгаш


Падведзеныя вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Чэхіі. У другі тур выйшлі цяперашні прэзыдэнт краіны Мілаш Зэман і былы прэзыдэнт Акадэміі навук Чэхіі Іржы Драгаш. У першым туры галасаваньня ўзялі ўдзел амаль 62% выбарцаў.

Дзеючы прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман —​ лідэр першага туру прэзыдэнцкіх выбараў. Ён атрымаў больш за 38 % галасоў.

Ягонага канкурэнта, былога прэзыдэнта Акадэміі навук Чэхіі Іржы Драгаша, падтрымалі больш як 26 % выбарцаў.

Супернікаў падзяляе каля 600 тысячаў галасоў.

Мілаш Зэман
Мілаш Зэман

Мілаш Зэман нарадзіўся г. 1944 у чэскім горадзе Колін. За часам камуністычнага кіраваньня нядоўга быў членам Камуністычнай партыі, але з-за нязгоды з уварваньнем у Чэхаславаччыну войскаў Варшаўскай дамовы быў выключаны з партыі. У 1971-1984 працаваў на кампанію фізычнага выхаваньня Sportpropag, а затым да 1989 году на кампанію Аgrodat, зь якой быў звольнены за артыкул з крытыкай сацыялістычнага ўраду. Пасьля рэвалюцыі быў дэпутатам, ад 1993 узначальваў сацыял-дэмакратычную партыю, у 1998-2002 быў прэм’ер-міністрам. Ад 2013 — трэці прэзыдэнт Чэхіі.

Зэман, вядомы сваімі антыімігранцкімі, прарасейскімі пазыцыямі.

Мілаш Зэман наведаў Менск у 2002 годзе, але ня ў якасьці прэм’ер-міністра Чэхіі, якім ён тады зьяўляўся, а ў якасьці прадстаўніка Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Зэман тады сустрэўся са старшынём БСДНГ Мікалаем Статкевічам, пры гэтым заявіўшы, што беларуская амбасада шэсьць разоў выходзіла з прапановай арганізацыі сустрэчы прэм’ера Чэхіі і прэзыдэнта Беларусі. «Я шэсьць разоў адмаўляўся», — заявіў тады Зэман.

Іржы Драгаш
Іржы Драгаш

Іржы Драгаш нарадзіўся ў 1949 годзе ў Чэскім Цешыне. Вучоны-хімік і выкладчык стаў добра вядомым ад часу свайго кіраваньня Акадэміяй навук Чэскай Рэспублікі ў 2009-2017. У кастрычніку 2012 тагачасны прэзыдэнт краіны Вацлаў Клаўс узнагародзіў яго мэдалём за заслугі перад дзяржавай у галіне навукі. У сакавіку 2017 Драгаш вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, сабраў 141 234 подпісаў грамадзянаў.

Іржы Драгаша лічаць праэўрапейскім лібэралам.

Чэхія зьяўляецца парлямэнцкай рэспублікай, але паводле Канстытуцыі прэзыдэнт мае шэраг важных паўнамоцтваў, у прыватнасьці, менавіта ён даручае тым альбо іншым палітыкам сфармаваць урад.

Другі тур выбараў адбудзецца 26–27 студзеня.

Былы амбасадар Чэскай Рэспублікі ў Францыі Павэл Фішэр, які заняў трэцяе месца, атрымаўшы 10 %, ужо заклікаў сваіх выбарцаў галасаваць у другім туры за Іржы Драгаша.

5 падабенстваў і 5 адрозьненьняў чэскіх і беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG