Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца Трампа: ЗША не сумняваюцца ва ўмяшаньні Расеі ў выбары


У Белым Доме не сумняваюцца, што за спробай умяшацца ў выбары ў ЗША стаяў Крэмль. Пра гэта ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заявіў дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Гэрбэрт МакМастэр.

МакМастэр лічыць неабходным супрацьстаяць «вельмі прасунутай новай стратэгіі», якую Расея магла выкарыстоўваць для ўмяшаньня ў выбарчыя працэсы ў многіх краінах сьвету. Па словах дарадцы, Масква ўдасканаліла стратэгію за кошт дэзынфармацыі і прапаганды ў сацыяльных сетках. Расея, паводле МакМастэра, ставіць сваёй мэтай унесьці разлад і настроіць розныя палітычныя групы адзін супраць аднаго.

Па словах дарадцы прэзыдэнта ЗША, Крэмль не абмежаваўся ўмяшальніцтвам у амэрыканскую выбарчую кампанію. МакМастэр перакананы, што Расея ўмешвалася таксама ў выбары ў Францыі і рэфэрэндум у Каталёніі.

«Сарваць заслону з расейскай кампаніі дэстабілізацыі — гэта першы важны крок, які дазволіць усім убачыць сапраўдныя намеры Расеі», — сказаў МакМастэр.

Дарадца перакананы, што Расея заплаціць сваёй жа рэпутацыяй за анэксію Крыма, падтрымку сэпаратыстаў ва Ўкраіне і падтрымку сырыйскага рэжыму, які нясе адказнасьць «за масавыя забойствы ўласных грамадзян з выкарыстаньнем хімічнай зброі».

Масква сваё ўмяшаньне ў справы іншых дзяржаў катэгарычна адмаўляе.

XS
SM
MD
LG