Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваім глыбоцкім журналістам выпісалі штрафаў на 4370 рублёў за год


Тацяна Смоткіна і Зьміцер Лупач, архіўнае фота

Зьмітру Лупачу прысуджаны штраф памерам 920 рублёў (40 базавых велічыняў), Тацяне Смоткінай — памерам 575 рублёў (25 базавых велічыняў).

Судзьдзя Вячаслаў Елісеенка прызнаў абодвух журналістаў вінаватымі ў парушэньні часткі 2 артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

Падставай для адміністрацыйнай справы і разбораў у судзе сталі матэрыялы, якія выйшлі на «Радыё Рацыя» і тэлеканале «Белсат». У іх распавядалася, як мясцовы грамадзкі актывіст Кастусь Шыталь збіраў подпісы за тое, каб новы цягнік «Менск — Полацак» спыняўся на станцыі Параф’янаў. У выніку гэты прыпынак Беларуская чыгунка арганізавала, і мясцовыя жыхары засталіся задаволеныя.

Аднак незадаволенай засталася докшыцкая міліцыя, якая ініцыявала адміністрацыйную справу супраць журналістаў. Праглядзеўшы відэасюжэт на «Белсаце», міліцыянты адшукалі жыхароў мястэчка, якія выступалі са арганізацыю чыгуначнага прыпынку і казалі пра гэта на камэру.

Зьмітра Лупача аштрафавалі і за супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя», і — асобна — за сюжэт на тэлеканале «Белсат». І ён, і калега-журналістка Тацяна Смоткіна адмовіліся даваць паказаньні падчас судовага працэсу, сьведкі на суд не зьявіліся, і судзьдзя вынес пастанову пра штрафы літаральна за паўгадзіны.

Апошні «падвойны» штраф для спадара Лупача — ужо чацьвёрты, атрыманы за супрацу зь незалежным тэлеканалам «Белсат».

9 лістапада судзьдзя Глыбоцкага раённага суду пакараў журналіста штрафам у 35 базавых велічыняў (805 рублёў) за сюжэт пра вытворцаў глыбоцкай згушчанкі, 6 кастрычніка ён быў пакараны штрафам у 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за відэасюжэт пра вучэньні «Захад-2017». 20 траўня Глыбоцкі раённы суд пастанавіў аштрафаваць і Зьмітра Лупача (690 рублёў), і яго калегу Тацяну Смоткіну (575 рублёў) за сюжэты, якія таксама выходзілі амаль адначасова на сайце «Радыё Рацыя» і тэлеканале «Белсат» — пра дом у Глыбокім, які 40 год стаіць без капітальнага рамонту.

Цяпер агульная сума штрафаў, прысуджаных сёлета спадарыні Смоткінай, складае 1265 рублёў, спадар Лупач аштрафаваны агулам на 3105 рублёў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG