Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў справе крушэньня «Боінга» MH17 улічыць дадзеныя пра расейскага генэрала Ткачова


Генэрал-палкоўнік Мікалай Ткачоў (крайні зьлева) на прыёме ў Крамлі, 2007 год.
Генэрал-палкоўнік Мікалай Ткачоў (крайні зьлева) на прыёме ў Крамлі, 2007 год.

Сьледзтва ў справе аб крушэньні малайзійскага «Боінга» MH17 ў небе над Данбасам улічыць дадзеныя групы Bellingcat і расейскага часопісу The Insider пра расейскага генэрал-палкоўніка Мікалая Ткачова.

Інфармацыя экспэртаў прынятая да расьсьледаваньня, гаворыцца ў паведамленьні на сайце пракуратуры Нідэрляндаў.

Сьледчыя Bellingcat і The Insider паведамілі ў пятніцу, што ўстанавілі асобу чалавека, датычнага да катастрофы лайнэра. Гаворка ідзе пра вайскоўца з пазыўным «Дэльфін». Ён фігуруе ў запісах перахопленых тэлефонных размоў. У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што «Дэльфін» — гэта генэрал-палкоўнік расейскай арміі ў запасе Мікалай Ткачоў. У цяперашні час ён займае пасаду галоўнага інспэктара Цэнтральнай ваеннай акругі Мінабароны Расеі.

Сьледчыя зрабілі такую выснову пасьля параўнаньня галасу «Дэльфіна» на аўдыёзапісы з інтэрвію, якое Bellingcat і The Insider узялі ў Ткачова. Незалежную экспэртызу запісаў праводзілі два дасьледчыя інстытуты — у амэрыканскім горадзе Дэнвэр і ў Літве. Запісы тэлефонных перамоваў, на якіх гучыць голас «Дэльфіна», апублікавала Служба бясьпекі Ўкраіны неўзабаве пасьля катастрофы самалёту. Пазьней іх апублікавала Міжнародная сьледчая група. Перахопленыя гутаркі, як мяркуецца, адбыліся незадоўга да трагедыі.

Сам Ткачоў назваў «глупствам» інфармацыю пра яго дачыненьне да гібелі малайзійскага Boeing MH17. Паводле яго слоў, ён шмат гадоў жыве ў Екацерынбургу і займаецца ваенна-патрыятычным выхаваньнем дзяцей.

Ткачоў раней удзельнічаў у першай і другой чачэнскай кампаніях, узнагароджаны расейскімі ордэнамі Мужнасьці. У 2010 годзе ён быў звольнены з ваеннай службы ўказам прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Пасьля сыходу ў запас Ткачоў стаў галоўным ваенным саветнікам Мінабароны ў Сырыі, затым стаў галоўным інспэктарам Цэнтральнай ваеннай акругі. Па дадзеных сьледчых, пасьля пачатку канфлікту ва Ўкраіне Ткачоў адправіўся на падкантрольную сэпаратыстам частку Луганскай вобласьці Ўкраіны, у горад Краснадон. Сьцьвярджаецца, што там ён каардынаваў супрацоўніцтва ўзброеных сэпаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў. Сам Ткачоў настойвае, што ня мае дачыненьня да падзей на ўсходзе Ўкраіны.

Самалёт малайзійскіх авіяліній быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце. Міжнародная сьледчая група прыйшла да высновы, што самалёт зьбілі з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук». Па вэрсіі сьледзтва, узбраеньне даставілі з Расеі. Ракету выпусьцілі з зоны, падкантрольнай сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны. Аднак пакуль не ўстаноўлена, ці быў напад іх ініцыятывай або яго каардынавалі расейскія вайскоўцы. Імёны падазраваных да гэтага часу не агалошаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG