Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 студзеня на вуліцы Ціміразева ў Менску адкрыўся новы барбэршоп пад назвай «Чэкіст». Уладальнікі ўстановы падкрэсьліваюць, што назва ня мае дачыненьня да тэмы рэпрэсій. Аднак гэта не спыніла грамадзкіх актывістаў на чале са Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Пальчысам, якія правялі каля новага барбэршопа акцыю пратэсту.

Адзін з гаспадароў у размове з моладзевымі актывістамі спрабаваў выказаць сваю аргумэнтацыю — маўляў, ці была б такая падвышаная ўвага, каб іх установа называлася, прыкладам, «Куля»? Гэта ж нібыта таксама асацыюецца з забойствам.

Актывісты ж настойвалі, што называцца супрацоўнікам карнага органа, які спрычыніўся да масавых рэпрэсій, — гэта, як мінімум, дэманстраваць няведаньне гісторыі. З такім жа посьпехам, казалі яны, можна было ўзяць назву «Гестапавец».

У якасьці лікбезу ўладальнікам барбэршопа пакінулі плякаты з прозьвішчамі больш як сотні беларускіх інтэлігентаў, забітых у кастрычніцкую ноч 1937 году. Пазьней адзін з такіх плякатаў быў зьняты і парваны.

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Пальчыс выступілі з прапановай: цырульня мяняе назву, а блогеры і сеткавыя актывісты робяць ёй рэклямную кампанію. «У іншым выпадку вы проста збанкрутуеце», — сказаў Дашкевіч.

Адзін з гаспадароў пагадзіўся, каб пратэстоўцы прапанавалі новую назву, і яны тады падумаюць. Дашкевіч пры гэтым паабяцаў зрабіць мэблю па сабекошце ад «Цесьляроў», лягатып і рэклямную кампанію.
Ён выказаў жаль, што ў Беларусі зьяўляюцца людзі, якія сваімі ініцыятывамі адбельваюць ідэолягаў тэрору.

«Яны маюць такі набор ведаў, якія дазваляе ганарыцца чэкістамі. Але мы спадзяёмся, што пасьля нашага візыту хлопцы задумаюцца і зьменяць сваю ідыёцкую назву», — падсумаваў Дашкевіч.

Па словах актывістаў, у прававой дзяржаве падобныя рэчы нікому не прыйшлі б у галаву. Але паколькі Беларусь такой назваць не выпадае, то сваё стаўленьне павінна дэманстраваць грамадзкая думка.

Уладальнік, які прадставіўся Алегам, прызнаўся, што ўстанове робіцца добрая рэкляма — хай чорны піяр, але ўсё ж. І сказаў, што абяцаў падумаць пра зьмену назвы толькі дзеля таго, каб «пагасіць жарсьці».

«Моладзь ужо не зьвяртае ўвагі на гісторыю» — у Менску адкрыўся барбэршоп «Чэкіст»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG