Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі і ягадкі бязьвізу


Гарадзенскі чыгуначны вакзал
Гарадзенскі чыгуначны вакзал

Я, можна сказаць, у бязьвізе сам варуся. У нашым доме шакалядная крама і — з моцнымі напоямі, турысты паважаюць.

На Новы год пад вокнамі літоўскі аўтобус стаяў. Як звычайныя грамадзяне, прайшлі міліцэйскі агляд перад пропускам на плошчу, адзначылі сьвята каля ёлкі ды Леніна і — назад у аўтобус. А там, ня ведаю, ці дахаты адразу, ці ў гатэль — спаць.

Якія плюсы ад турыстычнага буму ў Горадні? Можна сказаць сьцісла: жыць стала цікавей і весялей. Не сакрэт: Горадня выглядала дагэтуль мядзьведжым кутом, куды толкам ні цягніком не даехаць, ні, тым больш, самалётам не даляцець. Словам, правінцыйны горад. Сёньня стала інакш. Кавярні, гатэлі, хостэлы! Натоўпы турыстаў на вуліцах! Няхай гэтая адкрытасьць пасьля больш за дваццаць гадоў закрытасьці краіны выглядае крыху штучна, але лепей няхай будзе так.

А што не да канца так, як трэба? Ці існуюць нейкія мінусы бязьвізу? Паспрабую паразважаць аб гэтым з пункту гледжаньня жыхара турыстычнай часткі Горадні.

1. Заціснутыя як у перапоўненым аўтобусе

З пачаткам году стала нарэшце магчымым трапіць у Горадню, ня маючы візы, на цягніку. Ён, як вядома, адзін-адзіны: «Кракаў-Варшава-Горадня». Аднак у самыя першыя дні так ніхто і не прыехаў.

Напярэдадні «бязьвізу» чыгуначнае начальства правяло на вакзале ў Горадні «дзень пасажыра». Было заяўлена, што вакзал гатовы да прыёму бязьвізавых турыстаў. Але як гатовы? У чым гэтая гатоўнасьць выяўляецца?

У кракаўскім цягніку тры вагоны, больш за дзьвесьце пасажыраў. Яны апынаюцца ў адносна невялікім памяшканьні. Перад імі два праходы для памежнага кантролю. Каля іх зьлева невялікі тамбур, хіба што прыблізна тры на чатыры мэтры, там яшчэ дзьве памежніцкія «брамкі».

Памежнік просіць «ушчыльніцца». Яму неабходна, каб усе пасажыры ўвайшлі ўсярэдзіну, каб зачыніць дзьверы. Нельга, каб нехта застаўся на вуліцы. У выніку дзьвесьце чалавек стаяць як у селядцы ў бочцы. А пасьля пашпартнага кантролю чакае мытны догляд, дзе месца яшчэ менш. Днямі дзьве гэтыя працэдуры занялі ў мяне амаль гадзіну!

Але патэнцыйныя бязьвізавыя турысты тым больш ня ведаюць, што іх чакае, калі яны будуць выяжджаць з Горадні. Заля чаканьня, пасьля таго, як вы пройдзеце кантроль, вас непрыемна зьдзівіць. Яна разьлічаная ня больш, чым на пяцьдзясят чалавек. А ў яе ўбіваецца сто пяцьдзясят і болей. Няма дзе паставіць валізу. Няма дзе пасадзіць дзіця. Няма дзе стаяць!

Даволі нядаўна чыгуначны вакзал у Горадні меў доўгі капітальны рамонт. І што атрымалася? Раней для пасажыраў за мяжу была даволі вялікая заля. Хаця і там было асабліва не павярнуцца. Пасьля рамонту, аднак, яе падзялілі на дзьве невялікія часткі. Адна — для тых, хто адбывае, другая — для тых, хто прыехаў. У першай яшчэ адгарадзілі месца для «фры-шопаў». Стала зусім цесна. Так што прыяжджаць на вакзал і ад’яжджаць зь яго за мяжу — суцэльныя нязручнасьці.

А ўсё таму, што не зазірнулі наперад, не прадбачылі. Нікому да галавы не магло прыйсьці, што пасажырапаток на «заходнім» напрамку можа павялічыцца.

2. Зьнікаюць чаравікі з паліц

Жанчыны не-не ды наракаюць, што цяжэй стала з абуткам. Нічога толкам не купіць. Раней, да бязьвізу, раскашавалі расейцы. Хто ў санаторый «Парэчча» прыяжджаў ці проста ў Горадню — «на Эўропу паглядзець». Але яны ўсё вартае не маглі выкупіць, пасьля крымска-данецкага абвалу ў кішэнях замала грошай.

Сёньня шчыруюць літоўцы. Гарадзенцы дзівяцца: яшчэ нядаўна мы да іх па абутак, а сёньня — яны да нас. І калготкі гарадзенскія часам не купіць стала, і зь «Мілавіцай» пагоршыліся справы. І з пальчаткамі мясцовай фабрыкі таксама горай цяпер. Вядома, што як Літва перайшла на эўра, цэны памяняліся. Знаёмы, пабыўшы ў Вільні, вярнуўся ў Варшаву: у польскай сталіцы жыцьцё таньнейшае, лічыць.

3. Шакалядны прысмак

Сам я толькі аднойчы сутыкнуўся з дробным недахопам. Сталічная шакалядная фабрыка адкрыла кавярню з крамай. І выбраў я на сьвята вялікую шакалядную цукерку, было колькі хочаш. Прыйшоў набыць на Новы год — скончыліся. Турысты, разводзіць рукамі прадаўшчыца. Але гэта можна цалкам перажыць. Толькі дзівіць, што раней мы ў літоўцаў выкуплялі шакалядныя цукеркі, а сёньня памяняліся ролямі.

4. Мільёны даляраў

За год «бязьвізавікі» пакінулі ў Горадні дзесяць мільёнаў даляраў. Такія лічбы можна сёньня прачытаць. Сам я не лічыў, таму прыму на веру. І адсюль пытаньне: куды гэтыя, чыста турыстычныя грошы ідуць, хто адкажа? Няўжо на міліцыю, якая ёлку ахоўвала на сваіх «КПП»? На якіх, сам бачыў, абмацвалі як у кіно.

Па лёгіцы: турыстычную выручку трэба выкарыстоўваць на адпаведныя мэты. Штосьці мне, аднак, не трапляла на вочы праграма ўзмацненьня турыстычнай прывабнасьці былога каралеўскага гораду. Чаму не аднаўляюць разбураных савецкай уладай архітэктурных славутасьцяў? Чаму не надрукавана праграма пабудовы помнікаў людзям, якія праславілі Горадню ў гісторыі? Дзе помнікі беларускім дзеячам, славутым асобам? Дзе?! Чаму нават не паставілі даўно зацьверджаныя скульптуры Максіму Багдановічу і аленю сьвятога Губэрта?

5. Аэрапорт «Абухава» — адкрыты!

Мядзьведзь напэўна ў лесе памёр, але разам з чыгуначным вакзалам для бязьвізу адкрылі гарадзенскі аэрапорт. Аднак гучыць гэта хутчэй як дэклярацыя добрых намераў. Хто туды паляціць і навошта? Як вядома, доўгі час ніякіх пастаянных пасажырскіх рэйсаў не было. Апошнім часам улетку адкрываюцца чартэры ў Баўгарыю, абяцаюць у Турцыю, бывае транзытны рэйс у Калінінград.

Але каб мець бязьвізавых пасажыраў, патрэбна вялікая праца і грошы. Прыцягнуць трэба танныя авіякампаніі. Іншага шляху няма. Тады і гарадзенцы маглі б імі карыстацца, а ня езьдзіць вечна ў Варшаву, Коўна, Вільню ці ў той жа Менск.

Аднак проста так не паляціць заходнік, нават вызвалены ад патрэбы купляць візу, у правінцыйны горад. Што яму тут рабіць? Ну, добра, адбудуюць замкавы палац караля Стэфана Баторыя. Гэта — вельмі слушны крок. Аднак яго будзе замала.

Таму ў тых умовах, што існуюць, пакуль больш рэальным выглядае намер польскай авіякампаніі зрабіць рэйс «Варшава-Горадня». Цягнік палякі пусьцілі вельмі добры, квіткі недарагія, карыстаецца папулярнасьцю. З авіярэйсам таксама можа атрымацца. Але адно ясна: бязьвізавыя турысты ў аэрапорце «Абухава» самі па сабе ня зьявяцца, пешшу ня прыйдуць. Над гэтым яшчэ трэба працаваць і працаваць. Мне так здаецца. Хаця можа ў начальства існуюць нейкія «напалеонаўскія пляны», але нам аб іх сёньня нічога не вядома.

Гарадзенскі чыгуначны вакзал
Гарадзенскі чыгуначны вакзал

Прыбыў цягнік «Кракаў-Горадня»
Прыбыў цягнік «Кракаў-Горадня»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG