Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б у 1992 міністар апрануў форму НКВД, яго б адправілі ў адстаўку не дэпутаты БНФ, а Кебіч»


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». З аўтарам гутарыць Ганна Соўсь.

Сёньня Сяргей Навумчык ня ў ролі журналіста — мы прадстаўляем ягоную кнігу «Дзевяноста другі». Летам яна выйшла ў друкаваным выглядзе, а цяпер на нашым сайце скончылася публікацыя разьдзелаў гэтай кнігі.

Сяргей, звычайна раней, калі ты ня мог прыехаць у Беларусь, у Менску адбывалася прэзэнтацыя тваёй кнігі. Чаму гэтым разам не адбылася?

— Проста пакуль адчуваю незавершанасьць цыклю. Напрыклад, калі напісаў першую кніжку пра 1991 год, дык не было ніякай праблемы з назовам — «Дзевяноста першы». Гэта год-сымбаль, год дасягненьня Незалежнасьці...

Кожная кніжка прысьвечаная нейкай ключавой падзеі ці тэме. «Дзевяноста чацьверты» — прэзыдэнцкім выбарам, «Дзевяноста пяты» — так званаму рэфэрэндуму пра «Пагоню», сьцяг і мову, ну а «Дзевяноста другі» — пра рэфэрэндум, які не адбыўся. Але 1992 год зьвязаны з 1993-м, бо гэта былі два адзіныя поўныя гады адноснай дэмакратыі. І, калі напішу «Дзевяноста трэці», можа, тады і зраблю агульную прэзэнтацыю.

— А чаму не адбыўся той рэфэрэндум ў 1992-м?

— Найперш — чаму рэфэрэндум пра датэрміновыя выбары быў патрэбны? Калі ў жніўні 1991-га прынялі незалежнасьць, мы прапанавалі правесьці парлямэнцкія выбары. Што лягічна: новая краіна-новая ўлада. Але Вярхоўны Савет, Шушкевіч і Кебіч на гэта не пайшлі. Час страчваўся.

Былая партыйная намэнклятура перацякла ў выканаўчыя структуры, было відавочна, што зьменаў ня будзе і што трэба мяняць уладу.

— Але — як яе мяняць?

— Націску вуліцы, які быў у жніўні 91-га, ужо нават у кастрычніку не было. Ужо празь месяц вулічная актыўнасьць пайшла на спад. Быў закон аб рэфэрэндуме, і мы прапанавалі легітымны шлях — правесьці рэфэрэндум пра датэрміновыя выбары. Было сабрана амаль паўмільёна подпісаў. 442 000 подпісаў здалі ў Цэнтральную выбарчую камісію. Гэта было ў пачатку 1992-га, збор ішоў цяжка, але мы сабралі больш, чым патрабаваў закон (трэба было 350 тысяч).

Наш разьлік быў правільным, зыходзілі мы з таго, што Беларусь ішла вельмі цяжкім, пакручастым шляхам, але ўсё ж ішла да больш-менш нейкай дэмакратыі, да нейкіх прававых нормаў.

— Дык што ж здарылася?

Вось уяві сабе, што ты на аўтамабілі павінна ехаць, напрыклад, зь Менску ў Віцебск. Езьдзіла зь Менску ў Віцебск за рулём?

— Не.

— Вось дарэмна. Вельмі прыгожая дарога. 260 кілямэтраў і, натуральна, усё можа здарыцца на гэтай трасе, але ясна, што ў цябе будзе запраўлены бэнзынам бак, ты ведаеш, як ехаць, як націскаць пэдалі, як трымаць стырно. Ты ведаеш, што дарога ў Віцебск ідзе на поўнач, і ў нас правабаковы рух (гэта не Ангенльшчына), ты едзеш па правай паласе, а насустрач едуць па левай паласе.

— Ясныя правілы гульні.

Так, ясныя правілы гульні. Прычым яны, ты ўпэўненая, не памяняюцца — у тым сэнсе, што рух будзе ісьці па правай паласе. Дык вось, Беларусь рухалася па пэўных правілах. Каб, скажам, міністар унутраных справаў Ягораў (між іншым, былы генэрал КДБ) начапіў форму НКВД — ні Пазьняку, ні Голубеву, ні іншым дэпутатам БНФ ня трэба было б ўздымаць пытаньне пра ягоную адстаўку, бо сам Кебіч, хутчэй за ўсё, яго б адправіў у адстаўку, бо гэта выпадала з агульнага кантэксту грамадзкіх настрояў. Вось у такім кірунку ўсё рухалася.

Дык вось, калі ты едзеш у аўтамабілі, ты ўсьведамляеш, што могуць быць нейкія аварыі на дарозе, можа быць рамонт, — але не прыляціць з Марсу касьмічны карабель і недзе пад Леплем не сядзе на шашы і не перакрые трасу. У кожным разе мізэрная імавернасьць, такая ж мізэрная і імавернасьць таго, што машына перад табой раптам разьвернеццца на 180 градусаў і па гэтай жа паласе паляціць назад, табе насустрач, у лоб.

Дык вось, Вярхоўны Савет на чале з Шушкевічам здаў назад. Шушкевіч проста даў удар у лоб. Калі б падобнае адбылося на дарозе — якая доля была б тваёй віны? Ты сябе будзеш вінаваціць? Не, ты гэтага не магла проста прадбачыць, бо прадбачыць такое сапраўды немагчыма. Тады існавалі пэўныя правілы, але гэты разварот на 180, нежаданьне Вярхоўнага Савету выконваць уласны закон... Вядома, ад намэнклятуры чакаць нечага не выпадала, але тое, як павёў сабе старшыня Вярхоўнага Савету Шушкевіч, які паўгоду не зьбіраў сэсію, — зацягнула сытуацыю, пахавала і рэфэрэндум, і выбары. Бо калі б рэфэрэндум прайшоў і выбары адбыліся ўвосень 1992 году — так, хаця тады былі настроі ўжо і не мітынговыя, але людзі на выбарчыя ўчасткі прыйшлі б. І я перакананы, што новы Вярхоўны Савет быў бы дэмакратычны. Магчыма, там не было б мяне, кагосьці іншага з дэпутатаў Апазыцыі БНФ у ВС 12-га скліканьня, але былі б іншыя — Івашкевіч, Вячорка, Хадыка, ясна, быў бы Пазьняк. БНФ павялічыў бы сваю прысутнасьць, новы парлямэнт быў бы больш дэмакратычным.

— Сяргей, я задам пытаньне, якое, напэўна, ужо задавалі табе наконт тваіх кніг. Падрастае маладое пакаленьне, і мне самой нядаўна даводзілася чуць ад людзей, якія, магчыма, нарадзіліся ў той год, які ты апісваеш у сваёй кнізе, — што, маўляў, першыя два гады Лукашэнкі былі часам рэформаў. Людзі маладыя ня ведаюць нічога пра першыя гады Лукашэнкі, ня кажучы пра тыя гады дэмакратыі пачатку 90-х, калі можна было нейкія зьмены рабіць і рухацца праводзе правілаў гульні, як кажуць. Чаму важна апісваць той пэрыяд падрабязна, дэталёва, з дакумэнтамі?

— Гэтыя два гады — 1992–1993 — ну яшчэ канец 1991-га і пачатак 1994-га, рэальна гэта нават ня тры поўныя гады, — былі, перакананы, самымі лепшымі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Гэта былі гады максымальнага росквіту Адраджэньня, хай і не ў такой ступені, як нам хацелася б, але за ўсю найноўшую гісторыю гэта было максымальна. Паглядзі, колькі выдадзена кніг, колькі было зроблена для беларусізацыі. Але таксама і ня трэба ідэалізаваць той час. Ведаеш, у 1992-м увесь Менск і ўвесь Віцебск гаварылі па-расейску. І як гэта ні парадаксальна, сёньня ў Менску можна часьцей пачуць беларускую мову, чым тады (я не бяру Дом літаратара, сядзібу БНФ, рэдакцыю газэты «Зьвязда» ці «Нашай Нівы»). Недзе ў звычайным асяродку сёньня хутчэй пачуеш, чым тады. Але затое тады было разуменьне грамадзтва, што трэба нешта мяняць, што неабходная дэмакратыя, трэба нацыянальная дзяржава, вяртаньне да каранёў.

Нават Кебіч, якога я далёка не ідэалізую, разумеў хаця б у нейкай ступені неабходнасьць беларускага кнігавыданьня і беларускіх школ, разумеў, што трэба захаваць зробленае Бураўкіным — беларускае тэлебачаньне. З аднаго боку, ужо ішоў адкат у пляне дэмакратыі, але гэтыя нацыянальныя аспэкты пакуль заставаліся. Сёньня настрой ва ўладзе зусім іншы, а беларусізацыю робяць энтузіясты-адзіночкі.

— У кнізе ты канстатуеш, што было зроблена, і распавядаеш аб праблемах, якія не далі дасягнутае разьвіць...

Так. Скажам, мала хто ведае, што на ліпень 1992-га Беларусь была вінная Расеі 40 мільярдаў рублёў, а Расея Беларусі — 120 мільярдаў. Дысбалянс на нашу карысьць у тры разы! Нядаўна прачытаў успаміны Болдзіна, былога памочніка Гарбачова, спачатку як генэральнага сакратара, а потым як прэзыдэнта, дык вось ён кажа, што толькі дзьве рэспублікі — Расея і Беларусь — датавалі іншых. Украіна забясьпечвала сама сябе, а вось Беларусь і Расея датавалі іншыя рэспублікі. І пры гэтым у тым самым 92-м атачэньне Кебіча, міністры, пракамуністычныя дэпутаты заяўлялі: «Без Расеі нам не пражыць!», «Незалежнасьць — гэта занадта цяжка». У гэтым годзе я двойчы быў у Беларусі. Менск, вядома, моцна адбудавалі, шмат буйных гандлёвых цэнтраў, рэстаранаў і падобнага. Я паглядзеў, хто валодае імі — і ўбачыў знаёмыя прозьвішчы. Валодаюць дзеці і ўнукі тагачасных віцэ-прэм’ераў, міністраў і дэпутатаў, якія пужалі, нібыта «зь незалежнасьсцю мы ня выжывем». Якраз гэтыя людзі (а не дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія ўвогуле нічога ня маюць) і скарысталіся незалежнасьцю.

— Сяргей, а калі гады, пра якія ты пішаш, ахарактэрызаваць кожны адным словам? Напрыклад, 1991 год — які гэта быў год?

Год Незалежнасьці.

— 1992?

Страты.

1994?

— Паразы.

— 1995?

— Ганьбы. Ведаеш, праз 100 гадоў тое, што былі зьмененыя сьцяг, герб, статус мовы — будзе ўспрымацца, на жаль, як тое, што народ адмовіўся ад свайго сьцяга, ад сваёй мовы.

— 1996 год, будучая кніга?

96-ты — гэта дыктатура ўжо. А кніга, можа быць, будзе больш асабістая, гэта год і нашай з Пазьняком эміграцыі.

— А 1993?

Ён быў прысьвечаны перадусім змаганьню БНФ супраць уцягваньня Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД, за якую выступалі Кебіч, старшыня парлямэнцкай камісіі бясьпекі Грыб і міністар замежных справаў Краўчанка. Трэба аддаць належнае Шушкевічу — спачатку ён быў супраць, але ў апошні дзень году, 31 сьнежня, Станіслаў Станіслававіч (яго ўсё ж такі даціснулі) падпісаў далучэньне Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД. Гэта было патрапляньне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы. Тое, што цяпер маем — восеньскія манэўры з расейцамі, праекты разьмясьціць у Беларусі вайсковыя базы ці сховішчы з расейскай тэхнікай — усё гэта рэалізацыя той дамовы. Я б сказаў, што 93-ці быў пачаткам акупацыі Беларусі. Добра, калі ты хочаш адным словам — год акупацыі.

— Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі Бібліятэкі Свабоды даступныя праз наш сайт. Сяргей, чакаем новых кніг. Ты — пасьлядоўны летапісец таго часу. Калісьці была рубрыка — «Вачыма ўдзельніка». Ты і фіксатар тых падзеяў, і адначасна ўдзельнік. У гэтым унікальнасьць тваіх кніг.

— Дзякуй, Ганна. Але спадзяюся, што я такі буду не адзін, што і іншыя мае калегі і па дэпутацкай Апазыцыі, і па Народным Фронце, напішуць таксама, бо сапраўды гэта быў вельмі значны і цікавы пэрыяд нашай гісторыі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG