Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не сакрэт, што найлепшыя сусьветныя гісторыкі жывуць у ЗША. Там, дзе ствараюцца найлепшыя сусьветныя тэхналёгіі. І гэта, бадай, усё, што трэба ведаць пра дыскусію вакол выдаленага СМІ турэмнага фрагмэнту біяграфіі бізнэсоўца Пракапені.

Тут старое як сьвет супрацьстаяньне цывілізацыі і барбарства. Барбар можа захапіць тэхналёгію, але калі ў ягонай краіне няма гісторыі, ён зь любой тэхналёгіі будзе вырабляць «калаша», альбо ўжо заўтра разам з тэхналёгіяй уцячэ ў ЗША.

Не бяда, калі ў краіны няма сусьветных тэхналёгіяў. Гэта яшчэ ня сьведчыць пра барбарскі характар краіны. Бяда, калі няма аўтарытэтных гісторыкаў. Бо гэта ўжо сьведчыць. Менавіта на глебе гісторыі і вырастаюць тэхналёгіі.

Беларусь не сусьветная краіна. Але яшчэ два дзясяткі гадоў у яе былі гісторыкі, аб’яднаныя адной місіяй, для якіх недапушчальна, неўяўляльна, патыхбакова было б «падчышчаць» ці перапісваць факты. Яны былі здабыўцамі гэтага золата фактаў і толькі так і глядзелі на сваю здабычу. «Падчышчалі» і перапісвалі іншыя — чэкісты, чыноўнікі, публіцысты, якім ніхто ня верыў. Урэшце місія сама адышла ў гісторыю. Засталіся разброд і хістаньні. У Беларусі ня стала гісторыі. І ня стала місійных гісторыкаў, якія ў нашай не сусьветнай краіне выконвалі функцыі сусьветных. Краіна стала барбарскай.

На маю думку, гэта ўсё, што трэба ведаць пра справу фальсыфікацыі гісторыі канкрэтнага бізнэсоўца Пракапені і пэрспэктывы сусьветных тэхналёгіяў у нашай безгістарычнай на сёньня краіне. Адзінае, на што можа разьлічваць улада — гэта «хапануць бабла» ў ІТ-геніяў да таго, як удасца іх пасадзіць у турму альбо як яны зваляць туды, дзе жывуць найлепшыя сусьветныя гісторыкі. Ні на што іншае ўлада без гісторыі не разьлічвае і разьлічваць ня можа.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG