Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест садку — пустка з хмызьняком. Магілёўцы патрабуюць збудаваць дзіцячы садок і школу


Пустка, на якой меліся збудаваць садок і школу

У Магілёве жыхары вуліц Цярохіна і Златавустаўскага патрабуюць ад улады пабудаваць дзіцячы садок і школу. У тутэйшых шматпавярховіках жыве больш за пяць тысяч чалавек.

Бліжэйшыя да «мікразоны» дашкольныя і школьныя ўстановы, як кажуць бацькі мясцовай дзятвы, перапоўненыя. Чыноўнікі абяцаюць, што дзіцячы садок зьявіцца да 2020 году, а школа — калі будзе такая патрэба.

Жыхары: як можам, так і пратэстуем

Раён між вуліц Цярохіна і Златавустаўскага ў магілёўскім Задняпроўі, на беразе Фацімскай затокі, пачалі забудоўваць у 2008 годзе. За некалькі год на беразе Дняпра вырас жылы масіў з двума дзясяткамі высотак. Пазьней зьявіліся некалькі буйных гандлёвых цэнтраў. Пляцоўка, заплянаваная пад дзіцячы садок, зарастае кустоўем.

«Ні дзіцячага садку, ні школы, ні паліклінікі тут няма», — тлумачыць сытуацыю адна з тутэйшых жыхарак. У жанчыны двое дзяцей дашкольнага веку. Іх яна возіць у садок за некалькі кілямэтраў ад дому.

Пустка, на якой меліся збудаваць садок і школу
Пустка, на якой меліся збудаваць садок і школу

«Вы ж паглядзіце, якая пустка між дамамі ўтварылася, — абуралася суразмоўніца. — Вось тут і меліся ўзьвесьці для нас садок ды школу. Забудоўнік жа рупіцца пра кватэры, а не пра патрэбы людзей пасьля таго, як тыя набылі квадратныя мэтры. Нам гэта не падабаецца, таму пратэстуем, як можам».

Каб пачуць ад чыноўнікаў, чаму не будуюцца садок і школа, актыўныя жыхары раёну сабралі пад калектыўным зваротам тры сотні подпісаў. 10 студзеня надвячоркам прадстаўнікі гарвыканкаму і Кастрычніцкага райвыканкаму наведаліся ў мікрараён.

На сход прыйшлі больш за пяцьдзясят чалавек. Многія прывялі дзяцей. Пакуль дарослыя высьвятлялі, ці хутка зьявіцца для малых садок і школа, тыя забаўляліся на гульнявой пляцоўцы ў паўзмроку. Сустрэча з чыноўнікамі праходзіла эмацыйна.

Чыноўнікі: Сад да 2020 году. Школы ня будзе

Намесьнік галоўнага архітэктара Магілёва Аляксей Грышкін пацьвердзіў: на месцы пусткі меліся быць два садкі і дзьве школы — агульнаадукацыйная і спартовая. Чыноўнік запэўніў, што пляцоўка застаецца зарэзэрваванай пад гэтыя абʼекты. Чаму іх не збудавалі, ён не сказаў.

«Як жа, лепей мэмарыяльную арку пабудаваць, чым садок на Цярохіна», — незадаволена пракамэнтаваў выступ Грышкіна сход.

Дэлегацыя чыноўнікаў: зьлева — намесьніца кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Натальля Халецкая, справа — супрацоўніца раённага аддзелу адукацыі Тацяна Кандрацьева
Дэлегацыя чыноўнікаў: зьлева — намесьніца кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Натальля Халецкая, справа — супрацоўніца раённага аддзелу адукацыі Тацяна Кандрацьева

«Пакуль надумаецеся пабудаваць сад і школу, нашы дзеці вырастуць, — абурыліся людзі. — Вы ж паглядзіце, у кожным раёне школьныя і дашкольныя ўстановы, а наш быццам забыты. Чым мы горшыя за іншых?»

«Будаўніцтва садку на 95 месцаў заплянаванае да 2020 году», — супакойвала грамаду намесьніца кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Натальля Халецкая. Яна прызнала, што «пытаньні з садком ёсьць», але «напружанасьць не настолькі вялікая», як у іншых раёнах гораду.

Супрацоўніца раённага аддзелу адукацыі Тацяна Кандрацьева ўдакладніла: прынамсі адзін з суседніх садкоў перапоўнены аж на трыццаць працэнтаў. Разам з тым, у адрозьненьне ад Натальлі Халецкай, чыноўніца ня бачыць патрэбы будаваць новы садок, бо ён можа аказацца не запатрабаваны напоўніцу. Паводле яе, Міністэрства адукацыі рэкамэндуе, каб дашкольныя ўстановы былі ў крокавай даступнасьці, але пры ўмове, што ёсьць такая магчымасьць.

Будаваць школу, сказалі чыноўнікі людзям, не плянуецца наагул, бо суседнія запоўненыя на 70 і 86 працэнтаў.

«Калі ўбачым, што тут уздым колькасьці дзяцей, якія ідуць у школу, то адразу адрэагуем», — супакойваў грамаду супрацоўнік гарвыканкаму Дзьмітры Лацянкоў. Паводле яго, у бліжэйшыя 5 гадоў, згодна з дасьледаваньнямі, колькасьць дзяцей дашкольнага веку не павінна расьці.

Чыноўніца: даўгабуд можа стаць паліклінікай

Пытаньні на сходзе ўздымаліся ня толькі пра садкі і школу. Жыхары даймалі службоўцаў пытаньнямі пра дзіцячую паліклініку — яна нашмат далей, чым бліжэйшы дзіцячы садок. Патрабавалі вырашыць лёс мясцовага даўгабуду — адміністрацыйна-спартовага корпусу вясьлярнага канала. Яго «замарозілі» чатыры гады таму.

Даўгабуд на Златавустаўскага: адміністрацыйна-спартовы корпус вясьлярнага канала
Даўгабуд на Златавустаўскага: адміністрацыйна-спартовы корпус вясьлярнага канала

Паводле Натальлі Халецкай, недабудаваны спартовы абʼект зьбіраюцца перапрафіляваць на мэдычную ўстанову. Чыноўніца выказала думку, што, магчыма, даўгабуд стане дзіцячай і дарослай паліклінікай. Намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі не ўдакладніла, аднак, калі тое будзе.

Жыхарка раёну: чыноўнікі прыехалі, каб нешта сказаць людзям

Пасьля паўгадзіннай гутаркі незадаволеныя яе вынікам людзі пачалі разыходзіцца.

«На нашы пытаньні няма канкрэтных адказаў. Вынікае, што мы не дачакаемся ні школы, ні садку, ні паліклінікі, — тлумачыла жанчына. — Як па мне, то на сустрэчу прыехалі чыноўнікі, якія не прымаюць рашэньняў. Іх роля — проста нешта гаварыць людзям. Вось яны гэта і робяць».

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў за садок і школу, жыхар вуліцы Златавустаўскага Ігар Барысаў кажа: чыноўнікі прыехалі да людзей, каб «пагасіць пратэставыя настроі» і зьвесьці гутарку да менш значных праблемаў.

Плян забудовы раёну. У цэнтры — дашкольныя і школьныя ўстановы
Плян забудовы раёну. У цэнтры — дашкольныя і школьныя ўстановы

«Гэтых чыноўнікаў кінулі натоўпу на разарваньне, — кажа Барысаў. — Чыноўнікі вышэйшага ўзроўню прыехаць не наважыліся, бо разумелі, што за прамоўленыя абяцаньні ім давялося б адказваць. З другога боку, цяпер выбары ў мясцовыя саветы, і праігнараваць ці адпісацца, як рабіла ўлада раней, не выпадае. Таму выправілі на сустрэчу гэтую чыноўніцкую дэлегацыю».

Чыноўнікі: праблема з садкамі — у раёнах з інтэнсіўнай забудовай

На думку актывіста, які сам балятуецца ў гарсавет, жыхары раёну не далі веры чыноўнікам і ствараюць у сацыяльных сетках пляцоўку, каб дамаўляцца пра далейшыя дзеяньні.

Што на Цярохіна-Златавустаўскага не хапае дзіцячых садкоў, прызнавалі на сьнежаньскай нарадзе кіраўнікоў гораду і адміністрацый Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў. Чыноўнікі абяцалі вырашыць пытаньне, аддаўшы ў нейкай з новых высотак адзін паверх пад дашкольную ўстанову. Калі гэта адбудзецца, не канкрэтызавалася. Паводле чыноўнікаў, праблема з садкамі характэрная для раёнаў з інтэнсіўнай забудовай.

У сьнежні кіраўнік вобласьці Ўладзімер Даманеўскі з помпай адкрыў дзіцячы садок у іншым магілёўскім раёне — Казіміраўцы. Мясцовыя жыхары патрабавалі новага садку два гады.

XS
SM
MD
LG