Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне


Дантэ Габрыэл Расэці, «Бэата Бэатрыкс» (1864–1870)
Дантэ Габрыэл Расэці, «Бэата Бэатрыкс» (1864–1870)

Людзі кажуць, што ўсё добрае некалі мусіць закончыцца. Я ня буду казаць пра ўсё, скажу толькі пра нашу рубрыку «100 словаў» на Свабодзе: так, яна закрываецца з канцом 2017 году. Рубрыка пачалася тэкстам «Бібліятэка Будучыні» 7 лістапада 2014 году. Тэкст «Сьцісласьць — сястра таленту» з 29 сьнежня 2017 — апошняе стаслоўе ў нашым цыкле. За тры зь лішнім гады мы апублікавалі прыблізна 950 тэкстаў. Аўтараў у рыбрыцы назьбіралася пад 130. Я ня ведаю дакладных лікаў, але яны тут — не найважнейшыя. (Гэты мой тэкст у статыстыку рубрыкі ўжо ня пішацца, бо ён — нефарматны. Сёньня я хачу напісаць крыху больш, чым 100 словаў.)

Я не скрываў гэтага раней і паўтару цяпер: апека над рубрыкай «100 словаў» — адзін з маіх найбольш улюбёных абавязкаў на Свабодзе. Гэта сапраўды вельмі файнае адчуваньне, калі зранку адкрываеш скрынку электроннай пошты і знаходзіш пасылкі ў фармаце «100 словаў». У рубрыку пісалі ня толькі зь Беларусі, але і зь Літвы, Польшчы, Украіны, Нямеччыны, ЗША, Канады… І пісалі мае калегі-свабодаўцы з чэскай Прагі. Вялікі дзякуй усім, хто пісаў, але ў першую чаргу я хачу падзякаваць якраз рэдакцыйным калегам, якія падтрымалі рубрыку ў першыя месяцы яе існаваньня, калі я ня быў упэўнены, ці ідэя «народнай літаратурнай пляцоўкі» на Свабодзе — не халасты стрэл…

У красавіку сёлета зьявілася свабодаўская кніга «100 словаў», у якую ўвайшлі 300 тэкстаў ад 100 аўтараў рубрыкі з 2014–2016 гадоў. Мне было надзвычай прыемна сустрэцца з аўтарамі і чытачамі стаслоўяў на прэзэнтацыях кнігі ў Менску і Горадні. Кніжная анталёгія праекту «100 словаў» (тут асобная падзяка «Бібліятэкару Свабоды» Аляксандру Лукашуку за выданьне) — гэта была, так сказаць, вяршыня ў актыўнасьці рубрыкі, пасьля адоленьня якой наш творчы імпэт пачаў спакваля спадаць. Аўтараў прыкметна меншала, хоць найбольш верныя заставаліся з рубрыкай да канца: Васіль Аўраменка, Марат Баскін, Тацяна Валенцік, Вікторыя Грыніна, Ала Жак, Альжбета Кеда, Яўген Мартыновіч, Аксана Спрынчан, Віктар Шніп… Яшчэ раз дзякую.

Разьвітаньне з рубрыкай «100 словаў» — гэта, пэўна, і нагода для журбы. Але таксама — спадзяваньне на новыя сустрэчы, у іншых месцах і навакольлях. Зразумела, што пасьля новых сустрэчаў будуць і новыя разьвітаньні, і новая журба, і зноў пачуцьцё, што нечага нам шкада, і нечага нам не хапае. Такая натура жыцьця. Як кажа паэт:

Куды б мы ні ехалі, заўсёды прыедзем запозна
да таго, што некалі захацелі знайсьці.
І ў якіх гарадах мы б ні спыняліся
там будуць дамы, да якіх запозна вяртацца
сады, у якіх запозна праводзіць месячную ноч
і жанчыны, якіх запозна кахаць
і якія гнятуць нас сваёй няўлоўнай прысутнасьцю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG