Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта азначае, што ў эканамічным і культурным жыцьці зьяўляецца адносная свабода. Рэжым ужо не прэтэндуе на поўны кантроль гэтых сфэр. Але ўвесь гэты лібэралізм і свабода заканчваецца, як толькі гаворка заходзіць пра палітычную сыстэму.

Нашумеўшы блог пісьменьніка Віктара Марціновіча на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» «Дзьве Беларусі робяцца адной», а таксама ягонае інтэрвію нашаму радыё дае падставу чарговым разам паразважаць ня толькі на тэму, што ж мяняецца ў Беларусі, але і пра зьмест і прычыны гэтых перамен. Сп. Марціновіч кажа пра зьмены ў культурнай сфэры, пра зьняцьце ранейшых забаронаў, пра збліжэньне дзьвюх культур: афіцыйнай — і незалежнай ці нават нелегальнай. Напрыклад, забароненыя нядаўна музыкі Лявон Вольскі, Сяргей Міхалок, Зьміцер Вайцюшкевіч атрымліваюць для выступу найлепшыя залі сталіцы. Зусім нядаўна гэта цяжка было ўявіць.

Калі казаць пра таго ж Марціновіча, то ня так даўно міліцыя ў Горадні перапыніла ягоную сустрэчу з чытачамі. А цяпер спэктакль па ягонай п’есе ставіць дзяржаўны тэатар.

Беларуская мова паступова перастае быць палітычным маркерам. Мы назіраем такую новую зьяву, як беларускамоўныя лукашысты.

Таксама напрыканцы году мы шмат пісалі пра 10 прэзыдэнцкіх дэкрэтаў і ўказаў па эканамічнай лібэралізацыі і спрашчэньні ўмоў вядзеньня бізнэсу. Асабліва вялікі рэзананс выклікаў дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».

Клясычны аўтарытарызм прэтэндуе на кантроль толькі палітычнай сыстэмы. На іншыя сфэры жыцьця ён не распаўсюджваецца

На мой погляд, мы назіраем эвалюцыю беларускага аўтарытарнага рэжыму. Справа ў тым, што клясычны аўтарытарызм прэтэндуе на кантроль толькі палітычнай сыстэмы, нэўтралізуе апазыцыю, блякуе мэханізмы зьмены ўлады. На іншыя сфэры жыцьця ён не распаўсюджваецца.

А беларускі рэжым на піку сваёй магутнасьці спрабаваў ісьці далей. Мала таго, што ён жорстка кантраляваў эканоміку. Рэжым прэтэндаваў на кантроль духоўнага жыцьця грамадзтва. Гэта ўжо элемэнты таталітарнай дзяржавы.

Гэта выяўлялася ў палітызацыі працоўных калектываў, якія, як і ў пэрыяд камуністычнага рэжыму, працягваюць выконваць палітычныя функцыі, празь іх ажыцьцяўляецца кантроль за палітычнай ляяльнасьцю працаўнікоў. Каб фармаваць аднадумства, была створаная ідэалягічная вэртыкаль, у ВНУ вывучаецца адмысловы прадмет «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Рэжым імкнуўся рэгуляваць, якую музыку слухаць, якія кнігі выдаваць, якія фільмы і спэктаклі ствараць.

Цяпер улады пачалі паступова мяняць свае падыходы. Крызіс беларускай сацыяльнай мадэлі спарадзіў масавую незадаволенасьць насельніцтва. І гэта вымусіла Лукашэнку рабіць крокі па разьняволеньні бізнэсу.

Акрамя таго, улады разважліва вырашылі, што ў эпоху інтэрнэту і інфармацыйнага грамадзтва кантраляваць духоўнае жыцьцё ня мае сэнсу, і адпусьцілі лейцы. І мы ўбачылі тое, пра што піша Віктар Марціновіч. У выніку атрымліваецца такі цікавы мікс, гібрыд, які апаганьвае ранейшую чысьціню і арганічнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі, пазбаўляе яе прастаты і аднамернасьці, вядзе да ўскладненьня сыстэмы.

Такім чынам, Беларусь пераходзіць да клясычнага аўтарытарызму. Гэта азначае, што ў эканамічным і культурным жыцьці зьяўляецца адносная свабода. Рэжым ужо не прэтэндуе на поўны кантроль гэтых сфэр.

Але ўвесь гэты лібэралізм і свабода заканчваецца, як толькі гаворка заходзіць пра палітычную сыстэму. Гэты новы курс ясна сфармуляваў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці напярэдадні Новага году. Ён сказаў прадпрымальнікам: я даў вам свабоду, лібэралізацыю, але толькі ня лезьце ў палітыку, бо там дзейнічаюць іншыя правілы.

І сапраўды, зараз кампанія па выбарах мясцовых саветаў праходзіць па звыклым сцэнары, апазыцыю не пускаюць у выбарчыя камісіі.

Такім чынам, дзяржапарат вызваляецца ад лішніх функцый, якія ён і так выконваў вельмі кепска і неэфэктыўна, і сканцэнтроўваецца толькі на самазахаваньні рэжыму. Гэта і ёсьць клясычны аўтарытарызм. Але для Беларусі такая сытуацыя выглядае новай і нязвыклай.

Зразумела, такі пераход не адбываецца аднамомантна. Гэта працэс, які расьцягнуты ў часе. І мы цяпер на самым яго пачатку.

«Фэйсбук вымае энэргію». Віктар Марціновіч пра дзьве Беларусі, «нашу Алексіевіч» і лічбавую рэвалюцыю

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG