Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ пра сувязь шпіёнскіх справаў Шаройкі і Палітыкі: «Домыслаў не камэнтуем»


КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае фота

У КДБ Беларусі Свабодзе паведамілі, што працягваюць расьсьледаваньне справы журналіста Паўла Шаройкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы. Пра тэрміны завяршэньня сьледзтва і пачатку суду ў КДБ пакуль ня кажуць.

Справа ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, якога абвінавачваюць у шпіянажы, расьсьледуецца. Колькі часу зойме расьсьледаваньне, пакуль невядома, паведаміў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь Дзьмітры Пабяржын.

«Справа Паўла Шаройкі расьсьледуецца. На якой стадыі — сьледчыя ніякай інфармацыі для распаўсюду мне яшчэ не перадавалі. Пакуль толькі ў такім фармаце. Пра дату суду гаварыць заўчасна. Прагназаваць штосьці па часе, колькі зойме гэты працэс, я не гатовы, сьледчае падразьдзяленьне займаецца расьсьледаваньнем справы Паўла Шаройкі».

Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў арыштаваны 25 кастрычніка 2017 году ў Менску. Першым пра арышт Шаройкі паведаміў украінскі бок толькі 17 лістапада.

20 лістапада зьявілася афіцыйнае паведамленьне КДБ Беларусі пра «прыпыненьне шпіёнскай дзейнасьці».

27 лістапада Паўлу Шаройку выстаўлена афіцыйнае абвінавачваньне ў шпіянажы (арт. 358 КК РБ). За шпіянаж яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Ці магчымы абмен «шпіёнамі»?

Некаторыя назіральнікі зьвязваюць арышт украінца Паўла Шаройкі з арыштам у чэрвені 2017 году ва Ўкраіне беларуса Юрыя Палітыкі, якога таксама абвінавачваюць у шпіянажы. Паводле інфармацыі беларускай амбасады ва Ўкраіне, Юрыю Палітыку, які ўтрымліваецца ў СІЗА Чарнігава, на гэтым тыдні будзе выстаўлена канчатковае абвінавачваньне, і неўзабаве яго чакае суд.

На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці зьвязаныя справы Паўла Шаройкі і Юрыя Палітыкі і ці магчыма, што суды будуць праходзіць сынхронна, афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзьмітры Пабяржын адказаў, што домыслаў ён не камэнтуе.

«Усё, што тычылася матэрыялаў гэтай справы, падставаў для затрыманьня, у свой час было ў дастатковым аб’ёме апублікавана ў сродках масавай інфармацыі. А нейкія домыслы я камэнтаваць ня буду», — заявіў Дзьмітры Пабяржын.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG