Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУ Расеі ў 2014 годзе запусьціла кампанію дыскрэдытацыі ўлады Ўкраіны — The Washington Post


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Сімфэропалі падчас апэрацыі па акупацыі Крыму, 28 лютага 2014 году

Галоўнае выведнае ўпраўленьне (ГРУ) Расеі пасьля падзеяў на Майдане ў 2014 годзе запусьціла ва Ўкраіне кампанію дыскрэдытацыі новай улады, сьцьвярджае The Washington Post са спасылкай на сакрэтны даклад ГРУ.

Для гэтага была створаная значная колькасьць фэйкавых акаўнтаў у сацыяльных сетках Facebook і «УКантакце». Апэрацыя расейскай спэцслужбы, як піша газэта, папярэднічала той, якую Масква рэалізавала ў 2016 годзе ў ЗША.

Паводле выданьня, мэтай кампаніі было паўплываць на ключавых асобаў, якія прымаюць рашэньні, а таксама на «шырокую грамадзкасьць». Уладальнікі акаўнтаў павінны былі прадстаўляць простых людзей з усёй Украіны, якія расчараваліся ў пратэстах апазыцыі.

Выданьне сьцьвярджае, што для правядзеньня апэрацыі ГРУ Расеі стварыла больш за 30 украінскіх суполак у сацыяльных сетках. Апэратыўнікі пад выглядам шараговых украінскіх грамадзянаў пакідалі камэнтары, правакуючы «абурэньне прарасейскіх жыхароў Украіны».

Дэманстрантаў на Майдане ў гэтых паведамленьнях называлі «фашыстамі» і «нацыстамі». 27 лютага, пасьля захопу будынка Вярхоўнай Рады Крыму ГРУ Расеі стварыла чатыры групы, каб заахвоціць жыхароў паўвострава выступіць за аддзяленьне ад Украіны, піша газэта. Каб павялічыць папулярнасьць фэйкавых супольнасьцяў, Галоўнае выведнае ўпраўленьне купляла рэкляму ў Facebook. Такім чынам, толькі 27 лютага 2014 году былі атрыманыя каля 200 000 праглядаў, вынікае з дакладу ГРУ, на які спасылаецца The Washington Post. Адзін і той жа кантэнт публікаваўся ў розных групах некалькіх сацыяльных сетак.

У сьнежні 2013 году ў цэнтры Кіева пачаліся масавыя антыўрадавыя выступы, якія завяршыліся ўцёкамі з краіны прэзыдэнта Віктара Януковіча і зьменай улады. Расея анэксавала ўкраінскі Крым у 2014 годзе. Украіна і краіны Захаду лічаць анэксію паўвострава незаконнай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG