Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрнштэйн супраць Малішэўскага: Пракапенягейт, журналісцкая этыка і «вялікі брат» Оруэла


Віктар Пракапеня

Выдаленьне з сайтаў інфармацыі пра арышт бізнэсоўца Пракапені — наколькі гэта цяжкое парушэньне журналісцкай этыкі? Ці важныя для ацэнкі дэталі дамоўленасьцяў СМІ і прадпрымальніка? Ці падобная сытуацыя з Пракапенем на знакаміты раман Оруэла «1984»? Якія высновы для беларускіх СМІ і грамадзтва вынікаюць з Пракапенягейту?

На гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» спрачаюцца блогер Марк Бэрнштэйн і галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Віктар Малішэўскі.

«Пракапенягейт закрануў амаль усе СМІ»

Дракахруст: Пракапенягейт — гэтак публіка ахрысьціла гісторыю, якая зараз горача абмяркоўваецца ў Байнэце. Нагадаю перадгісторыю.

Віктар Пракапеня — вядомы IT-прадпрымальнік, у 2015 годзе ён быў затрыманы паводле абвінавачваньня ў «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў складзе арганізаванай злачыннай групы». Ён правёў 9 месяцаў у менскім СІЗА № 1. Пасьля чаго выйшаў на волю, усе абвінавачваньні зь бізнэсоўца былі зьнятыя, а справа спыненая ўказам прэзыдэнта.

Як стала вядома пару месяцаў таму, шэраг беларускіх інтэрнэт-выданьняў выдалілі са сваіх сайтаў тэксты, у якіх распавядалася пра абставіны крымінальнай справы Пракапені.

Прадстаўнікі некаторых з выданьняў тлумачылі, што на іх выходзілі блізкія да Пракапені людзі і ён сам з просьбай прыбраць гэтыя публікацыі, маўляў, былы вязень зьбіраецца рабіць карʼеру на Захадзе і яму б не хацелася, каб яго патэнцыйныя замежныя партнэры даведаліся пра гэты момант яго біяграфіі.

Я прапаную пагаварыць ня столькі пра канкрэтныя сытуацыі кожнага СМІ, якое так ці інакш аказалася ўцягнутым у гэтую справу, колькі пра прынцып: наколькі дапушчальныя такія дзеяньні? Ці ёсьць гэта парушэньнем этыкі і калі так, то ці настолькі ўжо вялікае?

Марк Бэрнштэйн
Марк Бэрнштэйн

Бэрнштэйн: Я лічу, што гэты выпадак для Беларусі ўнікальны. Гэта парушэньне этычных прынцыпаў з боку журналістаў. Такія выпадкі трэба выкрываць і абмяркоўваць, каб людзі разумелі, што так нельга рабіць.

Мяне зьдзівіла, што гэта закранула СМІ па ўсім спэктры. Дзяржаўныя — недзяржаўныя, радыкальныя і памяркоўныя, палітызаваныя і жаўтушныя, грантавыя і камэрцыйныя — практычна закранула ўсіх.

Мне падалося, што СМІ, якія бізнэс, гэта закранула менш, але закранула і іх. Той жа TUT.BY і Onliner. Гэта самае жахлівае — што аказаўся ўцягнуты ўвесь спэктар СМІ.

Дракахруст: Я ўжо сказаў, што ў кожных СМІ былі свае абставіны. Але самае простае – грошы, вось яны маюць значэньне? Некаторыя прадстаўнікі СМІ пасьпелі сказаць, што нешта ўзялі. Іншыя не гаварылі. На ваш погляд, для ацэнкі гэтай сытуацыі важныя дэталі? Мы ня сьледчыя, але ці важна гэта?

Малішэўскі: Я лічу, што як толькі ў справе пачынаюць фігураваць грошы — гэта важны чыньнік. Калі былі грошы — гэта вельмі сурʼёзна.

Сумна, што зараз у сацыяльных сетках усе СМІ падводзяцца пад адзіны капыл, гаворыцца, што ўсё прадажныя.

Такі «срач» нагадвае ўкраінскую сытуацыю, дзе ніхто нікога не слухае.

Насамрэч у кожнага была свая сытуацыя.

Дракахруст: А быў бы на месцы Пракапені журналіст ці праваабаронца, дык тады б людзі і не казалі, што за гэтым стаяць грошы. І таму калі людзі спрыяюць прадпрымальніку альбо бізнэсоўцу, мільянэру, то думкі пра грошы ўзьнікаюць натуральным чынам.

Малішэўскі: Так, гэта натуральна. Зразумела, што Пракапеня асацыюецца з грашыма і што гэта адыгрывае сваю ролю.

Калі б на месцы Пракапені быў нехта з палітвязьняў, то сытуацыя была б зусім іншая і публіка зусім інакш ставілася б

Калі б, скажам, прыватная асоба была абвінавачаная ў пэдафіліі, а потым справа была б закрытая, гэта была б яшчэ адна, ужо трэцяя сытуацыя.

Насамрэч усё залежыць ад фігуры.

Прынцыпы для «нашых» і для «нянашых»

Дракахруст: Цяпер Віктар Пракапеня — ледзь ня «слуп рэжыму», адзін з аўтараў і лябістаў IT-дэкрэту, да яго на фірму прыяжджае прэзыдэнт. Ён у любым выпадку публічная асоба. Ну а тады, калі ён толькі выйшаў з-за кратаў, ён быў пацярпелым, на думку многіх, несправядліва, сымбалем новай, свабоднай эканомікі, якую душыць антырынкавая сыстэма. Гэтыя чыньнікі, гэты яго тагачасны вобраз маглі паўплываць на гатоўнасьць некаторых СМІ пайсьці насустрач Пракапені — ахвяры сыстэмы? Калі так, то ці апраўдвае іх гэты чыньнік?

Бернштэйн: Гэта ня толькі магло паўплываць, гэта рэальна паўплывала. Я бачыў гэты аргумэнт ад двух прадстаўнікоў СМІ ў гэтай дыскусіі.

Мне здаецца, што гэта кепска. Калі стаўленьне СМІ да «зачысткі інфармацыі» будзе абапірацца на тое, добры ці кепскі чалавек, гэта для журналістыкі вельмі кепска.

Дракахруст: Марк, не добры ці кепскі, а «наш» ці «ня наш».

Бернштэйн: Так, менавіта «наш» і «ня наш». Калі ад гэтага залежыць, можна ці нельга зачышчаць інфармацыю, гэта катэгарычна непрымальна.

Віктар Малішэўскі
Віктар Малішэўскі

Малішэўскі: Я згодны, што ставіцца паводле «наш-ня наш» — гэта вельмі кепска. І гэта ў справе Пракапені і гуляе. Зараз ён ужо відавочна «ня наш» і менавіта таму ён і выклікае такую няпрыязь і ніякія аргумэнты ўжо не ўспрымаюцца.

Але я б не ўжываў гэтыя катэгорыі «наш-ня наш» да Пракапені, для апісаньня стаўленьня да яго, калі гэта ўсё толькі пачыналася.

Тады апэравалі катэгорыяй — пацярпелы, ахвяра. Гэта як праваабаронцы — яны падтрымліваюць усіх, хто пацярпеў ад дзяржавы.

І роля ахвяры, пацярпелага ад свавольства дзяржавы, яна і сапраўды ўплывала на рашэньні.

Да таго ж ёсьць такое паняцьце, як прэзумпцыя невінаватасьці, і нават зараз гэтае паняцьце парушаецца. Усе разумеюць, што Пракапеня «ня наш», таму робіцца выснова, што, відаць, там усё ня так проста было зь яго крымінальнай справай і ня проста так яго адпусьцілі.

Дракахруст: А калі б Пракапеня зрабіў тое, што абяцаў сваім суразмоўцам са СМІ – сышоў у прыватнае жыцьцё, атабарыўся б у нейкім заходнім бізнэсе, усе гэтыя чыньнікі з падчышчэньне гісторыі – яны б выклікалі такі ж рэзананс? Ці тыя крытыкі, якія цяпер ганяць СМІ, проста махнулі б рукой на гэтую справу?

Бэрнштэйн: Я думаю, што, на жаль, гэты ажыятаж быў бы значна меншым.

Мы бачылі гэта ў пэўным сэнсе ў верасьні. Першыя публікацыі на гэтую тэму Ўладзімера Бараніча зьявіліся тады, на іх не зьвярнуў увагу ніхто.

І я таксама. Я пакаяўся ў гэтым, у тым, што спрацаваў мой цынізм, я думаў, што ўсе пра гэта і так ведаюць, але ўсім проста пляваць.

І я згодны: зразумела паўплываў дэкрэт, тое, што Пракапеня ўвайшоў ва ўладную абойму. І таму рэзананс атрымаўся цяпер менавіта такім.

Пракапенягейт і «1984»: хто такі «вялікі брат»

Дракахруст: Падчас дыскусіі наконт Пракапенягейту многія прыгадвалі знакаміты раман Оруэла 1984, дзе таталітарная дзяржава пасьля зьмены сытуацыі мяняла кантэнт усіх ранейшых інфармацыйных паведамленьняў. Можа і сапраўды беларускія СМІ сталі падаўжальнікамі самых агідных таталітарных практыкаў. Як казаў адзін з герояў раману: хто кіруе мінулым, той кіруе будучыняй. І СМІ гэтаму спрыяюць?

Малішэўскі: Самае галоўнае — як гэта памяняе будучыню? Тут варта прааналізаваць, як СМІ, якія прыбралі інфармацыю пра зьняволеньне Пракапені, пісалі пра яго пазьней. Калі яны і надалей пісалі пра яго станоўча, тады так — ён здолеў памяняць будучыню.

Тут варта прааналізаваць, як СМІ, якія прыбралі інфармацыю пра зьняволеньне Пракапені, пісалі пра яго пазьней. Калі яны і надалей пісалі пра яго станоўча, тады так — ён здолеў памяняць будучыню

Калі яны крытыкавалі непразрыстасьць абмеркаваньня і прыняцьця дэкрэту, гэта гаворыць пра тое, што зьмяніць будучыню не атрымалася.

Мы гаворым пра «1984», але я бы яшчэ пагаварыў пра тое, што мы па-рознаму ацэньваем сытуацыю, і Віктар Пракапеня ацэньвае яе як бізнэсовец, і яму на самой справе важны яго бізнэс-вобраз. Іншыя людзі, скажам, блогеры, глядзяць на яе інакш. Але для бізнэсоўца гэта ўсё зусім па-іншаму, зусім іншая псыхалёгія.

У ФБ вы можаце мяняць зьмест сваіх пастоў. Але ў гісторыі можна паглядзець усе гэтыя аднаўленьні, знайсьці першапачатковы тэкст. Гэта можна, калі лезьці ў гісторыю.

У гісторыі з Пракапеням, усім было зразумела, што сьлед усё роўна застанецца.

Дракахруст: Магчыма, у выпадку з Пракапенем жарсьці спараджаюць ня столькі перасьцярогі, што вычышчэньне менавіта яго гісторыі выкліча ці магло выклікаць нейкія значныя кепскія наступствы. Магчыма, справа ў прэцэдэнце.

Бэрнштэйн: Менавіта гэта мяне і бянтэжыць. Пытаньне ж не ў Пракапеню. Пытаньне ў супярэчнасьці паміж бізнэс-інтарэсамі Пракапені і грамадзка-значным жаданьнем ведаць пра важныя падзеі.

Мы разумеем, што тут усё выплыла навонкі і гэта не схаваеш. Але прыкра выглядаюць спробы апраўдвацца, непрызнаньне таго, што гэта была катастрофа. Спрабуюць праводзіць паралелі з падзеямі прыватнага жыцьця, з правам на забыцьцё, якое зьяўляецца досыць спрэчнай канцэпцыяй. У ЗША, напрыклад, на заканадаўчым узроўні яно адрынутае.

Нас спрабуюць уцягнуць у дыскусію, можна ці нельга так рабіць у прынцыпе. Усё ж гэта вельмі кепска, калі грамадзка-значную падзею выціраюць з гісторыі.

Малішеўскі: Справа Пракапені — добрая прышчэпка, каб СМІ наступны раз глядзелі на сытуацыю менавіта так, як кажа Марк.

Але тут ёсьць падставы казаць і пра права на забыцьцё, і пра прэзумпцыю невінаватасьці. Ніхто ня ведае, у чым дакладна абвінавачвалі Пракапеню, ці быў ён вінаваты. А гэта важна.

Дракахруст: Асацыяцыі з «1984» у некага выклікае падчышчэньне архіваў. А поўная і ўсеагульная празрыстасьць не выклікае такой аналёгіі, з тэлескрынамі і знакамітым лёзунгам Big brother is watching you? А можа сёньня Big brother — гэта не ўладар, не Лукашэнка, а інтэрнэт? І ці не прыйшлі мы таксама да таталітарызму, толькі іншай прыроды? І можа Пракапеня — гэта такі Ўінстан Сьміт, які абараняе сваю прыватнасьць ад «вялікага брата»?

Малішэўскі: Я б так ня ставіў пытаньне, але нешта ў гэтым ёсьць.

Калі распачалі крымінальную справу супраць Пракапені, ён быў ахвярай. Зараз ён таксама можа быць ахвярай. А на яго глядзяць, як на дʼябла, які маніпулюе СМІ.

Але ў любым выпадку гэта добры ўрок: і для тых, хто хоча зьмяніць мінулае, і для тых, хто мяркуе, што гэта пройдзе проста так, і для тых, хто перасьцерагаецца «вялікага брата». Мне не падабаецца, калі «вялікі брат» прымае вобраз «вялікага срачу», які абвінавачвае цябе ва ўсіх грахах.

Дракахруст: "Вялікі брат" бывае розны, не толькі падчышчае, а ўсюды вас бачыць.

Бэрнштэйн: Мой смартфон ведае пра мяне больш, чым я пра яго. Мы самі без усялякіх СМІ, без усялякіх грамадзкіх падзеяў даем інфармацыю пра сваё прыватнае жыцьцё ў сацыяльных сетках, у гугл-акаўнтах. Мы даем абсалютна дабравольна шмат інфармацыі, якая дазваляе сачыць за намі.

Зараз праз смартфон можа адсочваць наш рух. Аб гэтым ніхто не задумваецца. Зразумела, што калі ў чалавека смартфон у кішэні, то яго любы рух фіксуецца і месца, дзе ён знаходзіцца, вядома таму, хто кантралюе смартфон.

Але «Вялікі брат» — гэта ўсё ж пра ўрады і карпарацы, якія маюць тэхнічныя магчымасьці сачыць за вамі. У дадзеным выпадку гэта іншае. Што кепскага ў тым, калі грамадзтва глядзіць за публічнымі, палітычнымі ў тым ліку, асобамі? Я лічу, што гэта добра.

Урокі Пракапенягейту для СМІ і грамадзтва

Дракахруст: На ваш погляд, якія высновы варта зрабіць з Пракапенягейту грамадзтву і СМІ? Ці варта аддзяліць «чыстых» ад «нячыстых», тых, хто ўстрымаўся ад зьдзелкі, ад тых, хто на яе пайшоў, і сказаць — вось сапраўдныя незалежныя СМІ, а гэтыя — не? Ці «нячыстых» аказалася так шмат, што грэх як бы ўжо і ня грэх?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Бэрнштэйн: Сапраўды, «нячыстых» аказалася шмат, а «чыстых» — так мала. Справа ня ў тым, што калі грэшных так шмат, то і грэх — ня грэх. Гэта сьведчаньне таго, што бяда ў нас.

Я вельмі спадзяюся, што гэты выпадак паказаў і патэнцыйным замоўшчыкам падобных «зачыстак», і іх выканаўцам, што грамадзтва на гэта будзе рэагаваць.

У нас сум сытуацыі палягае ў тым, што нашыя СМІ ў пераважнай большасьці — гэта ня бізнэс, які сочыць за сваёй рэпутацыяй, для якога яна важная, якому будзе каштаваць стратай грошай страта рэпутацыі.

Тым СМІ, якія пілуюць гранты ці сядзяць на бюджэце, пляваць на рэпутацыю.

Бізнэс зробіць свае высновы. Той жа TUT. BY наступным разам на падобнае дакладна ня пойдзе.

Дракахруст: Віктар, якія на ваш погляд будуць высновы? Можа быць, бізнэс прыйдзе да высновы, што можна купляць, бо ўсё прадаецца? А можа быць, каму-небудзь прыйдзе ў галаву, што вось гаварылася, што Лукашэнка выпадковы прэзыдэнт, а ён не выпадковы, ён такі ж, якое і грамадзтва. Такія высновы таксама могуць быць?

Малішэўскі: Мяне адначасна і радуе тое, што ў нас добры грамадзкі кантроль, які сапраўды «сочыць за намі», але і палохае гэты грамадзкі кантроль, які не дае выказаць альтэрнатыўную пазыцыю і мяшае ўсіх у адну кучу.

Насамрэч добра, што СМІ атрымалі гэту прышчэпку. Яшчэ гэту прышчэпку атрымала грамадзтва, якое на сваёй шкуры адчула эфэкт Барбары Стрэйзанд.

Патрэбная дыскусія журналісцкай супольнасьці, гэта трэба абмяркоўваць, трэба даваць слова ўсім.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG