Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста будуць судзіць за матэрыял пра вытворцаў глыбоцкай згушчонкі


Журналісту Зьмітру Лупачу з Глыбокага ўручылі позву ў міліцыю: ён мае даць тлумачэньні наконт сюжэту «Глыбоцкую згушчонку далучылі да заводу, адкуль усе ўцякаюць», паказанага на тэлеканале Белсат.

Позву ўручыў старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц, сказаў Свабодзе спадар Лупач:

«Я мушу зьявіцца ў сераду, 18 верасьня. Зрэшты, пра справу, якую супраць мяне распачалі, я ведаў яшчэ колькі дзён таму. Знаёмыя сказалі мне, што ў міліцыю пачалі выклікаць людзей, абураных далучэньнем малочна-кансэрвавага камбінату да камбікормавага заводу. Гэтак у нас ствараюць новую інтэграваную структуру, і людзі баяцца зьмяншэньня заробкаў. Бо МКК, які выпускае славутую згушчонку, заўжды мае прыбыткі, а камбікормавы завод — наадварот. Пра гэта, уласна, і вялося ў відэасюжэце».

Справу на Зьмітра Лупача завялі паводле артыкула 22.9 КаАП («Незаконны выраб прадукцыі СМІ»). І гэта ўжо другая такая справа, распачатая на працягу двух апошніх месяцаў супраць журналіста.

Зьміцер Лупач
Зьміцер Лупач

6 кастрычніка раённы суд пакараў Лупача штрафам у 30 базавых велічынь за відэасюжэт пра вучэньні «Захад-2017». Адміністрацыйную справу тады распачаў старшы інспэктар мясцовага РАУС Сяргей Цырбан. Паводле пратаколу, правапарушэньне з боку Зьмітра Лупача ён заўважыў, «праводзячы маніторынг сеткі інтэрнэт». Старшыняваў на судовым працэсе судзьдзя Глыбоцкага райсуду Андрэй Тарасевіч.

Перад тым, у траўні 2017 году, Глыбоцкі суд прызнаў Зьмітра Лупача вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ — за відэасюжэт пра дом № 142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім, які ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў вымагае капрамонту. Судзьдзя Людміла Вашчанка наклала на Зьмітра Лупача штраф памерам 30 базавых (690 рублёў).

У ліпені 2015-га незалежны журналіст таксама быў прызнаны вінаватым паводле артыкула 22.9 КаАП, ч.2 («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак. Тады Зьмітра Лупача аштрафавалі на 25 базавых велічынь за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце Эўрарадыё.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG