Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІ-6: «Бук», які зьбіў «Боінг» у Данбасе, даставілі расейскія вайскоўцы


Ракетная ўстаноўка «Бук», зь якой у ліпені 2014 году пад Данецкам быў зьбіты «Боінг-777» малайзійскіх авіяліній, была дастаўлена ва Ўкраіну і пасьля вывезена з тэрыторыі гэтай краіны расейскімі вайскоўцамі. Пра гэта ў штогадовым дакладзе паведамляе камітэт па выведцы і бясьпецы парлямэнту Вялікабрытаніі са спасылкай на выведную службу МІ-6.

У прыватнасьці, у дакладзе прыводзіцца цытата з дакумэнтаў МІ-6 ад 2016 году. У ёй гаворыцца, што «Бук», «без усялякіх сумневаў», даставілі ва Ўкраіну і затым вывезьлі з тэрыторыі гэтай краіны расейскія вайскоўцы.

Дасьледчыкі з групы Bellingcat зьвяртаюць увагу, што ўпершыню прадстаўнікі спэцслужбаў у афіцыйных дакумэнтах наўпрост абвінавачваюць вайскоўцаў расейскай арміі ў дастаўцы ракетнай устаноўкі ва Ўкраіну. У дакумэнтах, якія публікаваліся раней, звычайна згадвалася, што «Бук» даставілі «з тэрыторыі Расеі» ці «з тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам».

Раней пра тое, што «Бук», зь якога зьбілі самалёт, быў прывезены з Расеі, паведамляла дасьледчая група Bellingcat. Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзіла Міжнародная сьледчая група, якая займаецца расьсьледаваньнем інцыдэнту.

Ушанаваньне памяці загінулых, 17 ліпеня 2017 году
Ушанаваньне памяці загінулых, 17 ліпеня 2017 году

Самалёт малайзійскіх авіяліній быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек, што знаходзяцца на борце. Міжнародная сьледчая група прыйшла да высновы, што ўзбраеньне даставілі з Расеі. Ракету выпусьцілі з зоны, падкантрольнай сэпаратыстам на ўсходзе Украіны. Афіцыйна пакуль не ўстаноўлена, ці быў напад іх ініцыятывай, ці яго каардынавалі расейскія вайскоўцы.

У 2015 годзе Нідэрлянды выступілі за стварэньне міжнароднага трыбуналу па справе аб крушэньні «Боінга». Расея заблякавала гэтую ініцыятыву ў Радзе Бясьпекі ААН, назваўшы яе «несвоечасовай і контрапрадукцыйнай». Дачыненьне да гібелі лайнэра Масква таксама адмаўляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG