Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрацы зафіксавала ў Беларусі дэфіцыт лекараў, мэдсёстраў і кіроўцаў


© Shutterstock
© Shutterstock

Аналіз попыту і прапановы па запатрабаваных у Беларусі прафэсіях паказаў, што ў краіне бракуе незанятых мэдыкаў і кіроўцаў аўтатранспарту, перадае БЕЛТА зьвесткі Міністэрства працы.

Найбольш запатрабаваныя цяпер мэдсёстры (2446 вакансіяў), дактары (2269) і кіроўцы аўто (2164). Але такіх сярод зарэгістраваных беспрацоўных мала: вакансіяў дактароў у 90 раз больш за афіцыйна беспрацоўных дактароў, вакансіяў мэдсёстраў больш у 54,4 раза, кіроўцаў — у 3 разы.

Таксама запатрабаваныя фэльчары-лябаранты (вакансіяў больш за адпаведных беспрацоўных у 371 разоў), лекары-вэтэрынары (у 126 разоў), заатэхнікі (у 30,8 раза), пэдагогі дадатковай адукацыі (у 12,1 раза), лесьнікі (у 8,8 раза), швачкі (у 8 раз), выхавальнікі дашкольнай адукацыі (4,5 раза), каменшчыкі (у 4,4 раза), бэтоншчыкі (у 4 раза) і іншыя.

Мінздароўя раней прызнавала пэўны дэфіцыт кадраў: у 2016 годзе мэдыцынскія ўстановы «ўкамплектаваныя» лекарамі толькі на 95,6% (пры тым, што колькасьць лекараў вырасла зь 2010 году — з 39,2 тысячы да 48,2 тысячы), мэдыкамі сярэдніх пасадаў — на 97%.

Беспрацоўных у 7 разоў больш за «афіцыйна беспрацоўных»

Але і колькасьць сапраўдных беспрацоўных значна перавышае колькасьць афіцыйных беспрацоўных. Лічбы пра рэальнае беспрацоўе публікуюцца дзяржавай вельмі рэдка. У лютым была названая лічба ў 260 тысяч рэальных беспрацоўных, што ў 7,365 разоў больш за 35,3 тысячы афіцыйна зарэгістраваных на той момант.

Самі афіцыйныя беспрацоўныя, паводле Мінпрацы, найбольш карыстаюцца вакансіямі зь некваліфікаванай працы: на адну вакансію прыбіральшчыка прыходзіцца 4,4 беспрацоўнага, на дворніка — 4,3, на грузчыка — 3, на падсобнага рабочага — 2,5 і гэтак далей. Вакансіяў зусім няма для 22 беспрацоўных матросаў-ратаўнікоў, 9 зьбіральнікаў крэслаў, 7 біёлягаў, 7 кантралёраў энэргазьберагальных установаў, 7 здымшчыкаў-ўкладчыкаў і гэтак далей. Бяз працы сядзяць у тым ліку 4 пашпартысты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG