Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейныя «мясцовыя» дэпутаты — пра матывацыю, паўнамоцтвы і брак сродкаў


Архіўнае фота

Калі справа даходзіць да чарговых выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў Беларусі (яны адбудуцца 18 лютага 2018 году), дык нярэдка можна пачуць пытаньне: а навошта нам наагул гэтыя саветы, калі яны ўсё роўна нічога не вырашаюць? Карэспандэнты Свабоды даведаліся ў дзейных дэпутатаў мясцовых саветаў, што ім удалося і не ўдалося зрабіць у гэтым статусе.

«Дапамагаю тым, каго забываюць»

Асьвятленьне вясковых вуліц, догляд могілак і рамонт дарогі — гэта клопат дэпутаткі Бялыніцкага райсавету Галіны Семашкевіч. Яна двойчы станавілася дэпутатам і зьбірацца гэта зрабіць трэці раз — бо хоча дапамагаць людзям.

45-гадовая Галіна Семашкевіч — загадчыца крамы ў вёсцы Старасельле, што за дваццаць пяць кілямэтраў ад Бялыніч. Некалі цэнтральная сядзіба саўгасу «Іскра» цяпер занепадае. Ад саўгаснага мінулага застаўся жывёлагадоўчы комплекс. Клюб ды пошта ў вёсцы зачыненыя. Крама — адзінае месца, ля якога цепліцца грамадзкае жыцьцё паселішча.

Гаворачы пра сваё дэпутацтва, Галіна Семашкевіч акцэнтуе ўвагу на вырашэньні праблемаў вяскоўцаў, якія залежаць ад пары году.

«Увосень, — кажа яна, — трэба глядзець за асьвятленьнем вуліц. Мой абавязак — патэлефанаваць у райцэнтар і паведаміць, што не гараць ліхтары, трэба замяніць лямпачку. Калі не прыяжджаюць рамонтнікі, то нагадаць ім яшчэ раз, каб уключылі асьвятленьне», — кажа дэпутатка.

Узімку Семашкевіч пільнуе, каб дарогі чысьцілі ад сьнегу. Да аддаленых вёсак часам не праехаць, бо пра іх «забываюць». Дэпутатка просіць тады прыгнаць трактар, каб выбавіць людзей зь сьнежнага палону.

«Догляд могілак таксама на мне, — кажа дэпутатка. — У навальніцы на кладах робіцца шмат буралому. Тады званю ў лясьніцтва, прашу падмогі».

Дапамагае дэпутатка Семашкевіч выбарцам і з афармленьнем дакумэнтаў на розныя патрэбы.

«Ня ўсе ж могуць сабраць пакет даведак для афармленьня, напрыклад, дзіцячай дапамогі, — тлумачыць яна. — Мы ж убаку ад шашы, аўтобус з райцэнтра ня кожны дзень ходзіць, таму цяжка туды дабрацца. Людзі просяць нешта падвезьці ці адвезьці».

У Старасельскай акрузе два дзясяткі вёсак. Іх насельніцтва — пераважна людзі сталага веку.

Мара Галіны Семашкевіч — адрамантаваць дарогі. Дэпутатка не спадзяецца, што іх заасфальтуюць, але на падсыпку гравіем разьлічвае. Райвыканкам, кажа яна, паабяцаў дапамагчы.

«У нас жа тут жывёлагадоўчы комплекс, дык машынамі і трактарамі дарогу разьбілі. Цяпер на ўсім эканомяць, але дарогу ўсё ж адрамантуюць. Я на гэта спадзяюся», — кажа дэпутатка.

Галіны кажа, што паўнамоцтваў, якія ёсьць у дэпутата райсавету, ёй хапае.

«Я ж дэпутат двух скліканьняў, дык мяне знаюць усюды. Таму, як зь нечым зьвяртаюся, то на маю просьбу адгукаюцца. Мала хто адмаўляе», — кажа яна.

«Няма дэпутата без грамадзянскай ініцыятывы»

Раён Касьцюкоўка ў Гомелі
Раён Касьцюкоўка ў Гомелі

Уладзімер Радчанка, дэпутат Гомельскага гарсавету ў Касьцюкоўскай выбарчай акрузе № 9:

«Мне нярэдка даводзілася чуць: мясцовыя дэпутаты нічога ці амаль нічога не вырашаюць. Маўляў, сабраліся, прагаласавалі за бюджэт ці за нейкае іншае рашэньне — і разышліся. Кіруе ўсім выканаўчая ўлада, а прадстаўнічая — толькі прыдатак да яе, звычайная дэкарацыя. Я з гэтым нязгодны, бо тут шмат залежыць ад ініцыятывы, настойлівасьці самога чалавека.

Я вярнуўся ў Касьцюкоўку пасьля службы ў Менску, бо тут мая бацькаўшчына. Пасёлак, дзе жыве большасьць працаўнікоў прадпрыемства „Гомельшкло“, заставаўся адзіным у горадзе мікрараёнам, дзе якасьць пітной вады не адпавядала мікрабіялягічным і санітарна-хімічным паказьнікам. Праблема даўняя, вырашаць яе зьбіраліся па-рознаму, але да ладу не давялі.

Выбарнікі ледзь не на кожным кроку казалі: вада, вада. Абавязаўся, калі стану дэпутатам, заняцца забесьпячэньнем жыхароў пасёлку чыстай пітной вадой.

Не адразу, але за кадэнцыю ўдалося гэта зрабіць. Даводзілася бываць у кабінэтах кіраўнікоў гораду, запісвацца на прыём да старшыні аблвыканкаму — хадзіць, стукацца, пераконваць. Сэсія гарсавету ўзьнімала гэтае пытаньне, патрабуючы канкрэтных захадаў. І вось зараз прадпрыемства „Гомельводаканал“ завяршае будаўніцтва сетак водазабесьпячэньня мікрараёну „Касьцюкоўка“. Мясцовыя жыхары да Новага году атрымаюць чыстую ваду з падземных водазабораў.

Галоўны пункт сваёй перадвыбарчай праграмы я выканаў. Ня ведаю, як хто, а я лічу, што дэпутат павінен выяўляць грамадзянскую ініцыятыву, а не адседжвацца на сэсіях чатыры гады, аўтаматычна падымаючы руку „за“».

Гомельшкло
Гомельшкло

«Паўнамоцтваў у дэпутата хапае. Іншая справа, што сродкаў бракуе — гэта так. Тут ужо ініцыятыва патрэбная, дыпляматыя.

Заўважаю, што больш складана стала стасавацца з прадпрыемствамі на тэрыторыі акругі. Раней сёе-тое ў парадкаваньні Касьцюкоўкі ўдавалася зрабіць з дапамогай «Гомельшкла». Цяперашняе ж кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства і слухаць ня хоча пра нейкія камунальныя справы пасёлка. Галоўнае — вытворчасьць, а як там жывуць іхнія працаўнікі ў пасёлку — справа ўжо дзясятая».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG