Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошліну за допуск да дарожнага руху прапануюць замяніць транспартным зборам 


Аўтамабільны рух у Менску

Дзяржаўную пошліну могуць замяніць транспартным зборам, а гадавую стаўку разьбіць на месяцы. Акрамя таго, прапануецца запусьціць мэханізм матываваньня: пры аплаце за год і больш ужываць каэфіцыент 0,9.

Старшыня камісіі прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту і сувязі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Рыбакоў падчас жывога эфіру на партале sb.by сказаў, што разглядаецца прапанова не прывязваць аплату дзяржаўнай пошліны да тэхагляду, а зрабіць яе транспартным зборам і выплачваць паволе заяўнага прынцыпу:

«Сёньня найбольш пэрспэктыўны і рэвалюцыйны варыянт, які прапануе рабочая група, — не прывязваць аплату дзяржпошліны да тэхагляду. Аплата можа ажыцьцяўляцца паводле заяўнага прынцыпу. Напрыклад, калі чалавек ня езьдзіць зімой, то і ня плаціць за гэты час. Калі ён ведае, што ў красавіку будзе карыстацца машынай — ідзе і аплочвае пэўны перыяд: месяц, два ці больш».

Па словах Андрэя Рыбака, у якасьці кантролю за аплатай збору будзе задзейнічана фотафіксацыя.

Спрэчнасьць дзяржаўнай пошліны з новай сілай пачалі абмяркоўваць пасьля трагедыі, якая здарылася 2 сьнежня насупраць гандлёвага цэнтру «Замак» у Менску.

Грузавік ЗІЛ наехаў на пешаходаў, якія ішлі на зялёны сыгнал сьвятлафору — 11-гадовая дзяўчынка загінула на месцы, чатыры чалавекі трапілі ў шпіталь.

Экспэртыза пацьвердзіла словы кіроўцы: у машыны не спрацавалі тармазы. Стала вядома, што ад 2015 году аўтамабіль не праходзіў дзяржаўны тэхагляд.

Пасьля гэтага намесьнік начальніка прадпрыемства «Белтэхагляд» Уладзімер Півульскі паскардзіўся, што ледзь не палова ўладальнікаў зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў ігнаруюць патрабаваньне тэхнічнага агляду — 1 мільён 200 тысяч транспартных сродкаў з агульных 3 мільёнаў.

Экспэрты аўтагаліны перакананыя, што людзі папросту ня хочуць плаціць немалы «пабор на машыну», які спаганяецца якраз падчас праходжаньня тэхнічнага агляду.

Памер падатку вагаецца ад 3 да 25 базавых велічыняў, залежна ад масы і прыналежнасьці аўтамабіля фізычнай ці юрыдычнай асобе. У сярэднім штогод сума складае 200 рублёў. Пры гэтым уладальнікі машынаў узростам да 10 гадоў плацяць яшчэ і наперад, бо праходзяць працэдуру раз на два гады.

Закон аб дзяржаўнай пошліне на допуск аўтамабіляў да дарожнага руху Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе.

XS
SM
MD
LG