Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалы: Адбыўся «рэгулятыўны захоп» — айцішнікі паставілі карпаратыўныя інтарэсы вышэй за нацыянальныя


Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — эканаміст Сяргей Чалы. Ён сьцьвярджае, што дэкрэт пра лічбавую эканоміку нясе ў сабе шэраг небясьпекаў і патэнцыйна можа прывесьці да адмываньня ў Беларусі праз крыптавалюты брудных грошай з усяго сьвету, канстатуе, што ІТшнікі змагаюцца за прывілеі для сябе замест права для ўсіх, і заяўляе, што Лукашэнка паверыў у ІТ-краіну як у Wunderwaffe, зброю-цуд.

Многія новаўвядзеньні, якія чамусьці назвалі «нормамі ангельскага права», проста сьпісаныя зь дзейнага Грамадзянскага кодэксу Расеі

— Сяргей, ваша крытычная пазыцыя наконт Дэкрэту «Аб лічбавай эканоміцы» дастаткова добра вядомая. Ці не маглі б вы зараз коратка апісаць сутнасьць вашых асноўных прэтэнзіяў?

— Пачнём з самага простага і ня самага галоўнага. Нягледзячы на шэраг карысных рэчаў, зьвязаных з аблягчэньнем дзейнасьці кампаній, рэчаў, якія даўно патрэбныя і ІТ-кампаніям, і ўсім астатнім, — яны распаўсюджваюцца чамусьці толькі на кампаніі з ПВТ. І многія новаўвядзеньні, якія чамусьці назвалі «нормамі ангельскага права», проста сьпісаныя зь дзейнага Грамадзянскага кодэксу Расеі. Але Грамадзянскі кодэкс дзейнічае для ўсіх фірмаў і кампаніяў Расеі, а ў нас гэтыя нормы пераймаюцца толькі для рэзыдэнтаў гэтага нашага ўнутранага афшору.

Па-другое, нягледзячы на ўсе размовы пра разьвіцьцё «прадуктавага праграмаваньня», асноўным бэнэфіцыярам дэкрэту застаюцца па-ранейшаму кампаніі, якія займаюцца продажам працоўнай сілы за мяжу. Галоўнай іхнай праблемай было тое, што галоўная крыніца іхных затратаў — фонд аплаты працы. Але паколькі колькасьць людзей, якія могуць займацца праграмаваньнем, фізычна абмежаваная, то заробкі расьлі, і гэта пачынала адбівацца на прыбытковасьці гэтых кампаній. Таму працягненьне льготаў для іх да 2049 году па нахабстве перавышае нават хацелкі наконт трохразовага падвышэньня выдаткаў на навуку да 2040 году. 2040 год — гэта год, калі «альбо падышах, альбо ішак» здохне. А 2049 — гэта, відавочна, год, калі можна ставіць «і» — і ішак, і падышах.

— Айцішнікі адстаялі свае інтарэсы як пасьпяховыя лабісты. Але, цынічна кажучы, што ў гэтым кепскага? Раней лабісты былі старшыні калгасаў і чырвоныя дырэктары, цяпер айцішнікі. Прагрэс.

— Давайце пра гэта троху пазьней, бо на самой справе гэта не лабізм.

Апошняе, што выклікала шмат пытаньняў у сувязі з дэкрэтам, — гэта сам працэс падрыхтоўкі ягонага тэксту. Калі хаваліся і распрацоўшчыкі, і сам тэкст. І ў мяне было падазрэньне, што за нейкімі карыснымі рэчамі хаваецца нейкі бруд, які і трэба хаваць. І калі тэкст выйшаў, стала зразумела, пра што ідзе размова. Уся крыптавалютная частка напісаная настолькі жахліва, з сэрыі «а давайце мы вызвалім ад падаткаў усю гэтую сфэру», «а давайце мы ўсе сродкі, якія будуць у выглядзе токенаў, будзем лічыць чыстымі», «а давайце любую дзейнасьць, якая будзе падобная да банкаўскай дзейнасьці або дзейнасьці з каштоўнымі паперамі, ня будзем лічыць такой». Нахабства настолькі абуральнае, што застаецца толькі вымавіць: «А што, так можна?».

Нахабства настолькі абуральнае, што застаецца толькі вымавіць: «А што, так можна?»

Гэта стварае настолькі неверагодныя дзіры — з пункту гледжаньня бясьпекі і міжнароднага рэжыму кантролю за адмываньнем даходаў, здабытых злачынным шляхам, — што галава ідзе кругам.

— І сапраўды, людзі ўжо выказваюцца ў тым сэнсе, што калі ўкараніць у заканадаўства ўсе тыя нормы, якія прадугледжаныя ў ІТ-дэкрэце, то Беларусь хутка можа падпасьці пад міжнароднае заканадаўства наконт адмываньня грошай, здабытых незаконным шляхам?

— Абсалютна так.

— Няўжо распрацоўшчыкі гэтага не разумеюць? Тыя юрысты, якія працавалі над праектам, пра што яны думалі?

— Тут два варыянты. Першы — гэта проста наіўна і кепска напісаны тэкст. Карыстаючыся тэрміналёгіяй з ІТ-бізнэсу, рэліз гэтага прадукту аказаўся дзіравы з пункту гледжаньня бясьпекі, і яго ўмомант узламаюць любыя хакеры. І гэтая дзірка атрымалася менавіта таму, што дакумэнт распрацоўваўся без сур’ёзнага тэставаньня, вузкім колам людзей.
Таму, строга кажучы, гэта і не лабізм. У лабізьме нічога кепскага няма, ва ўсім сьвеце гэта прынцып самаарганізацыі грамадзянскай супольнасьці. А тое, што адбылося тут, у эканоміцы называецца даволі дакладна — «рэгулятыўны захоп». Гэта калі органы дзяржавы, якія павінны кантраляваць, каб нейкая галіна не прыносіла шкоды ўсёй эканоміцы і дзяржаве — уступаюць у змову з гэтай галіной і свае карпаратыўныя інтарэсы ставяць вышэй за інтарэсы ўсёй астатняй краіны.

Калі ім упершыню выдавалася льготы, мелася на ўвазе, што вынікам гэтых ільготаў будзе лічбавая трансфармацыя ўсёй эканомікі. Але за гэты час нейкага плёну, зьменаў у эканоміцы мы не пабачылі

— Прыхільнікі дэкрэту якраз кажуць, што карпаратыўныя інтарэсы гэтай галіны могуць пацягнуць наперад усю краіну. І прыводзяцца самыя розныя лічбы, часта гучыць лічба мільярд даляраў. Людзі пачынаюць думаць, што гэта той мільярд, які ІТ-галіна пастаўляе ў бюджэт. На самой справе мільярд — гэта аб’ём экспарту, а ў беларускі бюджэт кампаніі з ПВТ заплацілі толькі каля 40 мільёнаў даляраў.

— Так, каля таго. Пакуль мадэль цалкам афшорная, то грошы, якія вяртаюцца ў Беларусь — гэта фактычна фонд аплаты працы, даляры, якія ідуць на аплату працы праграмістаў.

Усе эфэкты ад ПВТ — гэта проста рост тратаў грошай айцішнікамі ўнутры Беларусі

Важная рэч — тэмпы росту гэтага экспарту апошнія гады падаюць, цяпер яны складаюць 12 працэнтаў у год. І калі яны кажуць пра абавязак дасягнуць 4,7 мільярда даляраў экспарту да 2030 году, то матэматычна можна вылічыць, што тэмп росту якраз і будзе 12 працэнтаў. То бок нават самі распрацоўшчыкі не закладаюць ніякага якаснага паляпшэньня сытуацыі ў параўнаньні з тым, што ёсьць цяпер.

— Але калі выбіраць нейкую галіну як лякаматыў росту — чаму б ня выбраць менавіта гэтую?

— Я ж як бы ня супраць. Але ж калі ім упершыню выдавалася льготы, мелася на ўвазе, што вынікам гэтых ільготаў будзе лічбавая трансфармацыя ўсёй эканомікі. Але за гэты час нейкага плёну, зьменаў у эканоміцы мы не пабачылі, усе эфэкты ад ПВТ — гэта проста рост тратаў грошай айцішнікамі ўнутры Беларусі.

«Псыхалягічна хочацца, як у “​Залатым ключыку”​ — Поле цудаў, і само ўсё здарыцца»

— А чаму Лукашэнка так пранікся гэтай ідэяй, што даў, па сутнасьці, карт-блянш распрацоўшчыкам дэкрэту? Зь іншага боку, Лукашэнка сказаў, што калі не атрымаецца — ён ведае, каго пакараць.

— Гэта ўсё ж адназначна карт-блянш. Бо вельмі моцны кантраст ад таго, як прымаліся любыя іншыя дэкрэты. Напрыклад, дэкрэт № 7 наконт разьняволеньня дзелавой ініцыятывы. Уся папярэднія выглядалі прыблізна так — мы вам дадзім троху больш свабоды, але за гэта павялічым вашу адказнасьць за нейкія парушэньні. Нічога падобнага не прапісана ў дэкрэце № 8.

А чаму гэта ўсё адбылося — цалкам зразумела. У сытуацыі, калі патрэбныя складаныя і непрыемныя рашэньні, каб зьмяніць эканоміку — псыхалягічна хочацца, як у «Залатым ключыку» — Поле цудаў, і само ўсё здарыцца. Гэта нейкае Wunderwaffe («Зброя-цуд», на якую спадзявалася гітлераўская Нямеччына ў канцы Другой усясьветнай вайны. — РС), калі нейкім чароўным чынам можна вырашыць усе праблемы. Гэтую надзею распрацоўшчыкі і прадавалі.

Паглядзіце, ці ёсьць у краіне нейкая лічбавая эканоміка. У нас 40 тысяч запытаў у дзень да адкрытага Нацбанкам сэрвісу крэдытных гісторый, і гэта можа заваліць гэты сэрвіс. Пра якую ІТ-краіну тут можна гаварыць?

— У сацыяльных сетках можна было заўважыць нэгатыўныя камэнтары тых ІТ-спэцыялістаў, якія працуюць у гэтай сфэры, але не працуюць у Парку высокіх тэхналёгій. Чаму дзяржава дае льготы толькі ПВТ, а ня ўсім працаўнікам гэтага сэктару? Чаму ствараецца астравок для абраных?

— Я так падазраю, што ў гэтым і ёсьць галоўны прынцып. Клясычны прыклад стварэньня «вузкага горла», пры якім пастаўлены ўмоўны вахцёр. Увесь сьвет рухаецца да дэцэнтралізацыі, а яны акурат робяць цэнтралізацыю, стварэньне штучных затораў, каб за праход праз гэтае вузкае месца можна было атрымліваць свой даход. Старажытная бізнэс-мадэль.

У нас адбываецца барацьба за прывілеі для сябе замест права для ўсіх

— Часта задаюць пытаньне: чаму нельга ўмовы, якія прапануюцца для ІТ-сфэры, распаўсюдзіць на ўсю краіну?

— У нас адбываецца барацьба за прывілеі для сябе замест права для ўсіх. Любыя льготы — гэта разьмеркавальны мэханізм. Калі зьмяншаюцца падатковыя паступленьні ў бюджэт у адным месцы — то абавязкова гэты цяжар будзе перакладзены на ўсіх астатніх. І распаўсюдзіць гэта на ўсю эканоміку проста немагчыма, бо Мінфін за галаву схопіцца, як жа запаўняць бюджэт.

— Ці дазволяць гэтыя супярэчнасьці, якія вы апісалі, рэальна ўкараніць у жыцьцё гэты дэкрэт? Бо зараз усе міністэрствы павінны выдаць процьму нарматыўных актаў, і яны з жахам думаюць, як гэта ажыцьцявіць пры цяперашняй заканадаўчай базе. Што будзе далей?

— Самы вялікі пытальнік — што будзе з той дзіркай у бясьпецы, якая прабітая гэтай крыптавалютнай сфэрай. Ёсьць вялікія рызыкі, што ўсё добрае, што закладзена ў дэкрэце, будуць перакрытае тым, што можа пачацца адмываньне брудных грошай з усяго сьвету. У сьвеце гэтаму адмываньню грошай наступаюць на пяткі паўсюль, а мы проста адчыняем яму свае брамы.

І можна проста на доўгія дзесяцігодзьдзі сапсаваць сабе рэпутацыю настолькі, што Беларусі будуць стараніцца вельмі доўга. Калі гэтую дзірку не зачыніць, то я баюся, што першае, што мы атрымаем — гэта тыя брудныя эфэкты. Калі ўдасца гэты бруд абысьці, то заяўленыя мэты распрацоўшчыкаў цалкам могуць быць дасягнутыя, бо не такія яны ўжо і амбітныя.

Сытуацыя даволі дзіўная. Рэчы, якія павінны быць прынятыя для ўсіх — яны чамусьці будуць лічыцца прававым экспэрымэнтам, хоць там нічога небясьпечнага няма. А тыя рэчы, якія на самой справе маюць процьму рызыкаў і нэгатыўных эфэктаў, укараняюцца настолькі шырока і без найменшага кантролю, што гэта проста дзіўна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG