Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус за ўдзел ў масавых беспарадках у Адэсе пакараны ўмоўным тэрмінам


Беспарадкі ў Адэсе 2 траўня 2014 году.

Кіеўскі раённы суд Адэсы асудзіў на ўмоўнае пакараньне грамадзяніна Беларусі Алега Шабаліна за ўдзел у масавых беспарадках ў Адэсе 2 траўня 2014 году — пяць гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на тры гады.

Як паведамілі Свабодзе ў пракуратуры Адэсы, цяпер беларус мае іншае прозьвішча — зьмяніў на прозьвішча сваёй жонкі, грамадзянкі Ўкраіны, якая жыве ў Адэсе.

«У часе судовага працэсу ён поўнасьцю прызнаў сваю віну», — удакладнілі ў пракуратуры.

Суд кваліфікаваў злачынства беларускага грамадзяніна як «асабісты актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобамі, зьнішчэньнем маёмасьці, супрацівам прадстаўнікам улады з ужываньнем зброі ці іншых прадметаў, што прывяло да гібелі людзей ды іншых цяжкіх наступстваў».

У той жа час пры вызначэньні пакараньня суд ўлічыў поўнае прызнаньне віны, спрыяньне раскрыцьцю злачынства, станоўчую характарыстыку зь месца папярэдняга зьняволеньня (у Беларусі — РС) і па месцы жыхарства, а таксама адсутнасьць прэтэнзій з боку пацярпелых.

Перадгісторыя

У верасьні паведамлялася, што Алег Шабалін быў апраўданы гарадзкім судом Чарнаморску (Адэская вобласьць) разам зь іншымі 19 прарасейскімі актывістамі, якія абвінавачваліся ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 2 траўня 2014 году ў цэнтры Адэсы, калі загінулі 48 чалавек і яшчэ каля 200 былі параненыя.

Пасьля гэтага працэсу пракуратура аспрэчыла ў апэляцыйным парадку прысуд у дачыненьні да некалькіх фігурантаў справы. Справа беларуса Алега Шабаліна разглядалася асобна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG