Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ненавідзець па-беларуску


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Што за апошнія дні прыцягнула ўвагу ў нашым «агародзе»? Што нехта заблякаваў сайт сталічнай газэты, якая выйшла з пасквілем адносна групы патрыётаў у дзень, калі справу супраць іх спынілі.

Так, не было і не магло быць ніякага гэтак званага «ўзброенага бандфармаваньня», але людзей запраторылі за краты і справу ўпарта «шылі». Таму што начальства падкінула «смажаных фактаў» з пап’е-машэ.

Канец 2017 году. А сцэнар 1937-га. Адны з трыбуны абвяшчалі, другія ў друку падпявалі. Як плод — Вялікі тэрор. Сёлета беларусам быў зноў падкінуты такі гнілы фрукт на гадавіну. І ў мяне думка: ці такія ж пачуцьці ў душах, ці такія ж думкі ў галовах, што й 80 год таму? Ясна: тады ненавідзелі па-сапраўднаму і нават многія верылі ў існаваньне «ворагаў народу». Каб прыдушыць у сабе ўласны страх: сёньня некага, заўтра — цябе.

А што сёньня? Начальства, яно верыць па-сапраўднаму, ненавідзіць? Не, ня верыць. Ненавідзіць? Ну тут пытаньне… Хутчэй за ўсё — не. Проста ўлада, яна таксама прыядаецца, гэта ўсё роўна, што гадамі есьці халву. І трэба сябе нейк «падбадзёрыць», ворагаў прыдумаць. Адсюль — крыўдныя мянушкі —«пятая калёна», «кляака».

Ну, а што рупары, пісакі? Вераць і ненавідзяць, як у 1937-м? Вельмі сумнеўна. Проста — «работа ў іх такая».

Дык значыць, градус нянавісьці не параўнаць з часамі НКВД? Думаю, што беларусам так доўга і нудна паўтараюць пра славэтную «пятую калёну», што яны перасталі верыць, і тым больш ненавідзець.

Вось толькі што ў Расеі зрабілі апытаньне грамадзкай думкі. Якія прэтэнзіі да малодшага брата — да беларуса? Што ня хочуць браткі разам зь імі ненавідзець Украіну і ўкраінцаў. Што ў нэўтралітэт гуляюць. Большаму брату сваімі мазгамі ніяк не даўмецца, што беларус ня можа атаясамліваць сябе з агрэсарам, а вось з ягонай ахвярай — нават вельмі.

Успомніце расстрэл Канавалава і Кавалёва, вінных паводле судовага рашэньня ў выбуху ў мэтро. Хвалі нянавісьці яны ня выклікалі. Наадварот, толькі з пытаньнямі народ застаўся: чаму, навошта так хутка і рэчавыя доказы зьнішчылі, і саміх фігурантаў справы? А тут тым больш — ну хто паверыць пра поўныя гаражы гранатамётаў, арматуры? Ці што вада будзе атручана пацукамі? Чаго толькі за апошнія гады не прыйшлося пачуць. Але аб гэтым жа барадатая песьня Высоцкага існуе: «А шпионы отравили все на свете, ну а хлеб теперь из рыбной чешуи…»

Народ запужаць карціць, пэрыядычна, каб трымаць у руках. Але пужацца народ перастаў. Таму што перастаў верыць. Чым больш рукі сьвярбяць жарсьці нагнятаць, тым меней вынік. 2017 год сёньня! Ня 1937-ы. Народ хочуць непрыхільным, жорсткім рабіць, а ён у адваротны бок глядзець пачынае ўсё больш. Народ лагаднее душой. І разам загартоўваецца. Перастае быць плястылінам, але начальству на ягоных вышынях ніяк ня скеміць, што прайшлі тыя часы. І што падручнік улады варты сёньня адно макулятуры, бо рэцэпты зь яго нагадваюць інструкцыі для кантралёраў андропаўскіх часоў.

Мяне заўсёды дрэнна ўражвала, што для савецкіх кантралёраў усе пасажыры ў аўтобусе — парушальнікі, зайцы. Апрыёры. Цёткі перакрываюць дзьверы сваімі тулавамі і зь непрыхільнасьцю камандуюць — паказвайце квіткі! Гэта сталінскі падыход — усе патэнцыйна вінаватыя. Ім не гаварылі: большасьць пасажыраў з квіткамі, за праезд заплацілі, зь імі трэба прынамсі нэўтральна, на выпадковых зайцаў таксама ня варта вызьвярацца, а вось з зацятымі, зразумела, — больш рашучымі неабходна быць.

Аднойчы мне не пашчасьціла: сутыкнуўся з кантралёрамі. Я працаваў год у абласной газэце. Дачка моцна захварэла, і ў мяне быў бальнічны. А загадчык (нават не майго аддзелу) папрасіў напісаць тэкст у сьвяточны нумар, адмовіць я ня мог. Устаў рана, цёмна, зіма. Ня ведаю, як малую пакінуць, стрэс! Дарога туды-назад гадзіны паўтары зойме. Сем раніцы. Іду на аўтобус, даяжджаю да рэдакцыі і раптам — кантралёры. І я пераконваюся, што ў мяне ні праязнога, ні грошай. Але ёсьць дакумэнт. І я ім паказваю, тлумачу: хворая дачка, выпадкова забыўся ўзяць гаманец, мне трэба ў рэдакцыю, запішыце дадзеныя — я заплачу штраф.

Якую радасьць, якую злацешнасьць гэта выклікала! Яны пачалі раўці на ўвесь перапоўнены аўтобус, каб усе ведалі, што ім трапіўся ў лапы карэспандэнт. «Мы цябе будзем вазіць за сабой па маршруце, а потым завязем у аўтобусным парк, а там на цябе складзем пратакол». Яны мяне ўжо арыштавалі. Цёткі-касіркі, прыбіральшчыцы, якіх «облекли властью» на час праверкі квіткоў.

Для мяне гэта сымбаль улады савецкай, сталінскай у душы, якая цудоўна сябе пачуваецца і сёньня. Ты для яе ніхто. Кожны апрыёры вінаваты. Гэта раман Кафкі ў рэчаісным жыцьці, не пад вокладкай. У іх не было кроплі чалавекалюбства. Яны ня тое, што мне ня верылі, ім было не цікава, што я гавару. Ім было не цікава прыслаць мне квіток для аплаты штрафу. Яны трыўмфавалі: інтэлігенцік трапіўся! Беспакаранасьць — самае салодкае віно. «Тры сямёркі». Тое, што яны самі маці, што ў іх дзеці хварэюць, гэта выпадала ў галовах у асадак у такія моманты.

Словам: зараз зачыняцца дзьверы і мяне павязуць яшчэ далей ад дому, дзе была хворая на вятранку малая. Абсурд! І тады я мусіў расштурхаць тушы з чырвонымі павязкамі на рукаве, каб вырвацца ў чорную зімовую раніцу. Крыўдна, што маю гумарэску ў сьвяточны нумар той чалавек не паставіў, нейкі намёк на нешта знайшоў, быў вельмі асьцярожным. Мая паездка выйшла зусім марнай.

Але непрыемная гісторыя для мяне не закончылася. Ад кантралёрак прыйшла цялега рэдактару. Ім было даручана намесьніку мяне прапясочыць. Тое, што даслалі прыбіральшчыцы з чырвонымі павязкамі, якія прыніжалі пасажыра, мела важнасьць дзяржаўнага дакумэнту. Раз прыслалі кляўзу, значыць вінаваты. Пры намесьніку рэдактара быў наш камсамольскі сакратар, які закончыў журфак хіба на пару гадоў раней за мяне. Яны сядзелі з пракурорскімі тварамі. Мне слова не давалі. Нават з фармулёвачкай «што можаш сказаць у сваё апраўданьне». Іх не цікавіла сутнасьць справы. Яны не хацелі цябе выслухаць. Яны, ведаючы цябе, маючы перад сабой, ня бачылі, яны трымалі ў галаве тых цётак-кантралёраў, якія злавілі ў аўтобусе парушальніка. Гэтым парушальнікам быў я, вінаваты з галавы да ног. Намесьніка абурала, што я паказаў пасьведчаньне, што назваўся. Лепей бы цябе вазілі за сабой і завезьлі ў аўтапарк, сказаў ён. А як жа мая хворая малая? Ён не адказаў. Чалавекалюбства яшчэ не ўзьняла галавы, Гарбачоў паявіўся ўсяго паўгода таму.

Кантралёры аўтобусныя савецкага гарту ня зьніклі як зьява, яны нейкім чынам прабраліся па кар’ернай лесьвіцы вышэй. Яны высочваюць «зайцоў» у маштабах краіны, рупары падбрэхваюць па прывычцы. Міжволі настальгічна падумаецца: дзе той Гарбачоў, Міхал Сяргеіч? Дзе ён? З перабудовай, галоснасьцю, з гістарычнай праўдай? Са сваім сьвежым ветрам перамен?

Што да маіх калег — намрэдактара з камсамольскім сакратаром, дык загаварылі пазьней па-беларуску, па чарзе. Першы мяне нават палюбіў, сына ў яго не было. Незадоўга перад тым, як памёр, сутыкнуліся на вуліцы, і ён не хацеў адпускаць, усё выказаў, што думае пра начальства, гаварыў, што слухае на дачы пастаянна Свабоду. Малады калега перайшоў у «Звязду». І таксама незадоўга да ягонай сьмерці выпадкова сустрэліся на вуліцы і паразмаўлялі па душах.

У аўтобусах таксама памянялася. Пасажыры, калі бачаць, што кантралёры па-хамску, могуць і заступіцца за выпадковага зайца. І з гэтым вымушаны лічыцца: правяраюць квіткі, можна сказаць, больш далікатна. Нарэшце. Градус нянавісьці відавочна зьменшыўся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG