Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ідзе на трэці тэрмін. У Расеі стартавала прэзыдэнцкая кампанія


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту ў Маскве. 7 кастрычніка 2017 году

18 сьнежня ў Расеі афіцыйна стартавала кампанія па выбарах прэзыдэнта краіны. Сёньня «Российская газета» апублікавала пастанову Савета Фэдэрацыі «Аб прызначэньні выбараў прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі».

Цяпер партыі і самавылучэнцы на зьездах і сходах могуць афіцыйна вылучыць кандыдатуры і падаць дакумэнты ў Цэнтральную выбарчую камісію. Для рэгістрацыі кандыдатам-самавылучэнцам неабходна сабраць подпісы 300 тысяч выбарнікаў, а тым, хто будзе вылучаны ад партый — 100 тысяч. Кандыдаты ад парлямэнцкіх партый ад збору подпісаў вызваленыя.

Таксама з панядзелка ў Цэнтрвыбаркам пачне паступаць фінансаваньне з фэдэральнага бюджэту на арганізацыю і правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў. Як паведамляе «РИА Новости», заплянаваныя бюджэтныя выдаткі на гэтыя мэты складаюць амаль 15 мільярдаў рублёў.

Паводле кіраўніцы ЦВК Элы Памфілавай, пра сваё жаданьне балятавацца заявілі ўжо 23 чалавекі. Акрамя дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, які мае намер удзельнічаць у выбарах як самавылучэнец, гэта, напрыклад, лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, заснавальнік партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі, тэлевядоўцы Ксенія Сабчак і Кацярына Гардон, бізнэсмэн Сяргей Палонскі, бізнэс-амбудсмэн Барыс Цітоў і апазыцыянэр Аляксей Навальны. Аднак улады заяўляюць, што ён ня мае права вылучацца праз абвінаваўчы прысуду ў справе «Кировлеса». Пакуль незразумела, хто будзе вылучаны кандыдатам ад КПРФ і «Справедливой России».

Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 18 сакавіка — гадавіну падпісаньня дамовы аб «далучэньні» Крыму да Расеі. Як раней пісалі СМІ, у Крамлі хочуць выкарыстоўваць гэтую тэму ў ходзе перадвыбарчай кампаніі Ўладзіміра Пуціна для павышэньня яўкі на выбарах.

XS
SM
MD
LG