Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін ЗША ўвёў санкцыі супраць іранскіх прадпрыемстваў


Ілюстрацыйнае фота. Іранская балістычная ракета
Ілюстрацыйнае фота. Іранская балістычная ракета

У Вашынгтоне лічаць, што гэтыя кампаніі маюць дачыненьне да распрацоўкі балістычных ракет.

Упраўленьне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі», абвясьціла аб увядзеньні санкцый у дачыненьні чатырох іранскіх прадпрыемстваў і аднаго дасьледчага цэнтру, зьвязаных, як лічаць у Вашынгтоне, з праграмай стварэньня балістычных ракет.

«Гэтыя санкцыі закранаюць ключавыя прадпрыемствы, якія ўдзельнічаюць у ракетнай праграме Ірану, якую іранскі рэжым лічыць важнейшай за эканамічны дабрабыт уласных грамадзян, — гаворыцца ў заяве міністра фінансаў ЗША Стывена Мнучына. — У той час, як грамадзяне Ірану маюць цяжкасьці, іх урад і Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі фінансуюць замежных баевікоў, тэрарыстычныя групы і асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека».

У санкцыйны сьпіс унесены прадпрыемствы Shahid Kharrazi, Shahid Sanikhani, Shahid Moghaddam, дасьледчы цэнтар Shahid Eslami і кампанія Shahid Shustari, якія ўваходзяць у прамысловую групу SBIG, што ўжо знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Эўразьвязу і ААН.

Маёмасьць і іншыя актывы гэтых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў амэрыканскай юрысдыкцыі, будуць арыштаваныя, грамадзянам ЗША забаронена ўступаць з прадстаўнікамі гэтых фірмаў у дзелавыя адносіны. Замежныя фінансавыя кампаніі, якія аказалі якія-небудзь паслугі іранскім прадпрыемствам, рызыкуюць таксама апынуцца ў санкцыйных сьпісах Мінфіну ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG