Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 сьнежня: тройчы народжаны ў кашулі


Алег Дашкевіч

Каб ня трапіць у аўтазак 19 сьнежня 2010 году літаральна любому мінаку ў цэнтры Менску патрэбны быў толькі шанцунак. Мне пашанцавала тройчы.

Я йшоў на абвешчаны мітынг на пляц Каліноўскага абсалютна ўсьведамляючы, чым усё скончыцца. Унутрана я быў падрыхтаваны да брутальнага разгону. Няпэўнасьці й нават страху, як, да прыкладу, у 2006 годзе, калі Сухарэнка й іншыя ўладныя пэрсанажы трубілі з экранаў БТ пра магчымыя тэракты й здохлых пацукоў, у мяне не было. У 2006-м, ідучы на мітынг, я рэальна разьвітваўся зь сям'ёй, бо баяўся, што будзе нешта падобнае да выбуху ў менскім мэтро. Але 19 сьнежня 2010-га разьвязку я прадчуваў.

Шалёны мароз за трыццаць градусаў і неадчуваньне ног ад холаду — я памыліўся з абуткам і ногі ўмёрзьлі амаль адразу.

Калі пайшлі па праспэкце, ногі трошкі сагрэліся. Я глядзеў на вясёлыя, радасныя твары людзей і ня мог зразумець, чаго яны такія бестурботныя, бо маё напружаньне расло, я чакаў амону з кожнага завулку. І каля ГУМу, і каля КГБ, і каля Паштамту.

На пляцы Незалежнасьці ўзрушаныя масы народу, прамовы Статкевіча, Саньнікава...

Але зноў гэты пакутлівы холад, здавалася, ногі ператварыліся ў кавалкі лёду.

Урэшце, я ня вытрываў і схаваўся пагрэцца ў «Чэбурэчную» на рагу праспэкта й вуліцы Валадарскага, там грэўся шмат хто са знаёмых. Раз-пораз мы выходзілі на пляц і, убачыўшы тую ж карціну, зноў хаваліся грэцца. Стала відавочна, што мітынг прайшоў свой пік.

У спрэчках я настойваў, што будзе разгон, хоць быў ужо ня так у гэтым упэўнены.

Мы ўжо зьбіраліся йсьці дамоў, калі, выйшаўшы чарговы раз на пляц, раптам патрапілі ў самую «завіруху-мяцель-завіруху» й пагубляліся, не разьвітаўшыся.

Я глядзеў, як наперадзе абапал пляцу пабеглі чорныя каскі й ледзь не прамінуў момант, калі колца самкнулася.

Мне пашанцавала, каля Паштамту стаялі шэрагі салдацікаў тэрміновай службы, якія таксама былі ўзрушаныя тым, што адбывалася, і ня надта спрытна выконвалі каманды сваіх камандзіраў. Я йшоў скрозь іхныя шэрагі і яны расступаліся, гледзячы на ўсё зьдзіўлена-спалоханымі вачыма.

На вуліцах ужо шчыравалі шалёныя патрулі з амонаў і спэцназаў, калі на Карла Маркса каля «Кальяннай» мяне гукнуў прыяцель:

— Давай сюды, бо да дому ня дойдзем.

Дзіўная рэч, калі раптам мяняецца атмасфэра. Размораныя кальянам, каньяком і гарэлкай людзі ў «Кальяннай» пасьля пляцу Незалежнасьці ўспрымаліся як іншаплянэтнікі. Але хутка іншаплянэтнікам зрабіўся і я.

Мы выйшлі з кавярні а палове на другую ночы і паспрабавалі патрапіць на праспэкт каля МакДональдсу, але ўздоўж праспэкту стаяла міліцыя й нікога не прапускала.

— Мне ў офіс трэба, — роў угрэты прыяцель на здаравеннага рудога мянта, які стаяў у нас на дарозе. У прыяцеля й сапраўды быў офіс у доме праз праспэкт, але руды мент усё нешта бубніў пра «забаронена», пакуль ня выбухнуў такім шчырым крыкам адчаю, стомленасьці й злосьці, што мяне ажно праняло й на твар налезла ўсьмешка.

— Ды як вы задралі ўсе. Я тры ночы ня спаў, мяне сюды з Барысава прывезьлі, каб я тут тырчэў невядома чаго ўначы, а ў мяне дома жонка з ангінай і дзеці малыя. Куды ты лезеш, — крычэў мент на прыяцеля. — Хочаш у аўтазак, дык там стаяць.

Так мне пашанцавала другі раз, бо прыкладна ў гэты час, як стала вядома пазьней, з пляцу Свабоды дазабіралі да патрэбнай колькасьці затрыманых выпадковых мінакоў, якія павыходзілі з начных бараў і хмяльныя ды радасныя кіраваліся дадому.

Трэці раз пашанцавала, калі невядома адкуль у такі час на прыпынку каля Дому афіцэраў спыніўся аўтобус №100 і давёз нас да дому Віктара Івашкевіча.

Мы сядзелі разам з ужо цяжка хворым Віцем, глядзелі выпускі Euronews і разумелі, што гэты мароз, які прыпаў на дзень выбараў у сьнежні 2010 году, надоўга.

Пад раніцу, калі мы вышлі ад Віктара, пайшоў сьнег. Відаць, пад гэты белы сьнег цягнулі са шпіталя разьдзетага й непрытомнага Някляева, дапытвалі струшчанага вайсковымі ботамі Саньнікава, урываліся ў кватэру да Міхалевіча й лічыла выбарчыя бюлетэні Ярмошына.

У Маркесавым рамане «Сто гадоў самоты» на краіну Маконда абрынуўся дождж, які йшоў надта доўга.

У нас ідзе сьнег. Я пэўны, што беларускі раман таксама будзе напісаны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG