Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адкрылі справу аб перавышэньні паўнамоцтваў паліцыі пры ператрусе ў беларуса


Дакумэнты былога беларускага бізнэсоўца Цімафея Кахновіча
Дакумэнты былога беларускага бізнэсоўца Цімафея Кахновіча

Пракуратура Кіева адкрыла крымінальную справу паводле прыкмет аб перавышэньні ўлады ды службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі Галасееўскага ўпраўленьня паліцыі, якія праводзілі ператрус па месцы жыхарства ўраджэнца Беларусі, цяпер грамадзяніна Ўкраіны Цімафея Кахновіча і яго далейшае затрыманьне.

«Правядзеньне дасудовага расьсьледаваньня даручана сьледчым галоўнага ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці», — паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе пракуратуры Кіева.

Пракуратура таксама ініцыявала службовае расьсьледаваньне ў дачыненьні да супрацоўнікаў мясцовай пракуратуры, якія падтрымлівалі ў судзе хадайніцтва аб арышце Цімафея Кахновіча.

У той жа час, справа аб захоўваньні зброі і боепрыпасаў, у межах якой у бізнэсоўца праводзілі ператрус, не закрытая, а перададзеная для далейшага расьсьледаваньня ў іншае раённае ўпраўленьне паліцыі ў Кіеве.

Былы беларускі бізнэсовец Цімафей Кахновіч, які пасьля некалькіх гадоў жыцьця ва Ўкраіне ў статусе палітычнага ўцекача атрымаў у 2016 годзе ўкраінскае грамадзянства, трапіў пад перасьлед паводле падазрэньня ў захоўваньні зброі.

Супрацоўнікі Галасееўскага раённага ўпраўленьня паліцыі Кіева 29 сьнежня 2017 году правялі ператрус у доме Цімафея Кахновіча, і затрымалі спачатку як грамадзяніна Ўкраіны, а пазьней — як грамадзяніна Беларусі, якога вышукваюць беларускія праваахоўнікі паводле абвінавачаньняў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці на падставе запыту ад 2008 года. Кіеўскія сьледчыя хадайнічалі перад судом аб арышце Цімафея Кахновіча, але суд адмовіўся ўхваліць адпаведнае рашэньне.

Цімафей Кахновіч сьцьвярджае, што зброю яму падкінулі пад час ператрусу, у пацьвярджэньне чаго абнародаваны адпаведны відэазапіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG