Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозаўцы прапануюць усталяваць помнік заснавальніку гораду гутнікаў


Шклозавод «Нёман» пачаўся з гуты Юліўса Столе

Пэнсіянер Сяргей Скобля сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў, каб у Бярозаўцы Лідзкага раёну ўсталяваць помнік заснавальніку горада гутніку Юліўсу Столе.

Сабраць подпісы, паводле спадара Скоблі, не было ніякіх цяжкасьцяў. Прычым, як ён сам распавядае, хадзіў толькі да самых паважаных жыхароў Бярозаўкі. А падштурхнула яго да гэтай ідэі тое, што імя заснавальніка ў горадзе ніякім чынам не ўшанаванае.

«Давялося, пісаць лісты і да міністра культуры, і ў райвыканкам, але там абяцалі доўгую пэрспэктыву — толькі калі зьявяцца грошы. А калі яны зьявяцца? Таму і вырашыў з жыхарамі Бярозаўкі атрымаць дазвол, а потым самім зьбіраць сродкі на помнік», — распавядае Скобля.

Паводле аўтара ініцыятывы, найлепшае месца для ўсталяваньня помніка — побач з домам, дзе жыў заснавальнік горада (ён захаваўся).

«Я прапаноўваў старшыні гарвыканкаму прыбраць помнік Леніну, які да нашага горада ня меў ніякага дачыненьня, пераставіць яго ў іншае месца, а там усталяваць помнік заснавальніку горада», — дзеліцца Скобля. — Праўда, пакуль канкрэтна гэтае месца не абмяркоўвалася«.

Зараз Сяргей Скобля чакае адказу ад раённых уладаў на дазвол на ўсталяваньне помніка заснавальніку горада.

У Бярозаўцы жывуць крыху больш за 10 тысяч жыхароў. Пачатак паселішчу паклала першая гута (шклозавод), збудаваная ў 1898 годзе Юліўсам Столе. Ад 1900 году завод носіць назву «Нёман». Пры гуце зьявіліся і першыя жылыя будынкі. Магіла Юліўса Столе таксама знаходзіцца ў Бярозаўцы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG