Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіла цягліц у сталым веку залежыць ад здароўя зубоў


Фізычны росквіт чалавека прыпадае на ўзрост 25 гадоў. Менавіта тады мы найбольш моцныя, хуткія і гнуткія.

Пасьля гэтага ўзросту фізычныя магчымасьці чалавека ўжо ніколі не дасягаюць ранейшых кандыцый, хаця пры дапамозе правільнага харчаваньня і пэўнага ўзроўню фізычнай актыўнасьці іх можна падтрымліваць на годным узроўні на працягу амаль усяго астатняга жыцьця.

Але ў сталым веку надыходзіць час, калі чалавек пачынае адчуваць, што пры нязьменным стане сардэчна-судзіннай ці дыхальнай сыстэм яму пачынаюць цяжка давацца паўсядзённыя справы, якія быццам бы не павінны выклікаць праблем.

Як лекарам-герыятрам нам часта даводзіцца сутыкацца з тым, што сталыя пацыенты кажуць: «Летась на сваім гародчыку я ўскапала тры градкі амаль бязь цяжкасьцяў, нават і не адпачывала, а сёлета толькі адну, бо нешта слабая стала, рукі і ногі аслаблі». Вось такі стан, калі у пажылога чалавека слабеюць мышцы, а потым зьніжаецца іх аб’ём, у нашай навуцы герыятрыі носіць назву «саркапенія».

Як вызначыць саркапенію

Кожны чалавек пасьля 65 гадоў можа самастойна вызначыць ці нармальны ў яго аб’ём мышачнай тканкі ў арганізьме. Для гэтага трэба ўзяць сантымэтровую стужку і зьмерыць у сантымэтрах дыямэтар пляча ў сярэдняй траціне, потым з атрыманай велічыні адняць 3,14 памножанае на таўшчыню складкі скуры на вонкавай паверхні пляча ў той жа сярэдняй траціне пляча (для гэтага трэба першым і другім пальцамі ўзяць скуру ў складку і максымальна адцягнуць убок).

Атрымаецца такая формула:

дыямэтар пляча ў сярэдняй траціне (см) — 3,14 х таўшчыня складкі скуры на вонкавай паверхні пляча ў сярэдняй траціне (см).

І вось калі ў жанчын гэты паказчык скаладзе меней за 19 сантымэтраў, а ў мужчын меней за 21 сантымэтар, то гэта сьведчыць аб недастатковай мышачнай масе і наяўнасьці саркапеніі.

Прычыны саркапеніі

У сталым узросьце саркапенія ўзьнікае звычайна з прычыны недастатковага харчаваньня, калі арганізм не атрымлівае дастатковай колькасьці найперш бялкоў зь мяса, рыбы, а таксама, хоць і ў меншай ступені, бялкоў малочных прадуктаў або расьлін (мы ўжо пісалі, што бялкоў шмат, напрыклад, у аўсянцы або грэчцы).

недахоп шасьці зубоў прыводзіць да такіх зьменаў у харчаваньні, што павышае верагоднасьць ішэмічнай хваробы сэрца ў восем разоў!

Як ні дзіўна, але гэты ўзроставы стан цягліц у большай ступені характэрны для вясковых жыхароў у параўнаньні з гараджанамі, што зьвязана зусім не з дэфіцытам паступленьня пажыўных рэчывааў, але са станам... зубоў.

Гэта асабліва тычыцца беларускіх вясковых раёнаў, дзе, як вядома, адна з найгалоўнейшых праблем — зубныя хваробы і высокая патрэба ў пратэзаваньні поласьці рота.

Справа ў тым, што калі ў чалавека зьніжаецца жавальная функцыя праз паталёгію зубоў, то ён часам вымушаны адмаўляцца ад некаторых прадуктаў, якія не можа нармальна перапрацаваць. Гэта выклікае недастатковае паступленьне неабходных рэчываў у цягліцы, што ў сваю чаргу прыводзіць да іх заняпаду, зьніжэньня спачатку сілы, а потым і аб’ёму.

Практычная парада

З усяго вышэйсказанага выцякае практычная рэкамэндацыя: каб захаваць дужыя мышцы ў любым узросьце трэба добра харчавацца і мець магчымасьць спажываць любы прадукт. А для гэтага спатрэбяцца здаровыя зубы ці іх своечасовае пратэзаваньне.

Для пацьвярджэньня гэтага нагадаем яшчэ адну мэдычную залежнасьць — недахоп шасьці зубоў прыводзіць да такіх зьменаў у харчаваньні (у горшы бок), што павышае верагоднасьць ішэмічнай хваробы сэрца ў восем разоў!

Так што заклікаем сачыць за зубамі ў любым узросьце, але асабліва ў сталым веку. Менавіта пасьля 65 гадоў сіла цягліц у вялікай ступені залежыць ад здароўя зубоў!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG