Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1992, забарона рэфэрэндуму: падтрымка інтэлігенцыі і здрада дэпутатаў Дэмклюбу


Мітынг БНФ і незалежных прафсаюзаў за рэфэрэндум, 1992. Фота Ўладзімера Спапагова

З асуджэньнем рашэньня Вярхоўнага Савету выступілі практычна ўсе дэмакратычныя партыі Беларусі, а Ініцыятыўная група заявіла, што пытаньне рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах застаецца актуальным.

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Забарону рэфэрэндуму мы прагназавалі, але гэта была падзея з шэрагу тых, у якія ня хочацца верыць. Намаганьні амаль усяго году былі растаптаныя.

Атмасфэру, якая панавала ў нашым замацаваным за апазыцыяй 363-м пакоі адразу пасьля забароны рэфэрэндуму 29 кастрычніка, Зянон Пазьняк перадае дакладна:

«Мы моўчкі прыйшлі пасьля сэсіі ў нашае памяшканьне на трэцім паверсе Дому ўраду, і тут, раптам, выбух абурэньня — усіх прарвала. Амаль усе дэпутаты-фронтаўцы (прычым большая частка) пачалі крычаць, што кідаюць мандаты дэпутатаў і ня хочуць больш быць у гэтым камуністычным гадзючніку здрады і брыдоты. Ніхто нікога ня слухаў. Кожны хацеў выгаварыцца». (Архіў аўтара).

Словы пра магчымасьць складаньня дэпутацкіх паўнамоцтваў у выпадку забароны рэфэрэндуму гучалі і раней — такі варыянт намі абмяркоўваўся, а Лявон Баршчэўскі нават заявіў пра яго з трыбуны сэсіі. Але гэта былі толькі развагі ці прагнозы. Цяпер жа забарона рэфэрэндуму зрабілася рэальнасьцю, і мы адчувалі, што рэальнасьць гэтая патрабуе ад нас нейкага дзеяньня.

Ну і настрой у першыя хвіліны пасьля заканчэньня паседжаньня быў далёкі ад лагоднага.

Напэўна, такі настрой называецца блізкім да стану афэкту. Такім ён быў ва ўсялякім разе ў мяне (дый ня толькі ў мяне аднаго) — вельмі ўзбуджаны, нэрвовы. І цалкам натуральны ў той сытуацыі.

«Я нікога на той момант ня мог пераканаць, — прыгадвае Пазьняк. — Людзі далі волю пачуцьцям, не абдумаўшы, што такі зыход азначаў бы ў тых умовах поўны палітычны крах Фронту пад улюлюканьне ворагаў Беларусі. Зь вялікімі цяжкасьцямі мне ўдалося крыху суцішыць сяброў і ўгаварыць іх не сьпяшацца зь дзеяньнямі, якія мы паступова абмяркуем разам… Паступова мне ўдалося, на шчасьце, усё супакоіць, пагаварыць амаль з кожным, і нарэшце людзі вярнуліся да здаровага сэнсу, пачалі аналізаваць і стрэс скончыўся» (архіў аўтара).

Сапраўды — сыход зь Вярхоўнага Савету быў бы катастрафічнай памылкай, мы былі б імгненна пазбаўленыя ўсіх тых палітычных магчымасьцяў, якія давала знаходжаньне ў парлямэнце. Шмат што добрага нам удалося зрабіць за наступныя некалькі гадоў працы Вярхоўнага Савету — і шмат чаго кепскага, небясьпечнага для беларускай дзяржаўнасьці удалося прадухіліць.

«​... Мы застаемся легітымнай часткай гэтага Вярхоўнага Савету»​

Забарона рэфэрэндуму не выклікала масавага пратэсту — але быў пратэст актыўнай часткі грамадзтва. З асуджэньнем рашэньня Вярхоўнага Савету выступілі практычна ўсе дэмакратычныя партыі Беларусі, а Ініцыятыўная група заявіла, што пытаньне рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах застаецца актуальным.

З асуджэньнем рашэньня Вярхоўнага Савету і заклікам вярнуцца да пытаньня аб прызначэньні даты рэфэрэндуму выступілі семдзесят прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі — у тым ліку Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Сяргей Грахоўскі, Вольга Іпатава, Уладзімер Арлоў, акадэмік Радзім Гарэцкі, Валянціна Вяргей, Людміла Дучыц, Генадзь Каханоўскі, Аляксей Марачкін, Ленанід Лыч, Міхась Чарняўскі, Язэп Юхо.

Былі і пратэсты індывідуальныя, крокі, якія для нас былі важнай маральнай падтрымкай. Так, у Берасьці выкладчыца беларускай мовы Марыя Лукашук, пачуўшы рэпартаж з сэсіі, запісалася ў Народны Фронт — да гэтага толькі падтрымлівала.

Увогуле, шмат перад кім зь вядомых асобаў у тыя дні паўстаў маральны выбар. Дэпутат Апазыцыі БНФ Мікола Маркевіч на канец кастрычніка прайшоў усе стадыі прызначэньня на пасаду генэральнага консула — заставаўся подпіс Кебіча. Міколу запрасілі на гутарку і параілі ўстрымацца ад падпісаньня заявы з асуджэньнем рашэньня Вярхоўнага Савету. Выступаць з падтрымкай забароны, канешне, не прасілі, разумелі, што бессэнсоўна — але параілі не падпісваць, дзясятак спосабаў існуе, каб часова зьехаць зь Менску, урэшце, ён жыве ў Горадні, можна паехаць туды, да сям’і або ў выбарчую акругу і зрабіць так, каб не дазваніліся. Аднак Маркевіч падпісаў — разам зь іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Генэральным консулам быў прызначаны іншы.

У гэтай заяве мы пацьвердзілі, што застаемся ў жорсткай парлямэнцкай апазыцыі, застаемся «паўнамоцнымі прыхільнікамі нашых выбаршчыкаў, але ня лічым для сябе абавязковым прымаць удзел у галасаваньні ў гэтым Вярхоўным Савеце… Мы застаемся легітымнай часткай гэтага Вярхоўнага Савету, каб не дазволіць яго кіруючай большасьці бесьперашкодна парушаць правы чалавека, зьневажаць духоўныя і матэрыяльныя інтарэсы народу, дыскрэдытаваць беларускую дзяржаву, каб дамагчыся датэрміновага спыненьня яго паўнамоцтваў на аснове Закону». Мы таксама заявілі, што будзем дамагацца адмены забароны рэфэрэндуму даступнымі канстытуцыйнымі сродкамі.

Заяву падпісалі Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Галіна Сямдзянава, Сяргей Навумчык, Лявонцій Зданевіч, Генадзь Грушавы, Сяргей Антончык, Уладзімер Заблоцкі, Юрась Беленькі, Леанід Тарасенка, Сяргей Папкоў, Яўген Новікаў, Ігар Гермянчук, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Павал Холад, Алесь Шут, Віктар Какоўка, Мікалай Аксаміт, Яўген Глушкевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Станіслаў Бабачонак, Мікола Маркевіч, Аляксандар Паруль, Ігар Пырх, Віктар Малашка, Віктар Алампіеў, Міхаіл Мацюшонак, Сяргей Слабчанка.

З гэтага пераліку дырэктар саўгасу «Дабраволец» Міхаіл Мацюшонак не ўваходзіў у Апазыцыю БНФ, але палічыў патрэбным паставіць подпіс.

«​Дэмакраты без нацыянальнай ідэі — гэта хісткія людзі»​

А вось дэпутаты Дэмклюбу, якія часам падтрымлівалі нас у нейкіх ініцыятывах — не далучыліся.

«Што найбольш уразіла — гэта здрада Дэмклюбу і так званых дэмакратаў, — прыгадвае Пазьняк. — Усе яны пад дыктоўку камуністаў прагаласавалі супраць рэфэрэндуму. На табло высьвецілася толькі 35 галасоў «за» (гэта значыць — уся Апазыцыя БНФ). «Дэмакраты» сядзелі з каменнымі тварамі, адводзілі вочы ўбок. Зрэшты, нічога дзіўнага. Ва ўсіх фармацыях дэмакраты без нацыянальнай ідэі — гэта хісткія людзі» (архіў аўтара).

Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG