Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве адмовіўся арыштоўваць Міхэіла Саакашвілі. Ён на волі


Пячэрскі раённы суд Кіева адмовіў сьледзтву ў арышце экс-прэзыдэнта Грузіі, былога кіраўніка Адэскай вобласьці Міхэіла Саакашвілі, які падазраецца ў супрацы з прадстаўнікамі папярэдняй ўлады Ўкраіны, накіраванай на дэстабілізацыю сытуацыі ў краіне.

«Што сёньня важна — тое, што мы не сьхілілі галовы. Для мяне зараз галоўнае падтрымаць людзей, падтрымаць сярэднюю клясу. Нам патрэбна кансалідацыя апазыцыі», — сказаў Міхэіл Саакашвілі пасьля абвяшчэньня рашэньня суду.

Такім чынам, суд задаволіў хадайніцтва абароны Міхэіла Саакашвілі пра ягонае вызваленьне. Пракуратура прасіла суд абраць для яго ў яксьці меры стрыманьня хатні арышт з нашэньнем электроннага бранзалета.

Міхэіла Саакашвілі затрымалі ў Кіеве вечарам 8 сьнежня на кватэры аднаго зь яго прыхільнікаў, былога галоўнага начальніка паліцыі. Палітыка абвясьцілі ў вышук пасьля таго, як 5 сьнежня яму ўдалося пазьбегнуць затрыманьня.

5 сьнежня генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што лідар партыі «Рух новых сіл» Міхэіл Саакашвілі атрымаў ад бізнэсоўца Сяргея Курчанкі, які хаваецца ў Расеі, паўмільёна даляраў на сваю дзейнасьць ва Ўкраіне. Ён прывёў запіс перахопу гутарак, што, паводле яго слоў, пацьвярджаюць гэта. Саакашвілі гэтыя абвінавачаньні абвяргае.

Супраць Міхэіла Саакашвілі распачатая крымінальная справа на падставе часткі 1 артыкулу 256 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны пра спрыяньне ўдзельнікам злачыннай арганізацыі і іх фінанасаваньне. Паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, адпаведная дзейнасьць караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў.

У нядзелю, 10 сьнежня, у Кіеве адбылася найбольш масавая за апошнія чатыры гады акцыя пратэсту, пад час якой ў тым ліку патрабавалі і «спыненьня палітычнага перасьледу» Міхэіла Саакашвілі.

«Каб ФСБ яго не забіла». Пракуратура просіць суд зьмясьціць Саакашвілі пад хатні арышт

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG