Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя абвергла дадзеныя Мінпрацы пра дэфіцыт мэдыкаў


©Shutterstock

Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ў Беларусі няма «вострага дэфіцыту» мэдычных супрацоўнікаў. Паводле ж апублікаваных раней дадзеных Міністэрства працы, мэдыкаў у краіне бракуе.

Мінздароўя тлумачыць, што вакансіі дактароў і мэдсясьцёр фармуюцца на працягу каляндарнага году і зьяўляюцца натуральнай штогадовай неабходнасьцю галіны. Гэта зьвязана з дасягненьнем спэцыялістамі пэнсійнага ўзросту і іншымі дэмаграфічнымі працэсамі. Нястача папаўняецца за кошт выпускнікоў, якія накіроўваюцца на першыя працоўныя месцы.

У Мінздароўя адзначылі, што, паводле Белстату, у Беларусі працаўладкаваныя 54 453 дактары і 125 849 прадстаўнікоў мэдычнага пэрсаналу.

Па словах начальніка ўпраўленьня кадравай палітыкі, установаў адукацыі Мінздароўя Вольгі Маршалко, штогадовая натуральная неабходнасьць у лекарах складае ў сярэднім каля 2 тысяч — гэта 3,5% ад агульнай колькасьці дактароў, якія працуюць. Міністэрства працы паведамляе пра недахоп 2269 лекараў.

Паводле Мінпрацы, мэдсёстры ў краіне запатрабаваныя найбольш — 2446 вакансій. Па словах Міністэрства аховы здароўя, штогадовая натуральная неабходнасьць у мэдпэрсанале можа даходзіць да 4 тысяч чалавек — гэта 3% ад усяго мэдпэрсаналу, які працуе ў краіне.

У ведамстве падкрэсьлілі, што гэты недахоп звычайна кампэнсуецца ў поўным аб’ёме выпускнікамі мэдычных унівэрсытэтаў і каледжаў.

У камэнтары БЕЛТА начальнік упраўленьня палітыкі занятасьці Мінпрацы Алег Токун заявіў, што колькасьць вакансій для дактароў у 90 разоў перавышае лічбу зарэгістраваных беспрацоўных з такой спэцыяльнасьцю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG