Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія найбуйнейшыя тэхналягічныя навінкі чакаюцца ў 2018 годзе


Жанчына з надзетым сымулятарам віртуальнай рэальнасьці на выставе ў Лас-Вэгасе ў 2017 годзе.

На наступным тыдні ў Лас-Вэгасе адкрываецца адна з найбуйнейшых тэхналягічных выставаў сьвету.

Паводле амэрыканскай газэты The New York Times, на форуме выявіцца глябальны трэнд: усё часьцей новыя тэхналёгіі ня тычацца прадметаў бытавой электронікі і розных гаджэтаў.

Сапраўднай зоркай новых тэхналёгій стане штучны інтэлект. Цяпер час такіх інавацый, як разумная камэра, якая вас пазнае і разблякуе дзьверы або дашле апавяшчэньні на ваш мабільны тэлефон пры апазнаньні таго або іншага чалавека.

У выніку на форуме ў Лас-Вэгасе будзе прадстаўлена менш кампаніяў, якія вырабляюць тэлефоны або кампутары, і болей тых, што займаюцца тэхналёгіямі

Alexa і яе калегі

Alexa — хатні робат-памочнік ад кампаніі Amazon, які можа зразумець галасавую каманды, уключыць музыку, замовіць пампэрсы і рабіць тэлефонныя званкі.

Мноства меншых тэхналягічных кампаній аб’ядаліся з Amazon, каб зьвязаць магчымасьці галасавога кіраваньня з робатам Alexa. У выніку лямпачкі, стэрэапрылады, пыласосы, сыстэмы хатняй бясьпекі і нават кававаркі будуць камунікаваць з Alexa.

Amazon паведаміла, што ў мінулым месяцы былі прададзены дзясяткі мільёнаў прылад Echo

Цікавасьць да Alexa ўмацоўваецца посьпехам іншага прадукту кампаніі Amazon — Echo. Гэта разумныя калёнкі з функцыяй пэрсанальнага асыстэнта. Amazon паведаміла, што ў мінулым месяцы былі прададзены дзясяткі мільёнаў прылад Echo, якія такса здольныя камунікаваць з Alexa.

Натуральна, што і іншыя тэхналягічныя гіганты хочуць урваць свой кавалак пірага. У 2016 годзе Google прэзэнтаваў інтэлектуальны дынамік Home, які канкурыруе з Echo.

Apple сёлета выпусьціць HomePod, дынамік, які абапіраецца на Siri — хатняга памочніка кампаніі Apple, які кантралюе некаторыя разумныя аксэсуары для дома.

І Samsung Electronics, як чакаецца, пазьней сёлета прадставіць буйное абнаўленьне для свайго віртуальнага асыстэнта Bixby.

Разумныя гарады

У Лас-Вэгасе Samsung плянуе паказаць смарт-халадзільнік, які зможа рэагаваць на галасавыя каманды для кантролю за іншымі электроннымі прыладамі ў хаце.

Цяпер тэхналягічныя кампаніі імкнуцца падштурхнуць падключэньне да інтэрнэту электронных хатніх прыладаў з тым, каб імі можна было кіраваць на адлегласьці, калі вы знаходзіцеся па-за домам.

Новыя тэхналёгіі дазволяць ведаць наяўнасьць парковачных месцаў, падкажуць, дзе ёсьць свабодны кантэйнэр для лішняга сьмецьця або зробяць магчымым, каб вулічныя ліхтапры кантралявалі якасьць паветра.

Мова сёньня ідзе ня толькі пра «разумныя кватэры», але і пра «разумныя гарады». У будучыні мноства датчыкаў будуць працаваць разам, каб стварыць больш здаровы, больш бясьпечны і больш энэргаэфэктыўны горад. Датчыкі будуць выяўляць забруджанасьць вады ў рацэ або рэагаваць на гук стрэлаў, каб папярэджваць паліцыю.

Больш разумныя аўтамабілі

Многія вытворцы аўтамабіляў адгукнуліся ў апошнія гады на ідэі выканаўчага дырэктар Tesla Элана Маска ў справе бесьпілётнага кіраваньня машынамі. Такія аўтамабілі дазволяць кіроўцу адпачываць у дарозе, але такім транспартным сродкам трэба прайсьці яшчэ доўгі шлях, перш чым імі можна будзе бясьпечна карыстацца.

Тым ня менш, чакаецца, што на выставе ў Лас-Вэгасе такія вытворцы аўтамабіляў, як Ford, Hyundai, BMW і Audi пакажуць апошнія распрацоўкі ў галіне самакіраваных аўтамабіляў.

Наступнае пакаленьне бяздротавых тэхналёгій

Усе гэтыя тэхналягічныя навінкі, уключаючы штучны інтэлект і злучаныя зь ім прылады, будуць мець патрэбу ў больш хуткім інтэрнэце.

З 5G надыдзе эпоха неверагодна хуткага інтэрнэту, які дазваляюць спампаваць фільм менш чым за пяць сэкунд

Чакаецца, што ў Лас-Вэгасе лідэры ў гэтай галіне AT&T і Verizon дадуць справаздачу аб ходзе распрацоўкі так званай 5G — сеткавай тэхналёгіі пятага пакаленьня.

З 5G, як мяркуюць апэратары мабільнай сувязі, надыдзе эпоха неверагодна высокай хуткасьці інтэрнэту, якая дазваляюць карыстальнікам смартфонаў спампаваць фільм менш чым за пяць сэкунд — прыкладна ў 100 разоў хутчэй, чым пры цяперашняй тэхналёгіі 4G.

Яшчэ больш важна, што 5G, як чакаецца, значна скароціць час затрымкі пры пачатку ўзаемадзеяньня розных разумных прыладаў паміж сабой.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

XS
SM
MD
LG