Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Генасамблею ААН перадалі праект рэзалюцыі пра Крым


Паседжаньне Генэральнай асамблеі, ілюстрацыйнае фота

Генэральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый разгледзіць 19 сьнежня ўкраінскі праект рэзалюцыі аб стане правоў чалавека ў анэксаваным Расеяй Крыме, паведамляе прадстаўніцтва Ўкраіны ў ААН на старонцы ў Twitter.

Паводле паведамленьня, праект рэзалюцыі, сярод іншага, пацьвярджае, што паміж Украінай і Расеяй існуе міжнародны збройны канфлікт; асуджае рэтраактыўнае прымяненьне Расеяй уласных законаў на акупаванай тэрыторыі, а таксама прымусовы перавод грамадзян Украіны ў расійскае грамадзянства; патрабуе ад Расеі выканаць прамежкавае рашэньне Міжнароднага суду ААН па аднаўленьні правоў і свабодаў грамадзян Украіны на паўвостраве; заклікае расейскую акупацыйную ўладу забясьпечыць адукацыйны працэс на ўкраінскай і крымскататарскай мовах.

Таксама праект асуджае адсутнасьць доступу ў Крым для маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Ўкраіне, нягледзячы на адпаведны мандат, і адзначае станоўчыя рашэньні Ўкраіны ў кантэксьце спрашчэньня працэдур для бесьперашкоднага доступу ў Крым журналістаў і праваабаронцаў.

У дакумэнце таксама зьмешчана просьба да генэральнага сакратара ААН скаардынаваць дзеяньні структур ААН, каб забясьпечыць выкананьне палажэньняў гэтай рэзалюцыі.

У Нью-Ёрку 14 лістапада на пасяджэньні Трэцяга камітэту Генэральнай Асамблеі ААН быў прыняты абноўлены праект рэзалюцыі па правах чалавека ў анэксаваным Крыме. Беларусь галасавала супраць гэтага праекту, што было ўспрынята ў Кіеве як удар у сьпіну.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка вітаў рашэньне гэтага камітэту, назваўшы яго сыгналам расейскім уладам пра міжнародную салідарнасьць у пытаньні дэакупацыі Крыму.

Летась у сьнежні прадстаўнікі Беларусі галасавалі супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме на Генасамблеі ААН, за месяц да таго — спрабавала заблякаваць прыняцьце праекту рэзалюцыі Трэцяга камітэту Генасамблеі.

XS
SM
MD
LG